У закон «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» ўнеслі змены. Адным з важных пунктаў стала тое, што цяпер хлопцы, якія збіраюцца атрымліваць адукацыю за мяжой, не змогуць разлічваць на адтэрміноўку ад войска. Выключэнне — тыя, хто будзе вучыцца за мяжой у рамках рэалізацыі дзяржаўных праграм. «Люстэрка» паспрабавала разабрацца, як будзе дзейнічаць дакумент, і даведалася, распаўсюджваецца ён на ўсе краіны ці не.
Супрацоўнікі ваенкаматаў, куды мы звярнуліся як звычайныя грамадзяне, не хаваюць: яны пакуль толькі разбіраюцца з законам. У ваенкамаце Мінскай вобласці па ўсе падрабязнасці нас папрасілі звярнуцца дзесьці праз тыдзень. У ваенным камісарыяце Фрунзенскага раёна Мінска зарыентавалі: калі малады чалавек будзе залічаны ў замежную ВНУ 1 верасня 2023 года, то ён ужо падпадае пад закон і не атрымае адтэрміноўкі.
— Пры гэтым [калі на момант залічэння] яму яшчэ 17 гадоў — гэта, вядома, мяняе справу. Ён яшчэ не падлягае прызыву. Вы паступіце, цяпер даведку мы ў яго патрабаваць не будзем, — сказалі ў ваенкамаце. — Але калі ён прыйдзе да нас у 18 гадоў, яна (адтэрміноўка. — Заўв. рэд.) яму не будзе належаць, бо змены ў законе ўступілі ў сілу.
— А калі, напрыклад, дзіця паступіла ў чэшскую ВНУ і, дапусцім, было залічанае ў сакавіку 2023-га, то-бок да ўступлення закона ў сілу?
— Адтэрміноўка даецца пасля дасягнення 18 гадоў і пры наяўнасці даведкі. Калі вы прынесяце даведку, гэта будзе, груба кажучы, заўтра (17 траўня. — Заўв. рэд.). І тое, што вас залічылі ў сакавіку, гэта ўжо не (не мяняе сітуацыі. — Заўв. рэд.), таму што вы прынеслі даведку якога чысла? Ужо відавочна не ўчора, бо сёння апошні дзень, дакладней, сёння ўжо не дзейнічае гэты від адтэрміноўкі (акрамя сітуацый, калі будзе накіраванне дзяржорганаў. — Заўв. рэд.).
Наконт даты супрацоўніца ваенкамата агаварылася, бо, згодна з дакументам, змены ўступаюць у сілу пасля афіцыйнага апублікавання. Гэтая фраза азначае, што яны запрацуюць на наступныя суткі пасля публікацыі дакумента (згодна з законам «Аб нарматыўных актах»). То-бок не з 16, а з 17 траўня.
А калі хлопец сабраўся паступаць у Расію, ці можа ён разлічваць на адтэрміноўку?
У галоўным арганізацыйна-мабілізацыйным упраўленні Генеральнага штаба Узброеных сіл, куды мы звярнуліся як звычайныя грамадзяне, патлумачылі: умовы дакумента распаўсюджваюцца на ўсіх хлопцаў, якія збіраюцца вучыцца за мяжой. Спецыяльныя адтэрміноўкі для тых, хто плануе паступаць у расійскія ВНУ, не прадугледжваюцца.
— А калі дзіця паступае па лініі Рассупрацоўніцтва? Па квоце, якая адводзіцца для замежных грамадзян і дазваляе навучанне на бюджэце ў любым з універсітэтаў Расіі?
— Калі гэта будзе ў рамках дзяржаўнай праграмы, тады адтэрміноўка будзе.
— А што гэта значыць?
— Калі нейкі [беларускі] орган выдае накіраванне на навучанне ў рамках нейкай праграмы, гэта значыць чалавек едзе вучыцца ад нейкага дзяржаўнага органа, — адказалі ва ўпраўленні і парэкамендавалі па дакладнейшы адказ звяртацца ў Мінадукацыі, бо «гэта іх фармулёўкі».
— Правільна я разумею, што Рассупрацоўніцтва ў дзяржпраграмы не ўваходзіць?
— Не ўваходзіць, так.
Спецыяліст таксама адзначыў, што пытанне пра сітуацыю з адтэрміноўкамі для навучання ў Расіі «будзе разглядацца ў далейшым». Магчыма, у чэрвені з’явяцца якія-небудзь змены. Але толькі наконт Расіі.
А што будзе з хлопцамі, якія ўжо вучацца ў ВНУ за мяжой?
У галоўным арганізацыйна-мабілізацыйным упраўленні Генеральнага штаба Узброеных сіл патлумачылі: калі малады чалавек ужо вучыцца за мяжой і атрымаў адтэрміноўку, яна працягвае дзейнічаць да моманту страты падставаў для яе. Страта падставаў — гэта альбо адлічэнне, альбо завяршэнне навучання.
Акрамя таго, адтэрміноўку таксама атрымліваюць студэнты, якія паступілі ў ВНУ за мяжой у 2022 годзе, але ім тады яшчэ не было 18 гадоў.
Чытайце таксама