У Мінску на продаж выставілі «музычную» кватэру за 3 млн рублёў. Рыэлтар кажа, што яе ўладальнік з'ехаў за мяжу
25 красавiка 2024 у 1714037820
«Зеркало»
На вуліцы Чэхава ў Мінску - гэта ў цэнтры горада - прадаецца адрамантаваная пяціпакаёвая кватэра з мэбляй, тэхнікай, раялем, музычным абсталяваннем і нават бібліятэкай. Кошт «квадрата» кусаецца - больш за 4000 даляраў. Рыэлтары сцвярджаюць, што калісьці тут ствараліся музычныя хіты.
Жыллё размешчанае ў васьміпавярховым доме № 3 на вуліцы Чэхава, гэта ціхі жылы квартал паміж праспектам Пераможцаў і вуліцай Ціміразева. Выстаўленая на продаж пяціпакаёвая кватэра - на чацвёртым паверсе.
Агульная плошча аб'екта - больш за 230 «квадратаў», жылая - амаль 137 «квадратаў». У кватэры ёсць кабінет, тры спальні, гасцёўня. Уражваюць памеры кухні - амаль 30 м².
У кватэры таксама ёсць тры санвузлы (два з ваннай, адзін з душам) з бойлерамі і падагрэвам падлог. Таксама ёсць асобныя гардэробныя для абутку і адзення, пральня, лоджыя даўжынёй больш за шэсць метраў.
У абвестцы паведамляецца, што падчас рамонту кватэры выкарыстоўваліся «элітныя» матэрыялы і абсталяванне, у пакоях - італьянская і фінская мэбля.
У гасцёўні ёсць бібліятэка, стаіць раяль Steinway, а ў кабінеце - музычныя інструменты і абсталяванне. У цэлым інтэр'ер кватэры і элементы аздаблення сведчаць пра тое, што тут жыў блізкі да музыкі чалавек. Гэта пацвярджаецца і інфармацыяй з абвесткі: у ёй паведамляецца, што тут кампазітар ствараў музычныя хіты.
У агенцтве нерухомасці, у якое журналіст «Люстэрка» патэлефанаваў як фізасоба, не расказалі, хто ўладальнік жылля. Рыэлтар толькі адзначыў, што «гэты чалавек цяпер жыве за межамі Беларусі» і рэдка бывае на радзіме, таму кватэра яму не патрэбная, і ён вырашыў яе прадаць.
Нерухомасць прадаецца з усім, што ёсць на фота. Да кватэры таксама прыкладаецца машынамесца ў падземным гаражы. Кошт жылля - 3 037 199 рублёў, або 936 800 даляраў (13 114 рублёў, або 4045 даляраў за м²).