Опубликовано 5 красавiка 2024 у 15.09
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-page.online/news/life/65230.html    

У Варшаве кампанія маладых людзей напала на 15-гадовага беларуса, якога выхоўвае вядомая маці палітзняволенай. Пагаварылі з ім

У пачатку тыдня ў Варшаве адбылася бойка з 15-гадовым беларусам Цімурам, якога выхоўвае мама палітзняволенай Ганна Канавалава. Паводле хлопца, у гарадскім парку ўзнік канфлікт, яго атачыў натоўп маладых людзей, ад якіх пасыпаліся пагрозы і нападкі. Для падлетка ўсё скончылася пераломам рукі і пашкоджаннем яго рэчаў. Апякунка хоча, каб вінаватых пакаралі, і шукае відавочцаў. «Люстэрка» пагаварыла з хлопцам.

15-летний беларус Тимур с гипсом после травмы, которую получил в потасовке с молодыми людьми из-за своего самоката в Варшаве, 1 апреля 2024 года. Фото предоставлены собеседником
15-гадовы беларус Цімур з гіпсам пасля траўмы, якую атрымаў у бойцы з маладымі людзьмі праз свой самакат у Варшаве, 1 красавіка 2024 года. Фота ад суразмоўцы

Прасілі пакатацца на самакаце і патрабавалі «патлумачыць за вопратку»

Цімур жыве ў прыёмнай сям'і. Яны з малодшым братам пераехалі ў Польшчу з мамай, але ў жанчыны — алкагольная і наркатычная залежнасць. Раней у інтэрв'ю «Белсату» хлопец расказваў, што маці абражала яго і магла ўдарыць, не сачыла належным чынам за імі з братам. Польскія органы апекі забралі сыноў у жанчыны і змясцілі ў прытулак, але для іх хутка знайшлі апякунку. Хлопчыкаў узяла да сябе маці беларускай палітзняволенай Антаніны Канавалавай — Ганна Канавалава. Жанчына з’ехала ў Варшаву з двума ўнукамі і выхоўвае іх адна: яе дачка была даверанай асобай Святланы Ціханоўскай і цяпер у калоніі. Як і зяць, муж Антаніны Сяргей Ярашэвіч, які быў адміністратарам тэлеграм-канала «Армия с народом».

Цімур расказвае, што ў сярэдзіне дня 1 красавіка ён і яго сябар на сваіх электрасамакатах паехалі ў варшаўскі Свентакшыскі парк. Там знаходзіцца скейт-парк. І, як кажа хлопец, у ім часта бавяць час кампаніі падлеткаў. Адна з такіх кампаній і падышла да хлопцаў, у групе былі людзі ва ўзросце ад 14 да 20 гадоў.

— Мы хацелі сесці на лаўку каля скейт-парка, яна была вольная. Але, як толькі пачалі падыходзіць, да нас падбег натоўп чалавек з 15−20 і пачаў нядобразычлівым тонам прасіць пакатацца на нашых самакатах. Мы адмовілі. Дарэчы, адзін з хлопцаў у той кампаніі неяк раней ужо прасіў у нас самакат, але тады мы неяк змаглі слоўна іх адагнаць, і яны больш не лезлі, — кажа Цімур. — Мой сябар трохі адышоў — і ўся ўвага гэтых хлопцаў сканцэнтравалася на мне. Адзін паставіў нагу на самакат, каб я не мог з’ехаць, а другі выцягнуў з яго ключы. Потым яны пераключыліся на мой выгляд: ім не спадабаўся абутак (у мяне былі берцы). Пачалі пагражаць, каб я іх здымаў, інакш парвуць, казалі, што я мушу «патлумачыць за сваю вопратку».

Падлетак сцвярджае, што ў некалькіх хлопцаў з натоўпу бачыў раскладны нож, яшчэ ў двух — тэлескапічную дубінку. У самога Цімура з сабой быў пярцовы балончык.

— Я яго дастаў і паціху пачаў аддаляцца. Але трэба было пастаянна круціцца налева-направа, каб мяне ззаду не ўдарылі, бо мяне акружалі. «Перац» у маіх руках нейкі час іх спыняў, а потым адзін смяльчак наважыўся накінуцца і ўдарыць, але прамахнуўся,-успамінае беларус. — Калі паспрабаваў яшчэ раз, я яго заліў газам, і ён адышоў. Тады натоўп раз’юшыўся, той хлопец, якога я бачыў раней, дастаў нешта падобнае да траўматычнага пісталета і пачаў у мяне здалёк тыкаць. Я ўжо набліжаўся да самакатаў, сябар неяк здабыў мае ключы і чакаў, каб мы маглі з’ехаць. Калі я завёў самакат і даў па газах, хтосьці з натоўпу паспеў мяне дагнаць і ўчапіўся ў мой заплечнік. Пару метраў я працягнуў сябе і таго чалавека, а потым упаў і зламаў руку. Гэтыя хлопцы выхапілі мой жа «перац» і, пакуль я ўставаў, запырскалі ва ўпор мне вочы. Калі ўжо я сядзеў на лаўцы і нічога не бачыў, парэзалі мае чаравікі — там на носе былі такія металічныя пласціны, іх ужо няма — і шнуркі. Яшчэ хтосьці з іх падыходзіў і пытаў, навошта я заліў газам нейкую дзяўчынку, але ні на якіх дзяўчынак я балончыка не скіроўваў. Можа, на кагосьці і трапіла, але не ведаў гэтага. Увогуле, гэта проста былі людзі, якім трэба было да нечага дакапацца.

Так выглядит обувь Тимура после потасовки с неизвестными в Варшаве 1 апреля 2024 года. Фото предоставлено собеседником
Так выглядае абутак Цімура пасля бойкі з невядомымі ў Варшаве 1 красавіка 2024 года. Фота ад суразмоўцы

Цімур кажа, што чуў у кампаніі нападнікаў украінскую і польскую мовы, але што гэта былі за людзі, дакладна не ведае. Адна з дзяўчат у кампаніі здымала ўсё на відэа.

— Мой сябар таксама спрабаваў зняць усё, але яна яму забараніла, сказала сваім, што ён яе абражаў. Прыбег нейкі бамбіза і таксама паспрабаваў заліць яго газам, але не трапіў у вочы. Потым сябар расказаў, што яны спусцілі адзін ці два балончыкі на мой самакат, ён таксама быў увесь заліты, — кажа малады чалавек.

Мінакі дапамаглі пасля бойкі, паліцыя шукае нападнікаў

Цімур кажа, што ўвесь гэты час у парку былі людзі. Ужо калі бойка скончылася і хлопец сядзеў на лаўцы, мужчына-мінак заляпіў пластырам яго другую падрапаную руку. Яшчэ адна дзяўчына прынесла з крамы малака, каб Цімур мог прамыць вочы.

— Вакол было вельмі шмат людзей. Сам канфлікт доўжыўся хвілін сем, усе ўсё гэта бачылі, было чуваць, скажам, што наспявала, але ніхто іх не спыніў, не дапамог мне. Падышлі, калі я ўжо застаўся адзін, — кажа падлетак.

Сябар беларуса выклікаў паліцыю. Патруль, які прыйшоў на месца, выклікаў хуткую. Паводле хлопца, паліцэйскія паспрабавалі адразу ж знайсці відавочцаў і саміх нападнікаў, таксама ўзялі ў яго паказанні.

— Яны запісалі як абвінавачанні, што мне пагражалі з нажом, нанеслі шкоду — я зламаў руку — ну і сапсавалі маю маёмасць — самакат і чаравікі. У той жа дзень мне сказалі, што кагосьці аднаго знайшлі і забіралі ў паліцэйскую машыну, але гэта не дакладна, — кажа Цімур. — Пакуль я ляжаў у машыне хуткай, супрацоўнікі паказвалі фота некалькіх людзей і пыталіся, ці былі тыя ў гэтай групе. Яны хадзілі ў скейт-парк разбірацца і шукаць кагосьці, здаецца, шукалі відавочцаў сярод мінакоў, але што было далей, я не ведаю.

Пасля інцыдэнту Цімура даставілі ў бальніцу, на зламаную руку наклалі гіпс. Потым хлопца адпусцілі дадому, ён ужо вярнуўся да навучання. Праўда, ён вучыцца на кандытара, таму пакуль яго вызвалілі ад практыкі. Падлетак і яго блізкія спадзяюцца, што хлопцаў, якія напалі ў парку, знойдуць і яны панясуць пакаранне.

«Люстэрка» звярнулася па каментар у паліцыю Варшавы. Як толькі (і калі) мы атрымаем адказ, адразу ж яго апублікуем.

Калі вы былі 1 красавіка ў Свентакшыскім парку Варшавы ці ведаеце людзей, якія маглі быць відавочцамі здарэння, і можаце перадаць важную для Ганны і Цімура інфармацыю, пішыце, калі ласка, у наш Telegram ці Instagram. Усе звесткі і кантакты нашыя журналісты перададуць сям'і.

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO