Стваральнікі сатырычнага канала «ЧинЧинЧенэл» пра прыгоды «правільных беларускіх чыноўнікаў» знялі «кароткаметражны містычны дэтэктыўны фільм» пад назвай «ЧинЧины пролетели кукушкой» і паказалі трэйлер. А прэм’еру абяцаюць ужо хутка выпусціць на сваім «БелГосЮтубКанале».
Фільм з сюжэтам, які «не саступае па інтрызе замежным аналагам», расказвае пра беларускіх чыноўнікаў, якія прыязджаюць у Лядскую псіхіятрычную лякарню № 1, каб наведаць таямнічую пацыентку — вядомую беларускую спявачку Алену ЖалудOk.
«І нішто не абяцала нічога нечаканага, аднак далейшыя падзеі прымусяць здзіўлена ўскінуць брыво нават спрактыкаванага кінамана», — нагнятаюць інтрыгу аўтары анонса.
Мяркуючы па сюжэце, чыноўнікі прымушаюць Алену праспяваць на праўладным канцэрце ў гонар аб’яднання дружалюбных краін, але тая адмаўляецца, таму што ў яе знік голас. Аднак уладцы не прывыклі да адмоваў…
У галоўных ролях чыноўнікаў Сяргея Мікалаевіча і Мікалая Сяргеевіча — акторы Купалаўскага тэатра Міхаіл Зуй і Дзмітрый Есяневіч. А Алена Зуй-Вайцяхоўская, выканаўца хіта «Шчучыншчына», больш вядомая як Алена ЖалудОк, — у ролі спявачкі, зняволенай у псіхлякарні. Дэкарацыямі для змрочнай установы, дарэчы, паслужылі інтэр'еры нямецкага асабняка Брэлін недалёка ад мяжы з Польшчай, дзе працуе Міжнародны цэнтр даследаванняў у галіне мастацтва.
Рэжысёр Андрэй Кашперскі і сааўтар сцэнарыя Міхаіл Зуй паабяцалі, што кароткаметражка хутка выйдзе «на ўсіх экранах краіны». І назвалі свой твор «пераможцам фестывалю „Лістапад“ у намінацыі „Прыз сузалежнай прэсы“».
Распечатано с портала ZERKALO.IO