Паводле звестак ААН, 15 лістапада 2022 года колькасць насельніцтва Зямлі дасягнула 8 мільярдаў чалавек. Пры гэтым насельніцтва планеты ў апошнія два гады расце самымі павольнымі тэмпамі з 1950 года, што звязана як з натуральнымі дэмаграфічнымі працэсамі, так і з пандэміяй COVID-19. Самыя свежыя прагнозы ААН кажуць, што такая тэндэнцыя працягнецца і ў будучыні. Да 2030 года планету будуць засяляць 8,5 мільярдаў чалавек, да 2050-га — 9,7 мільярда. Чакаецца, што да 2080 года насельніцтва Зямлі дасягне максімуму ў 10,4 млрд, але дэмаграфічная сітуацыя будзе вельмі розная па краінах і рэгіёнах. Мы вывучылі прагнозы ААН і паглядзелі, якім можа быць насельніцтва Беларусі і яе суседзяў.
Каго будзе больш
Прырост насельніцтва планеты сапраўды запавольваецца. Колькасці ў 1 млрд чалавецтва дасягнула ў 1804 годзе — на гэта ў яго пайшлі сотні тысяч гадоў. Наступныя мільярды набіраліся прыкметна хутчэй:
-
1 мільярд — 1804 год;
-
2 мільярды — 1927 год (123 гады);
-
3 мільярды — 1960 год (33 гады);
-
4 мільярды — 1974 год (14 гадоў);
-
5 мільярдаў — 1987 год (13 гадоў);
-
6 мільярдаў — 1999 год (12 гадоў);
-
7 мільярдаў — 2011 год (12 гадоў);
-
8 мільярдаў — 2022 год (11 гадоў).
Аднак наступныя мільярды, паводле свежых ацэнак дэмографаў ААН, будуць набірацца павольней:
-
9 мільярдаў — 2038 год (16 гадоў);
-
10 мільярдаў — 2059 год (21 год).
Ну, а пасля 2080 года насельніцтва планеты, дасягнуўшы ўзроўню ў 10,4 млрд, можа і зусім перастаць павялічвацца, застыўшы на гэтым узроўні як мінімум да 2100 года.
Вядома, гэта не значыць, што сцэнар у мініяцюры паўторыцца ва ўсіх рэгіёнах і краінах свету. Дзесьці, як у Афрыцы, колькасць насельніцтва будзе прырастаць апераджальнымі тэмпамі, а дзесьці, наадварот, будзе скарачацца.
Падчас падрыхтоўкі прагнозаў дэмографы выкарыстоўваюць некалькі сцэнарыяў таго, як будзе змяняцца ў свеце і яго рэгіёнах каэфіцыент фертыльнасці жанчын — то-бок сярэдняя колькасць дзяцей, народжаных жанчынай за ўсё жыццё. Паводле сцэнарыя з высокім каэфіцыентам фертыльнасці, у XXI стагоддзі рост насельніцтва планеты не спыніцца, і папуляцыя людзей дасягне 16 млрд, паводле сцэнарыя з нізкім каэфіцыентам — скароціцца да 6 млрд. Для нашага тэксту мы выкарыстоўваем дадзеныя, разлічаныя для найбольш рэалістычнага сярэдняга сцэнарыя нараджальнасці. У адпаведнасці з ім колькасць насельніцтва планеты ў 2080 годзе стабілізуецца на ўзроўні 10,4 млрд чалавек і застанецца такой да 2100 года. Значыць, насельніцтва планеты да гэтага часу вырасце на 30%.
Дэмаграфічная карціна свету ў 2100 годзе будзе вельмі моцна адрознівацца ад той, якую мы бачым цяпер. Паводле выдання World Population Prospects 2022, у якім змяшчаюцца афіцыйныя дэмаграфічныя ацэнкі і прагнозы ААН, ужо ў 2023 годзе Індыя абгоніць па колькасці жыхароў Кітай і стане самай населенай краінай свету. Гэта будзе толькі першая ластаўка значных зменаў.
Вось як за 78 гадоў, паводле ацэнак дэмографаў, зменіцца колькасць насельніцтва дзесяці самых населеных у 2022 годзе краінаў свету:
-
Кітай: 1425 млн чалавек у 2022 годзе → 771 млн у 2100 годзе (змяншэнне на 46%)
-
Індыя: 1409 млн → 1533 млн (павелічэнне на 9%)
-
ЗША: 336 млн → 394 млн (павелічэнне на 17%)
-
Інданезія: 280 млн → 297 млн (павелічэнне на 6%)
-
Пакістан: 227 млн → 487 млн (павелічэнне на 114%)
-
Бразілія: 218 млн → 185 млн (змяншэнне на 15%)
-
Нігерыя: 216 млн → 545 млн (павелічэнне на 152%)
-
Бангладэш: 179 млн → 176 млн (змяншэнне на 2%)
-
Расія: 147 млн → 112 млн (змяншэнне на 24%)
-
Мексіка: 128 млн чалавек → 116 млн (змяншэнне на 9%).
Цяпер самы населены ў свеце Кітай пераўзыходзіць ЗША па колькасці жыхароў у чатыры разы. Але да канца стагоддзя колькасць кітайцаў, паводле прагнозаў, скароціцца практычна ўдвая, а ўзрослае насельніцтва Штатаў будзе саступаць кітайскаму ўжо менш чым у два разы. Найбольшы прырост колькасці жыхароў сярод краін першай дзясяткі пакажуць Пакістан і Нігерыя з больш чым двухразовым павелічэннем насельніцтва.
Але ў астатнім свеце знойдуцца і больш уражлівыя прыклады росту — напрыклад, Нігер, насельніцтва якога з 25 млн у 2022 годзе, паводле прагнозаў, вырасце да 166 млн у 2100 (рост на 564%). Гэтая краіна ўвойдзе ў першую дзясятку краін з насельніцтвам, большым, чым насельніцтва Расіі ці Мексікі. Таксама ў топ-10 трапіць Эфіопія, якую цяпер засяляюць 122 млн чалавек. Дэмографы чакаюць, што ў 2100 годзе ў гэтай краіне будзе 323 млн жыхароў (плюс 165%).
Што будзе з Беларуссю?
Найлепшыя часы Беларусі з пункту гледжання дэмаграфіі ўжо ў мінулым. Згодна з дадзенымі ААН, максімальнай колькасці — 10,48 млн — насельніцтва нашай краіны дасягала ў 1993 годзе. З 1994 года, калі прэзідэнцкія выбары выйграў Аляксандр Лукашэнка, яно амаль бесперапынна скарачаецца, акрамя непрацяглага перыяду ў 2014−2017 гадах. Адбываецца гэта насуперак пажаданням палітыка, які ў 2008 годзе прагназаваў, што да 2018 года ў Беларусі будзе жыць 13 мільёнаў чалавек, і пазначыў планку на будучыню ў 25−30 мільёнаў. У 2018 годзе Лукашэнка скарэктаваў дэмаграфічныя планы дзяржавы, сфармуляваўшы іх такім чынам: «Беларусь можа пракарміць 20 мільёнаў чалавек. А самая галоўная наша задача, якую не мы, дык нашыя дзеці мусяць вырашыць, — 15 мільёнаў насельніцтва. Гэта эканамічная бяспека нашай краіны, моц нашай дзяржавы, а яна заўсёды ў людзях».
Падобна да таго, што словы Лукашэнкі пра людзей як крыніцу моцы дзяржавы даволі моцна разыходзяцца са справай. Ужо ў 2005 годзе насельніцтва Беларусі налічвала менш за 10 мільёнаў, а па стане на 1 студзеня 2022 года, паводле афіцыйных дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, ацэньвалася ў 9 255 524 чалавекі. Калі гэтыя дадзеныя дакладныя, выходзіць, што за апошнія 27 гадоў насельніцтва краіны зменшылася на 1,23 млн чалавек.
Пры гэтым, паводле дадзеных ААН за ліпень 2022 года, колькасць насельніцтва Беларусі мусіла складаць 9,55 млн чалавек — на 300 тысяч больш. Менавіта гэтая лічба стала базавай для разлікаў дэмографаў, лічбы з якіх прыведзеныя ніжэй (то-бок у рэальнасці сітуацыя пры яе цяперашнім развіцці можа быць яшчэ горшай, чым кажуць прагнозы).
Негатыўная дэмаграфічная тэндэнцыя, якая з’явілася ў Беларусі, знайшла адлюстраванне ў прагнозах ААН на будучыню. Згодна з імі, у 2050 годзе ў Беларусі будзе жыць 8,43 млн чалавек, а да 2100 года насельніцтва краіны скароціцца да 6,48 млн. Такім чынам, насельніцтва Беларусі зменшыцца яшчэ на 32%.
Зразумела, гэты «прысуд» не канчатковы. Дадзеныя ААН грунтуюцца на ацэнцы наяўнай дэмаграфічнай сітуацыі і яе экстрапаляцыі ў будучыню. Гэта ні ў якім разе не адназначны «дыягназ» — але і не беспадстаўная варажба. Навуковы дэмаграфічны прагноз на будучыню патрэбны не ў будучыні, а цяпер. Ён падказвае дзяржавам і іх урадам, куды прывядзе абраная імі дэмаграфічная палітыка ў аддаленай будучыні, дазваляючы скарэктаваць яе ў выпадку неабходнасці.
Сур’ёзныя палітычныя, эканамічныя і сацыяльныя змены могуць унесці карэктывы ў дынаміку змянення колькасці беларусаў. Але пры захаванні цяперашняй сітуацыі дэмографы бачаць найбольш рэалістычным менавіта такі варыянт.
А што там у суседзяў? Прыкладна тое самае
Для суседзяў Беларусі дэмаграфічны прагноз на 2100 год выглядае так.
Колькасць насельніцтва Украіны ў канцы 2022 года даследчыкі з ААН ацэньваюць у 36,07 млн чалавек. З гэтага ўжо вылічаныя больш за 6 млн уцекачоў, якія пакінулі краіну пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання (на пачатак года колькасць жыхароў Украіны ацэньвалася ў 43,3 млн чалавек) — можна меркаваць, што значная іх частка вернецца ў свае дамы пасля вайны. Да 2100 года насельніцтва краіны можа скараціцца да 20,52 млн чалавек — то-бок зменшыцца на 43%.
У Польшчы з 38,23 млн чалавек у пачатку 2022 года да 2100 года можа застацца ўсяго 23,17 млн, што адпавядае змяншэнню на 39%.
Насельніцтва Латвіі можа скараціцца з 1,86 млн да 0,96 млн — гэта мінус 48%.
У Літве, паводле звестак ААН, сёння жыве 2,77 млн чалавек, а ў 2100 годзе, магчыма, будзе жыць 1,51 млн — значыць, яе насельніцтва зменшыцца на 45%.
Насельніцтва Расіі, як адзначалася вышэй, можа скараціцца на 24% — са 147 млн да 112 млн чалавек.
Цікава, што далёка не ва ўсіх еўрапейскіх краінах дэмографы ААН чакаюць такога радыкальнага зніжэння колькасці насельніцтва, як у Беларусі і яе суседзяў. Для прыкладу мы адабралі некалькі дзяржаваў з колькасцю насельніцтва, падобнай да беларускай.
У Швецыі насельніцтва з 10,52 млн чалавек можа вырасці да 13,18 млн — то-бок павялічыцца на 25%.
Швейцарыя, у якой пакуль жыве менш людзей, чым у Беларусі (8,71 млн чалавек), ужо хутка нас абгоніць. Дэмографы чакаюць, што ў 2100 годзе ў гэтай краіне будуць жыць 10,43 млн чалавек — у паўтара разу больш, чым можа жыць у той самы час у Беларусі. Прырост насельніцтва Швейцарыі складзе ў такім выпадку 20%.
Замест 10,5 млн цяперашніх жыхароў Чэхіі ў 2100 годзе яе могуць засяляць 11,16 млн — на 6% больш.
Колькасць насельніцтва Бельгіі, як чакаюць дэмографы, амаль не зменіцца: 11,64 млн у 2022 годзе і 11,53 млн у 2100 (мінус 1%).