Жорсткі напад ХАМАС на Ізраіль забраў пільную ўвагу многіх беларусаў. На першы погляд гэта можа падацца дзіўным — бо перапіс насельніцтва 2019 года зафіксаваў у нашай краіне толькі 13 705 габрэяў (усяго 0,15% ад агульнай колькасці насельніцтва). Але некалькі стагоддзяў суседства пакінулі глыбокі след у адносінах беларускага і габрэйскага народаў, паміж якімі існуюць нябачныя, але вельмі трывалыя гістарычныя і культурныя повязі. Расказваем, калі габрэі з’явіліся ў Беларусі, як нашая краіна стала для сотняў тысяч прадстаўнікоў гэтага народа домам, а адна з іх моваў нават была тут афіцыйнай.
Калі і адкуль у Беларусі з’явіліся габрэі?
Значную частку сваёй гісторыі абсалютная большасць габрэяў была адарваная ад сваёй гістарычнай радзімы — Ізраіля. Рассейванне габрэяў па свеце пачалося яшчэ пасля падзення Ізраільскага царства ў канцы VIII стагоддзя да нашай эры, узмацнілася ў перыяд антычнасці і выйшла на максімум пасля арабскага заваявання і крыжовых паходаў у сярэднія вякі. Да пачатку XVI стагоддзя, калі тэрыторыю цяперашняга Ізраіля адбіла ў егіпцян-мамелюкоў Асманская імперыя (папярэдніца сучаснай Турцыі), тут жыло ўсяго 5 тысяч габрэяў — прыкладна 1,7% ад 300-тысячнага насельніцтва рэгіёна.
На той час пераважная большасць габрэяў ужо стагоддзямі жыла ў дыяспарах (грэцкае слова διασπορά і перакладаецца як «рассейванне»). Такое адасобленае адно ад аднаго пражыванне прывяло да таго, што сярод габрэяў з’явілася некалькі этнічных груп. Габрэі-сефарды пасяліліся ў Іспаніі і Партугаліі, а пасля выгняння адтуль у 1492 годзе рассяліліся па паўднёвым і ўсходнім Міжземнамор'і. Пад агульнай назвай мізрахім вядомыя габрэі ўсходніх краін (Ірака, Ірана, Цэнтральнай Азіі).
Трэцяя буйная група — гэта габрэі-ашкеназі, якія пасяліліся спачатку ў Германіі, а потым шырока рассяліліся па Цэнтральнай і Усходняй Еўропе. У свой час бытавала гіпотэза пра тое, што этнагенез ашкеназі цесна звязаны з хазарамі — буйным гістарычным ўсходнееўрапейскім народам, які ў раннім Сярэднявеччы прыняў іўдаізм. Аднак генетычныя даследаванні абверглі гэтае дапушчэнне: ашкеназі аказаліся менавіта габрэямі, а не культурна трансфармаванымі хазарамі.
Да ашкеназі адносяцца і беларускія габрэі — адна з самых старажытных этнічных меншасцяў на тэрыторыі нашай краіны. Габрэйская электронная энцыклапедыя сцвярджае, што габрэі маглі з’явіцца ў Беларусі (у прыватнасці, у Горадні) яшчэ ў канцы XII стагоддзя. У любым выпадку ў канцы XIV стагоддзя габрэяў-ашкеназі на беларускіх землях было ўжо даволі шмат, што прымусіла ўлады юрыдычна аформіць умовы іх пражывання тут.
24 чэрвеня 1388 года князь Гарадзенскі і Троцкі Вітаўт (з 1392 года — вялікі князь літоўскі) выдаў берасцейскім габрэям прывілей. Гэты дакумент замацаваў для іх недатыкальнасць асобы, свабоду веравызнання і набажэнстваў. Забаранялася вінаваціць габрэяў у выдуманай практыцы выкарыстання крыві хрысціян з рытуальнымі мэтамі. Таксама габрэям дазвалялася набываць рухомую і нерухомую маёмасць. Па многіх юрыдычных пунктах габрэйскае насельніцтва прыраўноўвалася да дваранскага саслоўя — напрыклад, забойства габрэя каралася гэтак жа, як і забойства шляхціца. У 1389 годзе свой прывілей атрымалі і габрэі Горадні: гэты дакумент вызваліў іх сінагогу і могілкі ад падаткаў.
Чаму габрэяў у Беларусі было шмат?
Беларускі філосаф Андрэй Шуман называе прывілеі Вітаўта самымі талерантнымі сярод усіх юрыдычных дакументаў, выдадзеных габрэйскаму народу ў Еўропе ў XIV стагоддзі. Менавіта ў Вялікім Княстве Літоўскім ім гарантавалася больш правоў і свабодаў, чым у любой іншай еўрапейскай краіне таго часу. Зразумела, Вітаўт тым самым клапаціўся і пра дзяржаўныя інтарэсы. Робячы краіну прывабнай для габрэяў, ён спрабаваў павялічыць і ўзмацніць на той момант яшчэ нешматлікае гандлёвае саслоўе ВКЛ.
Прывілеі Вітаўта стварылі гістарычны прэцэдэнт, пасля якога законы ВКЛ вылучаліся асаблівай талерантнасцю што да габрэйскага насельніцтва і нават надзялялі іх прывілеяваным статусам. Статут ВКЛ 1588 года (раздзел 12, артыкул 7), напрыклад, прадугледжваў, што калі габрэй ці жанчына-габрэйка вырашалі прыняць хрысціянства, яны самі і іх нашчадкі аўтаматычна станавіліся шляхтай.

З часоў Вітаўта габрэі беларускіх гарадоў атрымалі і органы самакіравання — кагалы, якія займаліся адміністрацыйнымі пытаннямі і зборам падаткаў. З таго часу слова «кагалам» прапісалася ў беларускай мове, дзе азначае «разам», «сумесна». Габрэйскае самакіраванне існавала на тэрыторыі Беларусі і ў эпоху ВКЛ, і ў перыяд Рэчы Паспалітай. Толькі ў 1844 годзе яго ліквідавалі ўлады Расійскай імперыі — пасля чаго прадстаўнікі гэтага народа пачалі аб’ядноўвацца ў габрэйскія таварыствы на чале са старастамі.
Вядома, узаемаадносіны габрэяў з мясцовым насельніцтвам і ўладамі на беларускіх землях у Сярэднявеччы далёка не заўсёды былі ідылічнымі. Габрэям даводзілася адстойваць свае гандлёвыя правы, змагацца за права рассялення ў гарадах і за аўтаномнасць сваіх самакіраванняў. Тым не менш на фоне астатніх рэгіёнаў Еўропы ВКЛ і Польшча сапраўды выглядалі для габрэяў вельмі прывабна.
А вось далей на ўсход прабіцца ім было практычна немагчыма. Вялікія князі маскоўскія наогул не дазвалялі габрэям сяліцца ў сваёй дзяржаве, а Іван IV Грозны (кіраваў у 1547−1584 гадах) забараніў нават часовае знаходжанне габрэяў у краіне — і старанна сачыў за выкананнем забароны. У 1545 годзе ў Маскве спалілі тавары габрэйскіх купцоў, якія прыехалі з ВКЛ. Калі ў 1550 годзе вялікі князь літоўскі і кароль польскі Жыгімонт II Аўгуст нагадаў свайму калегу-манарху пра тое, што яго папярэднікі свабодна пускалі ў Маскву ўсіх купцоў — і хрысціян, і габрэяў, — Грозны адказаў: «Жиды <…> людей от крестьянства [то-бок хрысціянства] отводили и отравныя зелья в наше государство привозили. <…> И ты бы, брат наш, вперед о жидах нам не писал!»
Гэты пячорны антысемітызм прыходзіў і на беларускія землі падчас шматлікіх войнаў паміж Маскоўскім царствам і ВКЛ (пазней — Рэччу Паспалітай). Так, падчас Лівонскай вайны (1558−1583 гады, акурат у перыяд кіравання Івана Грознага) маскоўскія войскі часова захапілі некалькі беларускіх гарадоў. Іх габрэйскіх жыхароў, якія адмовіліся прыняць хрышчэнне, палілі жыўцом, вешалі, і тапілі разам з дзецьмі. У прыватнасці, у 1563 годзе пасля заняцця Полацка захопнікі ўтапілі 300 габрэяў-палачан. Тых жа, што пагадзіліся хрысціцца, забіралі ў рабства.
У 1655 годзе пасля захопу Магілёва маскоўскі военачальнік загадаў габрэям, якія адмовіліся хрысціцца, пакінуць горад. Ім нават паабяцалі даць праваднікоў на незахоплены бок — але пасля выхаду за гарадскія сцены магілёўскіх габрэяў абрабавалі і вераломна перабілі маскоўскія стральцы і казакі. Са Смаленска, захопленага Маскоўскай дзяржавай у 1654 годзе, габрэяў выгналі, а тых, хто застаўся, гвалтоўна хрысцілі.
На гэтым фоне Рэч Паспалітая сапраўды выглядала для габрэяў прывабна. На момант падзелаў гэтай краіны паміж Расіяй, Прусіяй і Аўстрыяй тут жылі сотні тысяч ашкеназі. Паводле падлікаў дэпутата Сейма РП ад Пінска ў 1788−1792 гадах Мацвея Бутрымовіча, у Рэчы Паспалітай жыло прыкладна 900 тысяч габрэяў — пры тым што гараджан іншых нацыянальнасцяў у краіне налічвалася ўсяго 500 тысяч, а шляхты — 720 тысяч (агульная колькасць насельніцтва федэрацыі Польшчы і ВКЛ тады складала каля 12 мільёнаў чалавек).
Многія з габрэяў успрымалі Рэч Паспалітую як і сваю дзяржаву — і былі гатовыя за яе змагацца. Калі ў 1794 годзе ўспыхнула паўстанне Тадэвуша Касцюшкі, скіраванае супраць падзелаў краіны, на баку паўстанцаў біўся Габрэйскі полк лёгкай кавалерыі пад камандаваннем ураджэнца ВКЛ, габрэя Бэрка Ёсялевіча. У гэтай частцы служыла больш за 500 габрэйскіх добраахвотнікаў, большасць з якіх загінула падчас штурму Варшавы расійскімі войскамі Аляксандра Суворава ў лістападзе 1794 года. Дарэчы, казакі гэтага палкаводца адзначыліся падчас бітвы тым, што «хапалі за ногі габрэяў, білі іх ілбамі аб сцены і вобземлю датуль, пакуль не выцякалі мазгі, а знойдзеныя ў іх грошы дзялілі паміж сабой».
Што такое рыса габрэйскай аселасці і як яна з’явілася
Пасля падзелаў Рэчы Паспалітай Расійская імперыя атрымала разам з беларускімі, літоўскімі і ўкраінскімі (а пазней і польскімі) землямі і іх габрэйскае насельніцтва. У гэтай дзяржаве габрэям давялося сутыкнуцца з паўнавартаснай дыскрымінацыяй. Каб не дапусціць рассялення габрэяў ва ўнутраныя рэгіёны дзяржавы, улады аддзялілі іх ад нядаўна захопленых земляў так званай рысай аселасці — мяжой, за якой габрэям забаранялася сяліцца і пастаянна жыць (з некаторымі выключэннямі). У сучасных тэрмінах такую практыку цалкам можна назваць апартэідам — то-бок палітыкай падзелу людзей па расавай альбо этнічнай прынцыпе. Унутры рысы аселасці апынуліся тэрыторыі плошчай 1,2 мільёна км² — у тым ліку ўся цяперашняя Беларусь.
У канцы XIX стагоддзя ў большасці гарадоў Беларусі не менш чым палова жыхароў была габрэйская. Напрыклад, у 1897 годзе ў Мінску жыло 47 652 габрэі — 52% ад усяго насельніцтва горада. Пры гэтым варта ўлічваць, што ў гарадах тады жыло значна менш людзей, чым цяпер — і агульная доля габрэйскага насельніцтва па Беларусі вагалася ад 11,8% у Віцебскай губерні да 17,28% у Гродзенскай.
Такі этнічны склад моцна ўплываў нават на аблічча беларускіх гарадоў. Калі ў сучасным двухмільённым Мінску ёсць усяго тры сінагогі, то ў пачатку XX стагоддзя ў цяперашняй сталіцы Беларусі, насельніцтва якой складала каля 100 тысяч чалавек, было 83 габрэйскія храмы (а, напрыклад, у Віцебску — 77). У будынку галоўнай (Харальнай) мінскай сінагогі па вуліцы Валадарскага цяпер знаходзіцца Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Максіма Горкага.
Беларускія гарадскія габрэі займаліся пераважна гандлем і рамёствамі. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя 90% мінскіх гандляроў і 92% рамеснікаў былі прадстаўнікамі гэтай нацыянальнасці. У Мінску ў той час працавалі габрэйскія бібліятэкі, шпіталь, вучылішча, гімназія, прагімназія, пачатковыя школы, дзве школы зубных дактароў, рэлігійныя і рамесныя вучылішчы. З ініцыятывы заможных габрэяў у горадзе былі створаныя Мінскае таварыства аматараў прыгожых мастацтваў і гарадская бібліятэка імя Аляксандра Пушкіна.
У адрозненне ад усіх іншых еўрапейскіх губерняў Расійскай імперыі, у Беларусі габрэі мелі права займацца і земляробствам. Таму беларускія габрэі тых гадоў — гэта не толькі гарадскія жыхары. У многіх вёсках яны жылі побач з сялянамі, а некаторыя вёскі цалкам засяляліся ашкеназі. Так, у 1842 годзе 40 габрэйскіх сем’яў выкупілі невялікую вёску Шчадрын (цяпер аграгарадок у Жлобінскім раёне). У пачатку XX стагоддзя тут жыло ўжо некалькі тысяч чалавек — у тым ліку больш за 90% габрэяў.
Магчымасць займацца земляробствам і жыццё ў вёсках і мястэчках збліжала габрэяў з беларусамі. Магчыма, у тым ліку і на гэтай глебе склалася традыцыя беларуска-габрэйскіх добрасуседскіх адносін. Для канца XIX — пачатку XX стагоддзя габрэйскія пагромы былі вельмі частай з’явай у Расійскай імперыі — але ў тагачаснай Беларусі іх амаль не здаралася (адно з рэдкіх выключэнняў — пагром у Оршы ў 1905 годзе). На думку даследчыкаў, беларускія сяляне проста не паддаваліся антысеміцкай агітацыі, адчуваючы штучнасць і памылковасць яе аргументаў.
Цесныя кантакты габрэяў і беларусаў знайшлі адлюстраванне ў культуры абодвух народаў. У тым ліку ў мове.
Як беларуская мова і ідыш паўплывалі адна на адну
Роднай мовай для габрэяў-ашкеназі на моманту іх прыходу на беларускія землі быў ідыш (іншыя назвы — іўры-тайч («габрэйска-нямецкі») і мамэ-лашойн («маміна мова»)). Ён сфармаваўся ў IX-XII стагоддзях на базе тагачасных нямецкіх дыялектаў — але з магутным дамешкам лексікі семіцкіх моваў — арамейскай і іўрыту, якія першыя перасяленцы прынеслі з сабой у Еўропу з Блізкага Усходу. У XIV стагоддзі ў ідышы ўжо выразна вылучаліся заходняя і ўсходняя гаворкі — на апошняй гаварылі акурат на тэрыторыі ВКЛ і Польшчы.
З пачатку XVII стагоддзя значэнне ўсходняга ідыша для ашкеназі паступова расло, і менавіта ён у XIX стагоддзі лёг у аснову літаратурнага ідыша (а заходняя гаворка пад ціскам асіміляцыі з боку нямецкага паступова знікла). Пры гэтым мова ўсходнеславянскага насельніцтва ВКЛ (папярэдніца беларускай і ўкраінскай моваў) разам з польскай зрабіла вялікі ўплыў на ўсходні ідыш. У ім ёсць шматлікія славянскія карані — babe/bobe («бабуля»), blince («блін»), dub («дуб» — пазней замянілася на больш блізкі да польскага варыянту demb), slup («слуп»), nudnik («нудны, надакучлівы чалавек»). Такія словы літаратурнага ідыша, як «тата», «бэз», «хабар», «вячэра», «жаба», «кат», «шафа», для людзей, якія ведаюць беларускую мову, перакладу не патрабуюць.
Сустрэчны рух — з ідыша ў беларускую мову — таксама, імаверна, быў актыўным і не абмяжоўваецца згаданым вышэй «кагалам». Паводле адной з версій, частка словаў з нямецкімі каранямі, якіх у беларускай мове даволі шмат, пазычаная ў яе менавіта праз ідыш. Сярод іх называюцца «цукар», «ліхтар», «вага» — аднак частка даследчыкаў аспрэчвае гэтую версію. Філолаг Аксана Ярашонак называе больш-менш праверанымі ідышызмамі ў беларускай мове словы «кахля» («кафля»), «разынкі», «труна», «хабар», а таксама словы з камерцыйнай галіны — «гандаль», «рахунак».
Праз ідыш, імаверна, у беларускую мову маглі трапіць і многія словы са старажытнагабрэйскай асновай (то-бок са старажытнай семіцкай мовы габрэяў, іўрыту). Андрэй Шуман адзначае, што беларускае слова «рух» аднакарэннае са старажытнагабрэйскім «руах» — «вецер», «рух», «дух». А беларускія словы «рахманы», «рахманасць», на яго думку, могуць узыходзіць да старажытнагабрэйскага «рахмонэс» («спачуванне»). Магчыма таксама, што беларускія словы «сварка», «сварыцца» роднасныя старажытнагабрэйскім «совар» («судзіть», «меркаваць») і «свора» («сварка»).
У якасці прыкладу ўзаемнага ўзбагачэння моваў беларусаў і габрэяў можна прывесці габрэйскую прымаўку, у якой беларуская слоўная канструкцыя перамяшалася з каранямі з ідыша: «Як рэйдэле, то рэйдэле, абы добра мейнеле» («Як сказаў, так сказаў, абы добра падумаў»).
Унёсак габрэяў у беларускае адраджэнне і ўнёсак Беларусі ў адраджэнне Ізраіля
На пачатак XX стагоддзя габрэі і беларусы жылі на адной тэрыторыі ўжо не менш за пяць стагоддзяў, і іх культуры цесна перапляліся паміж сабой. Беларускія габрэі ўспрымалі беларускую культуру як сваю і ў асноўным пазітыўна ставіліся да беларускага адраджэння, якое набірала абароты ў гэты час.
Некаторыя з іх нават далучыліся да гэтага руху — як, напрыклад, Самуіл (Шмуэль) Плаўнік, шырока вядомы як беларускі пісьменнік Змітрок Бядуля. Ён нарадзіўся ў вёсцы Пасадзец (цяпер у Лагойскім раёне), вучыўся ў хедары (габрэйскай школе) і ешыве (вучылішчы, дзе рыхтавалі рабінаў). Плаўнік быў блізкім сябрам Янкі Купалы, шмат зрабіў для адраджэння беларускай культуры і станаўлення беларускай літаратурнай мовы. Акрамя таго, ён упарта змагаўся супраць русіфікацыі беларусаў.
У 1913 годзе ў часопісе «Ды Ідышэ Вэлт» («Габрэйскі свет») у Вільні выйшаў першы артыкул на ідышы пра беларускае адраджэнне. У 1914 годзе група габрэйскіх пісьменнікаў апублікавала зборнік «Літва», у якім у перакладзе на ідыш выйшлі творы з беларускай і літоўскай літаратураў, а таксама артыкулы пра беларускае адраджэнне. Да выдання быў падрыхтаваны і другі нумар «Літвы» з перакладамі вершаў Янкі Купалы, прозы Максіма Гарэцкага і іншых беларускіх аўтараў. Але ў сувязі з пачаткам Першай сусветнай вайны расійскія ўлады забаранілі друк на ідышы.
Пачынаючы з 1917 года практычна ўсе ўплывовыя габрэйскія арганізацыі і партыі Беларусі актыўна падтрымлівалі стварэнне незалежнай беларускай дзяржавы. Але пасля непрацяглага існавання Беларускай Народнай Рэспублікі нашая краіна ператварылася ў арэну баявых дзеянняў, у выніку якіх была падзеленая на савецкую і польскую часткі. Праўда, з часткі той тэрыторыі, якая аказалася пад уладай Масквы, у 1920 годзе стварылі БССР.
У гэтым беларускім дзяржаўным утварэнні з 1924 да 1937 года ідыш быў адной з чатырох афіцыйных моваў (разам з беларускай, польскай і рускай). Такое рашэнне выглядала цалкам апраўданым: з прыкладна 5 мільёнаў жыхароў БССР у 1926 годзе 407 тысяч складалі габрэі, і 80% з іх валодалі ідышам — гэтак жа, як і некаторая частка этнічных беларусаў. А ў сталіцы БССР Мінску ў 1939 годзе габрэі, паводле звестак афіцыйнага перапісу, складалі больш за 30% ад агульнай колькасці насельніцтва.
У БССР працавалі шматлікія школы і тэхнікумы з навучаннем на ідышы, на ім нярэдка вялося справаводства. Для носьбітаў мовы выходзілі газеты і часопісы — у прыватнасці, літаратурны часопіс «Штэрн», які выдаваўся нават пасля таго, як ідыш страціў статус афіцыйнай мовы, — да 1941 года. У ім публікаваліся творы шматлікіх габрэйскіх пісьменнікаў з Беларусі. Большая частка рэдкалегіі «Штэрна» была рэпрэсаваная ў перыяд сталінскіх чыстак, іншыя загінулі ў гады Другой сусветнай вайны на фронце ці ў нацысцкіх лагерах.
Частка беларускіх габрэяў прысвяціла свае жыцці сіянізму — ідэі, мэтай якой было аб’яднанне і адраджэнне габрэйскага народа на яго гістарычнай радзіме, у Ізраілі. Да іх ліку належыць стваральнік сучаснай версіі іўрыту Эліэзэр Бен-Ехуда (Лейзэр-Іцхок Рэрэльман), які нарадзіўся ў цяперашнім аграгарадку Лужкі Шаркаўшчынскага раёна.
Сапраўднай кузняй кадраў для будучай Дзяржавы Ізраіль стала Заходняя Беларусь, якая пасля савецка-польскай вайны аказалася ў складзе Польшчы. Тут нарадзіліся і рабілі першыя крокі многія найважнейшыя фігуры адроджанай габрэйскай дзяржавы:
- Хаім Азрыэль Вейцман, першы прэзідэнт Ізраіля (1949−1952) — нарадзіўся ў Моталі (цяпер Іванаўскі раён Брэсцкай вобласці);
- Залман Шазар (пры нараджэнні — Шнэер Залмэн Рубашоў), трэці прэзідэнт Ізраіля (1963−1973) — нарадзіўся ў Міры (цяпер у Карэліцкім раёне);
- Менахем Бегін (Мечыслаў Бегун), шосты прэм’ер-міністр Ізраіля (1977−1983 гг.), лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру (1978) — нарадзіўся ў Брэсце;
- Іцхак Шамір (Езярніцкі), сёмы прэм’ер-міністр Ізраіля (1983−1984 і 1986−1992) — нарадзіўся ў Ружанах;
- Шымон Перэс (Перскі), восьмы прэм’ер-міністр (1984−1986 і 1995−1996) і дзявяты прэзідэнт Ізраіля (2007−2014) — нарадзіўся ў Вішневе (цяпер у Валожынскім раёне).
Нескладана падлічыць, што прэзідэнтаў Ізраіля ў Беларусі нарадзілася ў тры разы больш, чым прэзідэнтаў самой Беларусі.
Нобелеўскія лаўрэаты, вялікія мастакі, каралева рытэйлу, стваральнікі Галівуду і трох законаў робататэхнікі
У першай палове XX стагоддзя Беларусь стала арэнай для цэлай чарады страшных падзей, якія цяжка ўдарылі і па габрэях. Першая сусветная вайна, рэвалюцыі ў Расійскай імперыі і грамадзянская вайна на яе аскепках, савецка-польская вайна, чырвоны тэрор 20-х гадоў, масавыя рэпрэсіі 30-х, падзел Польшчы паміж СССР і нацысцкай Германіяй, напад Германіі на СССР і Халакост вельмі моцна змянілі этнічную карту нашай краіны.
Многія з тых габрэяў, каму ўдалося ацалець у гэтых крывавых падзеях, пакінулі Беларусь гэтак жа, як раней іх продкі беглі з Ізраіля. Некаторыя краіны накшталт Германіі спрабуюць аднавіць страчаную габрэйскую дыяспару на сваёй тэрыторыі. Але Беларусь не адносіцца да іх ліку, і пакуль працэс габрэйскага рассейвання з нашай краіны выглядае незваротным. Апошняя вялікая хваля эміграцыі габрэяў з Беларусі і з постсавецкай прасторы ў цэлым (так званая Вялікая алія) адбывалася ў 1990-я гады. Яна была звязаная з савецкім антысемітызмам другой паловы стагоддзя, а таксама з адкрыццём межаў на выезд у познім СССР і постсавецкіх рэспубліках.
Страціўшы «сваіх» габрэяў, Беларусь страціла велізарны шматвяковы пласт уласнай культуры. Неяк ацаніць або падлічыць аб’ём звязаных з гэтым стратаў проста немагчыма. Але можна паспрабаваць скласці хаця б нейкае ўяўленне пра гэта: успомнім хаця б частку ўраджэнцаў Беларусі — габрэяў, якія дабіліся выдатных поспехаў і праславіліся за яе межамі.
У артыкуле ўжо згадвалася мястэчка Шчадрын у Жлобінскім раёне — таму пачнём з адной з яго ўраджэнак. У 1893 годзе тут нарадзілася Роза Гарэлік, якая ўвайшла ў гісторыю як Роза (ці Роўз) Блюмкін. Дзяцінства дзяўчынкі было нялёгкім — яна і сем яе братоў спалі на саломе проста на падлозе, бо бацька-рабін не мог дазволіць сабе купіць дзецям матрац.
З пачаткам Першай сусветнай вайны яе муж эміграваў у ЗША, каб унікнуць прызыву. Роза здолела сабраць грошай, каб далучыцца да яго, толькі праз тры гады. У 1919 годзе сям’я Блюмкін асталявалася ў Амасе (штат Небраска). Тут яны адкрылі краму ўжыванага адзення, якой паступова пачала кіраваць жонка. У 1937 годзе Роза адкрыла мэблевую краму Nebraska Furniture Mart, якая да пачатку 1980-х стала найбуйнейшым крамай мэблі ў ЗША. У 1983 годзе Роза Блюмкін прадала свой паспяховы бізнес аднаму з найбагацейшых людзей свету Уорэну Бафету за 45 мільёнаў даляраў — але працягвала кіраваць продажамі ў сваёй краме амаль да самай смерці ва ўзросце 104 гадоў. Яна стала легендай амерыканскага бізнесу, застаўшыся ў яго гісторыі як Місіс Бі, каралева рытэйлу.
Сусветна вядомы мастак Марк Шагал нарадзіўся ў 1887 годзе ў Лёзне пад Віцебскам. Яго бацька быў грузчыкам пры гандляру селядцом, а мама трымала маленькую краму. Слава прыйшла да Шагала ў Францыі — але віцебскае дзяцінства засталося галоўнай тэмай яго творчасці.
Яшчэ адзін з найбуйнейшых майстроў «Парыжскай школы» мастакоў Хаім Суцін нарадзіўся ў 1893 годзе ў Смілавічах (Чэрвенскі раён). У 2020 годзе яго карціна «Ева» стала адным з сімвалаў беларускага пратэсту супраць фальсіфікацыі вынікаў прэзідэнцкіх выбараў і гвалту з боку сілавікоў.
Луіс Маер (Лазар Меер) нарадзіўся ў 1884 годзе ў Мінску. Яшчэ дзіцем ён эміграваў у ЗША, дзе яго бацька быў старызнікам, а мама працавала на птушкаферме. Маер стаў адным з заснавальнікаў, а потым і кіраўніком знакамітай кінакампаніі «Метра-Голдвін-Маер» — той самай, якая добра знаёмая гледачам па выяве льва, які рыкае, на застаўцы. Ураджэнец Мінска прысвяціў сваё жыццё таму, што пасля стала Галівудам. Яму шмат у чым абавязаныя сваёй кар’ерай такія зоркі, як Грэта Гарба, Элізабэт Тэйлар, Джын Харлау, Джоан Кроўфард і многія іншыя. Таксама Луіс Маер стаў адным з трох стваральнікаў Галівудскай акадэміі кінамастацтва і навук — той самай, якая прысуджае прэмію «Оскар».
Вядомы амерыканскі эканаміст і лаўрэат Нобелеўскай прэміі па эканоміцы 1971 года Сайман Кузнец нарадзіўся ў 1901 годзе ў Пінску (як Сямён Кузнец). Ён стаў адным са стваральнікаў сучаснай макраэканомікі і ўвёў у абарачэнне такія тэрміны, як «валавы нацыянальны прадукт» і «чалавечы капітал». Таксама ён вывеў так званую крывую Кузняца для эканомікі краін, якія развіваюцца: згодна з ёй, у пачатку развіцця няроўнасць у размеркаванні даходаў рэзка ўзрастае, а потым з’яўляецца тэндэнцыя да іх выраўноўвання.
Амерыканскі біяхімік і вялікі пісьменнік-фантаст Айзэк Азімаў (Ісаак Азімаў) нарадзіўся ў 1919 ці 1920 годзе ў вёсцы Пятровічы. Цяпер яна знаходзіцца ў Шумяцкім раёне Смаленскай вобласці, але ў XVI-XVIII стагоддзях адносілася да Мсціслаўскага ваяводства ВКЛ, а ў часы Расійскай імперыі належала да Клімавіцкаму павета Магілёўскай губерні. У складзе гэтай губерні ў 1918 годзе Пятровічы былі часткай тэрыторыі, на якую прэтэндавала БНР, а ў 1919 годзе — часткай «першай» БССР. Пасля гэтага бальшавікі перадалі Пятровічы ў склад РСФСР — і ў Беларусь вёска ўжо не вярнулася нават па выніках двух узбуйненняў.
У 1923 годзе бацькі Айзэка здолелі перабрацца ў ЗША, вырас ён у нью-ёркскім Брукліне. У адным з апавяданняў зборніка «Я, робат» Айзэк Азімаў сфармуляваў тры знакамітыя законы робататэхнікі. Згодна з гэтым этычным кодэксам машын, робаты не павінныя ні пры якіх умовах наносіць шкоду чалавеку.
Іда Кагановіч нарадзілася ў Ракаве пад Мінскам (цяпер — Валожынскі раён) у 1886 годзе. У 16 гадоў яна з’ехала ў Варшаву, а адтуль эмігравала ў ЗША, дзе стала вядомая як Іда Разенталь. Ёй жанчыны абавязаныя такім элементам гардэробу, як сучасныя бюстгальтары — Іда ўдасканаліла іх з дапамогай розных памераў місачак і рэгуляваных шлеек. Таксама яна прыдумала бюстгальтар для маці, якія кормяць дзіця. Кампанія Іды і яе мужа Эніда Maidenform стала заканадаўцай моды на ніжнюю бялізну ў ЗША 30-х — 50-х гадоў.
Усе гэтыя людзі — толькі малая частка габрэяў, што нарадзіліся ў Беларусі, але знайшлі прызнанне ў іншых месцах. Іх ад’езд, як і пазнейшыя хвалі эміграцыі тысяч габрэйскіх сем’яў, — несумненна, велізарная страта для нашай краіны і яе культуры.
Чытайце таксама


