У апошні месяц лета беларускія музыкі актыўна выпускалі песні. Хтосьці ўжо злавіў восеньскі настрой, а хтосьці ўскочыў у апошні вагон цёплай і пазітыўнай музыкі. На нашую просьбу каманда тэлеграм-канала пра беларускую музыку «КЛІК» сабрала топ самых цікавых, на думку яго аўтараў, айчынных музычных рэлізаў гэтага жніўня.
Anastasia Rydlevskaya — Too late
Анастасія Рыдлеўская — мастачка, якая стварае ўнікальныя маскі, карціны, выдала кнігу і карты таро, а з гэтага года яшчэ і дзеліцца з намі сваёй музыкай. Яна ўсё жыццё спявала, але вельмі доўга не наважвалася запісваць песні. А цяпер рэгулярна выпускае трэкі, узровень якіх расце з дзівоснай хуткасцю.
Пасля пачатку супрацоўніцтва з музыкам Канстанцінам Фацеевым яе песні здабылі фірмовае гучанне: мноства слаёў, чароўны голас, незвычайныя гукавыя эфекты і адчуванне чагосьці вядзьмарскага.
Мэсэдж песні Too late заснаваны на страхах самой Насці: планета гіне ад рук чалавека, і хутка можа стаць запозна. У гуках цяжкага дыхання можна пачуць змучаную зямлю. А дзеля голасу з хрыпкай спявачка, як сама прызнаецца, крычала ў падушку хвілін 5, а калі пацямнела ў вачах — запісала вакал.
Макс Корж — «Передел»
Рэкамендаваць паслухаць Макса Каржа — гэта ўжо маветон?
У любым выпадку мы не маглі праігнараваць новы рэліз «Передел», які Макс выпусціў перад сваім першым за два гады канцэртам (мерапрыемства пройдзе ў Рызе). Ён не хацеў выступаць, пакуль не скончыцца вайна, але перачакаць не атрымалася. Дарэчы, слова «перачакаем» у гэтым трэку гучыць 14 разоў.
Пасля 2022 года ўсе песні Макса прысвечаныя адной тэме — вайне. І ў гэтым трэку таксама шмат горычы і болю, бо «не сосчитать уж тут в пакетах тел».
За два тыдні да рэлізу Макс задаваў пытанне сваім фанатам: як вы змудраецеся трымацца і заставацца людзьмі ў гэтым свеце? Менавіта пра гэта і новы трэк. Пакуль у свеце робіцца перадзел, як перачакаць і захаваць сябе, каб працягнуць шлях і не стаць звярамі ў новым жывёльным свеце?
NOCHY — «Месяц»
Не чакайце, што гэты трэк з першай ноты прымусіць вас дадаць яго ў плэйліст. Але калі рассмакуеце яго і дасце дабрацца да ўсіх глыбока схаваных перажыванняў, то ўжо не зможаце спыніцца. І калі вырашыце, што гэта проста сумная песня, ведайце, што ёй ёсць чым вас здзівіць. Цікавае развіццё, прыгожая гармонія, голас, што ахінае вас цалкам, і прыемны тэкст — у гэтым трэку ёсць усё, каб з летняга настрою плаўна перайсці да восеньскай меланхоліі. Нездарма назва гурта NOCHY так добра спалучаецца з назвай трэка «Месяц»: гэтая песня гучыць вельмі натуральна і шчыра, а тэкст здаецца пражытым асабіста вакалісткай да апошняга слова. А ў гэтым тэксце месяц — увасабленне ўсяго самага патаемнага, што чалавек хавае ўнутры, як Месяц хавае ў цемры адзін бок ад Зямлі.
Вектар — «Мой дом»
Вектар — хіп-хоп-артыст з Мінска, які цяпер жыве ў Варшаве і, мяркуючы з яго рэлізу, шмат думае пра гэта. У дзясятыя ён рабіў дастаткова вядомы для лакальнай сцэны той самы рэп, які слухалі многія, а недалюблівалі — яшчэ больш. Цяпер жа артыст відавочна пасталеў, даведаўся пра новую этыку і захаваў любоў да беларускага хіп-хопу, і сёння яго музыка гучыць сучасна, пры гэтым злучае настрой хіп-хопу нулявых, гітарныя рыфы лёгкага року і беларускую мову.
«Мой дом» — песня-настальгія, якая расказвае пра час, што ўжо не вернецца. Дарога дадому нядзельнай раніцай пасля тусоўкі, першыя прамяні сонца, Мінск, які толькі прачынаецца. Гэта песня пра дом і яго страту, але Вектар робіць такую беларускую музыку, якая прымушае ўсміхнуцца і не страчваць надзеі.
Leibonik — Slimak
Для некаторых Leibonik з іх мінулым рэлізам Emigrant Song — гэта адкрыццё года, але знаўцы ведаюць гурт ужо даўно. Гэта вельмі самабытная музыка, надзіва наіўная, прыемная і часта бесклапотная. У песнях лідар гурта Сяргей Башлыкевіч лёгка і іранічна спявае пра сур’ёзнае і нават траўматычнае. Slimak цікава ўплывае на настрой — як сіроп ад кашлю: здаецца, ты хварэеш, а здаецца, і салодка.
Гэта другая песня з альбома-хронікі апошніх двух гадоў, які выйдзе зусім хутка. «Slimak — ледзь не адзіная песня ў альбоме, ад якой мне не балюча», — піша пра рэліз артыст. І горда заяўляе, што менавіта для гэтай песні напісаў адзін з найлепшых сваіх тэкстаў. І не паспрачаешся, вельмі натхняе: «Без нічога голым поўзаць — харашэчна, божа!»
Найлепшыя рэлізы 2023 года паводле версіі «КЛІК»
Ніжэй — плэйліст, у якім аўтары «КЛІК» збіраюць найлепшыя, на іх думку, рэлізы беларускай музыкі за год. У яго штомесяц дадаюцца навінкі.
Чытайце таксама


