Беларускія спартоўцы заваявалі 236 медалёў на другіх Гульнях СНД: 48 залатых, 78 срэбных і 110 бронзавых. Яшчэ больш прызавых месцаў у Расіі (288), якая і выйграла медальны залік турніру.
Агулам на Гульнях СНД на п’едэстал падымаліся спартоўцы з 14 краін. А залатыя медалі заваёўвалі прадстаўнікі васьмі дзяржаваў: Расіі, Беларусі, Узбекістана, Азербайджана, Казахстана, Арменіі, Кыргызстана і Таджыкістана.
Перад турнірам прадстаўнік Мінспорту агучыў, што пераможцы Гульняў з Беларусі атрымаюць 7400 рублёў, срэбныя прызёры — 4625 рублёў, бронзавыя — 2960 рублёў.
Паведамлялася, што ў спаборніцтвах у 20 відах спорту выступіць амаль 2,5 тысячы атлетаў з 22 краін.