Падчас інтэрв'ю YouTube-каналу «Жыццё-маліна» спявачка і экс-палітзняволеная Мэрыем Герасіменка расказала, што, пакуль яна сядзела ў СІЗА, у яе ў кватэры прайшоў ператрус, падчас якога адтуль знікла «ўсё золата», парфурма і элітны алкаголь. Акрамя таго, яна ўспамінала выпадак, калі супрацоўнік ГУБАЗіК дастаў грошы з яе кашалька і паклаў сабе ў кішэню, таксама пасля ператрусу хтосьці паўтара месяца расплачваўся яе карткай. У выніку мінус склаў 900 еўра. Спыталі ў BELPOL, ці часта сілавікі дазваляюць сабе так абыходзіцца з асабістымі рэчамі затрыманых.
Прадстаўнік BELPOL Уладзімір Жыгар да сярэдзіны 2020-га працаваў оперупаўнаважаным крымінальнага вышуку Мазырскага РАУС. Сітуацыю з маёмасцю Мэрыем ён называе абуральным выпадкам. Кажа, што падчас яго службы было нерэальна ўявіць, што супрацоўнік можа дапусціць такое.
— Нейкі час, года да 2018−2019-га, кожны дзень падчас заступлення на службу супрацоўнікам даводзілі зводку як злачынстваў, увогуле ўчыненых па вобласці, раёне, так і непасрэдна па асабовым складзе, — адзначае суразмоўца. — Як правіла, гэта былі звесткі па ўсёй Беларусі. Тут паведамлялі пра язду супрацоўнікаў у нецвярозым стане, нанясенне калецтваў. Акрамя таго, там сустракаліся моманты, што ў нейкіх супрацоўнікаў, як казалі ў РАУС, да рук нешта прыліпла. Але гэта былі вельмі рэдкія выпадкі.
Часцей за ўсё «да рук прыліпалі» грошы. Напрыклад, суразмоўца чуў пра выпадак, калі падчас ператрусу супрацоўнік паклаў у кішэню сто даляраў, што ляжалі ў кватэры. Сітуацыі з рэчамі здараліся значна радзей. За два з паловай гады ў крымінальным вышуку Уладзімір Жыгар памятае толькі дзве такія гісторыі. Адна з іх адбылася ў Брэсце. Тады супрацоўнікі ўзялі з сабой з кватэры «бутэльку каньяку і цукеркі». Уладальнік кватэры напісаў заяву, пасля чаго сілавікоў задняй датай звольнілі з органаў і распачалі ў дачыненні да іх справу. Другая сітуацыя адбылася на ІІ Еўрапейскіх гульнях у чэрвені 2019-га.
— У Мінск для забяспечання грамадскага парадку з усіх РАУС краіны збіралі супрацоўнікаў. Падчас надгляду адзін з прадстаўнікоў патрульна-паставой службы знайшоў у чалавека, які ішоў на трыбуны, маленькі флакон парфумы. Флакон быў шкляны, таму праносіць яго забаранілі. І ўладальнік пакінуў яго на ўваходзе, — успамінае Уладзімір Жыгар. — Парфума была вельмі дарагой. Супрацоўнік вырашыў, скажам так, яе прыкарманіць, думаючы, што чалавек потым пойдзе і не спытае пра гэтую парфуму. А чалавек вярнуўся і спытаў. Пачалі шукаць, супрацоўнік: «Так, зараз прынясу». Прынёс, але ўсё роўна ў дачыненні да яго распачалі крымінальную справу за крадзеж і адразу ж звольнілі з органаў. Тады справы заводзілі нават за такія дробязі. А каб супрацоўнікі нахабна нешта забіралі — гэта, відаць, рэаліі сучаснай Беларусі. Асабліва калі вядзецца пра палітвязняў ці людзей, якіх пераследуюць па палітычных матывах.
Пра тое, каб супрацоўнікі расплачваліся карткай затрыманага ў краме, падчас сваёй службы ў Беларусі прадстаўнік BELPOL наогул ніколі не чуў.
— Любыя рэчы, якія знаходзяцца пры чалавеку падчас затрымання, апісваюць і змяшчаюць у пакеты ці канверты, якія апячатваюць у прысутнасці панятых, следчага. Бывалі моманты, калі мама затрыманага, напрыклад, просіць аддаць ёй залаты ланцужок. У такім выпадку пісалася асобная распіска, бо ні адзін супрацоўнік не хацеў несці адказнасць за знікненне каштоўнасцяў, грошай, прадметаў, — працягвае Жыгар. — Памятаю, калі працаваў у ІЧУ (у ізалятары Уладзімір працаваў з 2016 да 2018 года. — Заўв. рэд.), чалавек вызваляўся, супрацоўнік вяртаў яму рэчы, і там не хапала каля рубля. Той абурыўся, напісаў скаргу начальніку ІЧУ. Яго рубель знайшлі, патлумачыўшы, што ён тут заваляўся. Насамрэч супрацоўнік проста аддаў яму свой. Ніхто ніколі не хацеў сутыкацца з такімі сітуацыямі. Бо, як правіла, да 2020 года (асабліва калі мы не кранаем кантэксту палітычных рэпрэсій) ніколі службы, якія кантралююць міліцыю, напрыклад УУБ (упраўленне ўласнай бяспекі. — Заўв. рэд.), не станавіліся на бок супрацоўнікаў. Калі ў супрацоўніка нешта «прыліпала да рук», яго звальнялі. І ўсё, як правіла, заканчвалася для яго крымінальнай справай.
Паводле суразмоўцы, тое, што Мэрыем агучыла сітуацыю са сваімі рэчамі і грашыма ў СМІ, — падстава для праверкі па гэтым паведамленні. Яна таксама можа дыстанцыйна напісаць заяву ў міліцыю.
Чытайце таксама
Распечатано с портала ZERKALO.IO