Опубликовано 19 студзеня 2024 у 14.50
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-page.online/news/life/59108.html    

Сталі вядомыя прозвішчы яшчэ трох ураджэнцаў Беларусі, якія ваявалі на баку Расіі і загінулі ва Украіне

Украінскі праект poternet.site апублікаваў прозвішчы яшчэ васьмі ўраджэнцаў Беларусі, якія ваявалі ў расійскай арміі і загінулі ў часе баявых дзеянняў на тэрыторыі Украіны. Інфармацыя пра трох з іх раней не была вядомай, піша «Радыё Свабода». Раней паведамлялася аб пацверджанай гібелі 16 беларусаў і выхадцаў з Беларусі, якія ваявалі на баку РФ.

Расійскі танк, знішчаны ў раёне Марыупаля. Ілюстратыўны здымак. Фота: МУС Украіны

Згодна з інфармацыяй праекта, 25 сакавіка 2022 года ва Украіне загінуў Вячаслаў Моніч, які нарадзіўся ў 1974 годзе ў Пінску. Служыў у 9-м упраўленні дэпартамента аператыўнай інфармацыі пятай службы ФСБ Расіі. Падрабязнасці аб абставінах гібелі не паведамляюць.

Павал Макараў нарадзіўся ў Мінску ў 1987 годзе. Бацькі пераехалі ў Кастрамскую вобласць Расіі неўзабаве пасля ягонага нараджэння. Служыў паводле кантракту ў паветрана-дэсантных войсках Расеі механікам-кіроўцам. Двойчы ўдзельнічаў у вайсковых парадах на Краснай плошчы ў Маскве. Загінуў 19 красавіка 2022 году, ваяваў у складзе выведнай роты парашутна-дэсантнага палка. Яго пахавалі на Алеі славы ў Кастраме.

Уладзіслаў Чарноў нарадзіўся ў Магілёўскай вобласці ў 1997 годзе. Калі яму было два гады, сям’я пераехала ў Расею, у Тамбоўскую вобласць. Служыў паводле кантракту ў Нацыянальнай гвардыі Расеі ў званні малодшага сяржанта. Загінуў 28 сакавіка 2022 году. Яго пахавалі ў пасёлку Знаменка Тамбоўскай вобласці.

Раней розныя крыніцы паведамлялі, што на вайне ва Украіне загінулі ўраджэнцы Беларусі Андрэй Бабко, Раман Гровіч, Васіль Курловіч, Аляксандр Шыянаў, Пётра Лузанаў, Павал Яўглеўскі, Ільля Курналёў, Уладзіслаў Чарноў, Мікалай Маркаў, Ігар Валачылаў, Аляксей Цішкевіч, Віталь Загнеткін, Аляксандр Міхайлаў, Іван Ігнаценка, Яраслаў Асташкоў і Сяргей Ланавенка.

Яны ваявалі ў складзе ПВК Вагнера, расійскай арміі і ў ваенізаваных фармаваннях самаагалошаных ДНР і ЛНР.

Радыё Свабода


Распечатано с портала ZERKALO.IO