Хутка пасля пачатку расійскай вайны ва Украіне ў сацсетках распаўсюдзіўся спіс з 14 прыкмет фашызму, створаны філосафам Умберта Эка. Карыстальнікі звярнулі ўвагу на тое, што Расія быццам бы адпавядае большасці з гэтых прыкмет. У маі амерыканскае выданне The New York Times апублікавала артыкул вядомага гісторыка Цімаці Снайдэра, які спецыялізуецца на гісторыі Усходняй Еўропы, пад загалоўкам «Мы павінныя сказаць гэта. Расія — фашысцкая краіна». У той жа час у самой РФ прапаганда і палітыкі кажуць, што Крэмль ва Украіне таксама змагаецца з нацызмам і фашызмам. Чаму людзі, якія прытрымліваюцца супрацьлеглых поглядаў, называюць адзін аднаго фашыстамі ці нацыстамі? Што такое сапраўдны фашызм? Разбіраемся, якія існуюць погляды на тое, як вызначыць фашызм, і ці падпадаюць пад гэтае акрэсленне палітычныя рэжымы ў Беларусі і Расіі.
Ад Мусаліні да Оруэла: хто і як у свой час акрэсліваў фашызм
У англамоўнай «Вікіпедыі» тэрміну «фашызм» даецца такое азначэнне, складзенае з акрэсленняў у розных крыніцах: «Ультраправая, аўтарытарная, ультранацыяналістычная палітычная ідэалогія і рух, якія характарызуюцца наяўнасцю лідара-дыктатара, цэнтралізаванай аўтакратыі, мілітарызму, гвалтоўнага прыгнечання апазіцыі, веры ў натуральную сацыяльную іерархію, падпарадкавання індывідуальных інтарэсаў меркаванаму дабру нацыі і расы і моцнай рэгламентацыяй грамадства і эканомікі».
Аднак наяўнасць такога азначэння не завяршае спрэчкі ў навуковых колах. Дакладна вызначыць, што такое фашызм і як яго распазнаць, ужо не адзін дзясятак гадоў спрабуюць і палітолагі, і гісторыкі, і філосафы, і пісьменнікі, і нават самі прадстаўнікі фашысцкіх рухаў. Пачыналася гэтая складаная справа менавіта з саміх фашыстаў.
Італьянскі дыктатар Беніта Мусаліні сваім эсэ «Дактрына фашызму» вызначаў фашызм у першую чаргу як супрацьстаўленне лібералізму, дэмакратыі і сацыялізму. Галоўнай каштоўнасцю Мусаліні называў дзяржаву. Дзяржаўныя каштоўнасці ён ставіў вышэй за любыя чалавечыя ці духоўныя.
У той жа час навукоўцы і палітычныя дзеячы спрабавалі даць сваё азначэнне, назіраючы за развіццём фашысцкіх рухаў звонку.
Былі сярод іх аматары марксісцкіх поглядаў, напрыклад, вядомы расійскі рэвалюцыянер Леў Троцкі і балгарскі камуніст Георгій Дзімітраў. Троцкі лічыў, што фашызм — гэта заканамерны працяг жыцця капіталістычных мадэляў. На думку Троцкага, калі ўвесь фінансавы капітал канцэнтруецца ў руках буржуазіі, гэта выклікае хваляванні сярод пралетарыяту. Каб абараніцца ад народнага гневу, буржуазія мілітарызуецца — так, на яго думку, паўстаюць фашысцкія рухі. Падзяляў такія погляды і Георгій Дзімітраў, які сцвярджаў, што фашызм — гэта сама па сабе ўлада фінансавага капіталізму.
Увогуле марксісты канцэнтраваліся на апісанні эканамічнага боку таго, як функцыянуе фашызм. Ідэалогію яны амаль ігнаравалі. Да таго ж большасць з іх апісвала фашысцкія рэжымы не як нейтральныя навукоўцы, а як ворагі, якія мусяць змагацца супраць гэтай з’явы.
Развіццё марксісцкіх гіпотэз працягнулі даследчыкі сярэдзіны шасцідзясятых гадоў.
Нямецкі гісторык і філосаф Эрнст Нольтэ выдаў кнігу «Тры абліччы фашызму» ў 1963 годзе. Нольтэ падтрымліваў ідэю марксістаў пра тое, што фашызм паўстае праз крызіс буржуазных грамадстваў. Вось толькі гэты даследчык дадаваў, што ў гэтым фашызм падобны да бальшавізму, які нарадзіўся з той жа прычыны, але пайшоў іншым эвалюцыйным шляхам.
Ізраільскі палітолаг і гісторык Зэеў Штэрнхель, у адрозненне ад папярэднікаў, звярнуў увагу не толькі на сацыяльна-эканамічны бок фашысцкіх рухаў, але і на іх ідэалогію. На думку Штэрнхеля, фашызм нарадзіўся зусім не пасля Першай сусветнай вайны, а значна раней: у 1880-я гады, і быў своеасаблівай мяшанкай з нацыяналізму і сацыялізму.
Сучасны ж погляд на фашызм пачаў фармавацца ў 1970−80-я гады. Італьянскі гісторык Рэнца дэ Фелічэ сцвярджаў, што фашызм трэба разглядаць як рэвалюцыйны масавы рух, які, прыйшоўшы да ўлады, ператварыўся ў таталітарны рэжым левага стылю. Дарэчы, дэ Фелічэ лічыў, што вядомыя нам фашысцкія рэжымы занадта розныя, каб спрабаваць вызначыць нейкі «фашысцкі мінімум». Кожны выпадак трэба разглядаць індывідуальна.
Гэтая думка гісторыка раптам аказалася сугучнай з меркаваннем, якое яшчэ ў 1944 годзе выказаў пісьменнік Джордж Оруэл (аўтар знакамітай антыўтопіі «1984» і алегорыі «Ферма»): «<…> Няпроста, напрыклад, змясціць Германію і Японію ў адны рамкі, а яшчэ цяжэй з некаторымі малымі дзяржавамі, якія можна назваць фашысцкімі. Звычайна мяркуецца, напрыклад, што фашызм па сваёй сутнасці ваяўнічы, што ён квітнее ў атмасферы ваеннай істэрыі і можа вырашыць свае эканамічныя праблемы толькі шляхам падрыхтоўкі да вайны або замежных заваяванняў. Але відавочна, што гэта не так, скажам, у Партугаліі ці розных паўднёваамерыканскіх дыктатурах. Або, зноў жа, антысемітызм лічыцца адной з адметных прыкмет фашызму, але некаторыя фашысцкія рухі не зʼяўляюцца антысеміцкімі. Навуковыя спрэчкі, якія шмат гадоў запар гучаць у амерыканскіх часопісах, нават не змаглі вызначыць, ці зʼяўляецца фашызм формай капіталізму. Але тым не менш, калі мы ўжываем тэрмін „фашызм“ у дачыненні да Германіі, Японіі або Італіі Мусаліні, мы ў цэлым разумеем, што маем на ўвазе».
Тым не менш у дзевяностыя гады мінулага стагоддзя навукоўцы зноў узяліся за спробы вызначыць нейкія агульныя абавязковыя рысы ўсіх фашысцкіх рухаў і сфармаваць такі ўніверсальны «фашысцкі чэк-ліст».
Гісторык фашызму Эміліа Джэнтыле ў 1996 годзе, напрыклад, склаў такі спіс 10 рысаў фашызму:
- масавы рух, у якім удзельнічаюць прадстаўнікі ўсіх класаў грамадства;
- мэта стварыць «новага чалавека»;
- містычнае мысленне;
- таталітарызм;
- патрэба ў дысцыпліне і адданасці супольнасці;
- адзіная дзяржаўная партыя;
- паліцэйскі апарат, які рэпрэсуе нязгодных;
- вертыкаль улады з лідарам-правадыром на чале;
- дзяржаўны кантроль эканомікі;
- міф пра нацыянальную магутнасць, мэта — захапіць новыя землі.
Тым часам філосаф Умберта Эка ў папулярным цяпер эсэ «Вечны фашызм» вылучаў наступныя 14 пунктаў:
- культ традыцыі;
- адмова ад мадэрнізму;
- культ дзеяння дзеля дзеяння — Эка звязвае гэта з антыінтэлектуалізмам;
- нязгода — гэта здрада;
- ксенафобія;
- зварот да расчараванага сярэдняга класа;
- апантанасць тэорыямі змовы;
- ворагаў лічаць адначасова занадта моцнымі і занадта слабымі;
- мілітарызм;
- пагарда да слабых;
- культ смерці: сапраўдны герой мусіць загінуць дзеля вялікай ідэі;
- гераізацыя вайны;
- папулізм;
- навамоўе — выкарыстанне новых тэрмінаў, пры гэтым старым надаецца іншае значэнне.
А дзе тут пра перавагу адной нацыі над іншымі?
Уважлівы чытач, напэўна, ужо адзначыў для сябе дзве дзіўныя рэчы. Па-першае, усе пералічаныя намі тэорыі рэзка кантрастуюць адна з адной, а некаторыя і ўвогуле супярэчаць адна адной: так, напрыклад, Эка лічыў, што фашызм адмаўляецца ад мадэрнізму, а Джэнтэле — што фашысцкія рэжымы маюць мэту стварыць «новага чалавека». Па-другое, у іх няма аніякай інфармацыі пра перавагу адной нацыі над іншай, крайнюю форму ксенафобіі і знішчэнне якіх-кольвек народаў. Хаця са школы мы ведаем, што ідэя пра «арыйскую расу» і нянавіць да яўрэяў і ёсць асноўнай ідэалагічнай апорай фашызму. Рэч у тым, што ў постсавецкім дыскурсе фашызмам называецца не зусім тое, што на Захадзе.
Нацызм, або нацыянал-сацыялізм, — гэта адна з формаў фашызму, пры якой пануюць расавыя тэорыі і ксенафобія. Гітлераўская Германія на Захадзе называецца менавіта нацысцкай, тым часам як мы з дзяцінства запомнілі словазлучэнне «фашысцкая Германія».
Чаму ў савецкай навуцы для акрэслення рэжыму Гітлера ўжывалася менавіта слова «фашызм»? Ёсць меркаванне, што ў першай палове мінулага стагоддзя гэтае слова замацавалася за Германіяй, каб не палохаць савецкі народ тэрмінам «нацыянал-сацыялізм». Паколькі Савецкі Саюз пазіцыянаваў сябе менавіта як сацыялістычную дзяржаву, такія паралелі былі непатрэбныя. Праз гэтую блытаніну ва ўсім фашысцкім мы чакаем убачыць менавіта скрайнюю ксенафобію і расавыя тэорыі.
Таму фармальна прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін, калі называе ўкраінскую ўладу менавіта нацысцкай, маючы на ўвазе прыгнечанне рускіх па нацыянальнай прыкмеце, карэктна выкарыстоўвае тэрміны (хоць і ўводзіць сваю аўдыторыю ў зман па сутнасці).
Расія — фашысцкая краіна? А Беларусь?
Што да самога Пуціна, то яго цяпер называюць фашыстам як у іранічным сэнсе, так і ў самым літаральным. Ужо згаданы прафесар гісторыі Ельскага ўніверсітэта Цімаці Снайдэр даўно прасоўвае ідэю пра «фашысцкую Расію».
У серыі публікацый у The New York Times Снайдэр выкрывае «блізкіх да Крамля» актывістаў і публічных спікераў, якія адкрыта прытрымліваюцца фашысцкіх поглядаў. Акрамя таго, сам Пуцін мае сімпатыю да працаў белаэмігранцкага філосафа Івана Ільіна, погляды якога таксама могуць быць названыя фашысцкімі. Пуцін перыядычна цытуе Ільіна публічна, што Снайдэр таксама адносіць да прыкмет фашызму.
У артыкуле 2022 года гісторык
Французскі гісторык і даследчыца Расіі Марлен Ларуэль не пагаджаецца са Снайдэрам. У прыватнаці, яшчэ ў артыкуле 2018 года Ларуэль выказвала думку, што Снайдэр перабольшвае ўплыў філасофіі Ільіна на палітыку Пуціна.
Не пагаджаецца са Снайдэрам і нямецкі палітолаг Андрэас Умланд. Умланд лічыць, што расійскі рэжым сапраўды мае некаторыя фашысцкія рысы, але РФ фашысцкай дзяржавай не з’яўляецца. У расійскім грамадстве няма рэвалюцыйнага настрою, мабілізацыі ў імкненні да рэалізацыі нейкай новай ідэі. А менавіта гэтыя фактары Умланд лічыць ключавымі, каб назваць дзяржаву фашысцкай.
Беларускі палітолаг Андрэй Казакевіч таксама не пагаджаецца ані з Цімаці Снайдэрам, ані з класіфікацыяй самога Умберта Эка. На думку Казакевіча, асноўная праблема тут у тым, што фашызм ці нацызм імкнуліся да мадэрнізацыі, да стварэння новага грамадства і новага чалавека, супрацьпастаўляючы сябе еўрапейскаму кансерватызму. Наўрад ці палітычная сістэма Расіі, якая імкнецца захоўваць «традыцыйныя каштоўнасці», «стабільнасць» і не мяняць «коней на пераправе», можа называцца мадэрнісцкай.
З той самай прычыны і беларускі рэжым нельга назваць фашысцкім. Рэпрэсіі і імкненне дзяржавы кантраляваць усе сферы грамадскага жыцця — гэта не абавязковыя прыкметы фашызму. Такім быў і сацыялістычны савецкі рэжым, напрыклад.
«Калі дакладна выкарыстоўваць тэрміны, то ніводную сучасную еўрапейскую краіну нельга назваць ні нацысцкай, ні фашысцкай, — кажа Андрэй Казакевіч. — Вядома, па ўсім свеце існуюць рухі, якія асацыююць сябе менавіта з фашызмам, але гэта ўсё-такі маргіналы, якія не вызначаюць дзяржаўную палітыку».
Чаму менавіта слова «фашыст» выкарыстоўваецца як абраза для любых апанентаў?
Пра тое, што слова «фашызм» выкарыстоўваецца як абраза, пісаў яшчэ Джордж Оруэл у далёкім 1944 годзе: «Слова „фашызм“ амаль што не мае сэнсу. У размовах, вядома, гэтае слова выкарыстоўваецца яшчэ больш дзіка, чым у друку. Я чуў, як слова „фашызм“ ужывалі датычна фермераў, уладальнікаў крамаў, сацыяльнага крэдыту, цялесных пакаранняў, палявання на ліс, баёў быкоў, Кіплінга, Гандзі, Чан Кайшы, гомасексуальнасці, моладзевых інтэрнатаў, астралогіі, жанчын, сабак і не ведаю чаго яшчэ… Амаль любы носьбіт англійскай мовы прыняў бы слова „хуліган“ як сінонім слова „фашыст“».
Так было амаль 80 гадоў таму, але і цяпер, як лічыць Андрэй Казакевіч, фашыстамі называюць проста ўсіх, чые погляды ім не падабаюцца. Калі на Захадзе слова «фашызм» выкарыстоўваецца больш як сінонім да «таталітарнага», то ў беларускай ці расійскай прапагандзе фашыстамі ці нацыстамі называюць амаль што заўгодна.
«Нацызмам называюць любыя праявы крытычнага стаўлення да Расіі і да савецкай спадчыны, —
А мноства супрацьлеглых азначэнняў таго, што такое фашызм, ад розных аўтарытэтных даследчыкаў дае прастору для спекуляцый на гэты конт.