У 2020 годзе ў беларускім выдавецтве «Янушкевіч» выйшла першая частка моладзевага рамана «Гарэзлівы пацалунак». Беларуская пісьменніца Ева Вайтоўская напісала яго паводле японскай мангі. Цяпер, праз тры гады выйшла другая частка кнігі, паведаміла выдавецтва ў сваім тэлеграм-канале.

Традыцыйна манга — гэта спалучэнне гісторыі і коміксаў. З мангі таксама паходзіць шырока вядомае анімэ. Праўда, беларускі раман апублікаваны як літаратурны твор, без ілюстрацый.
Яго аснова — сюжэт культавай японскай мангі «Ітадзура на кіс» («Гарэзлівы пацалунак»), якая выйшла ў Японіі ў 1991−1999 гадах. Суперпапулярная серыя коміксаў засталася няскончанай з-за заўчаснага скону аўтара, Тада Каору (1960−1999), што не перашкодзіла ёй заваяваць прыхільнікаў па ўсім свеце — і не толькі сярод прыхільнікаў мангі і анімэ. У тым ліку дзякуючы некалькім экранізацыям на тэлебачанні.
Сюжэт першай кнігі пачынаўся з таго, што ціхая троечніца Соня Сінічкіна, вучаніца выпускнога класа, прызнавалася ў каханні лепшаму вучню школы Максіму Статкевічу. Дзеянне кнігі адбывалася ў 11 класе і завяршалася на падзеях выпускнога.
Як гаворыцца ў анонсе, «у другой кнізе „Гарэзлівага пацалунку“ падзеі разгортваюцца на філалагічным факультэце беларускага ўніверсітэта, у экалагічным летніку для дзяцей Чарнобыля і ў офісе сусветна вядомай беларускай IT-кампаніі. Але ўсё гэта толькі дэкарацыі, у якіх праходзяць праверку пачуцці галоўных герояў, іх сяброў, сябровак, мам і татаў».
Пісьменніца Ева Вайтоўская свядома вырашыла перанесці герояў з Токіа 1990-х у сучасны Мінск і паглядзець, што з гэтага выйдзе.
«Гарэзлівы пацалунак» арыентаваны на катэгорыю young adult.
— Для Азіі, Еўропы, ЗША і іншых краін, дзе развіты кніжны рынак — гэта не проста літаратура для «ўзросту ад 16 да 25 гадоў». Гэта кнігі, што юныя чытачы купляюць самастойна, на кішаньковыя або заробленыя на першых падпрацоўках грошы. Таму напісанае ў кнігах звернута наўпрост да моладзі і разлічанае на яе ідэалы і густы, — тлумачыла Вайтоўская TUT.BY.
Купіць кнігу можна на сайце выдавецтва. Дастаўка даступная ў шэраг краін свету. У тым ліку, і ў Беларусь.