У аўторак, 11 чэрвеня, з Мінска вылецеў першы чартарны рэйс на егіпецкі курорт Эль-Аламейн. Палётная праграма прадоўжыцца да восені, паведамілі ў «Белавіі».
Новую чартарную праграму «Белавія» запусціла сумесна з тураператарам «Інтэрсіці». Першы рэйс у Эль-Аламейн стартаваў з Мінска 11 чэрвеня і быў запоўнены на 100%.
У адрозненне ад іншых папулярных егіпецкіх курортаў, Эль-Аламейн знаходзіцца на беразе не Чырвонага, а Міжземнага мора, за сотню кіламетраў ад Каіра і Александрыі. За чыстую ваду і белы пясок яго называюць «егіпецкімі Мальдывамі».
«Тут захоўваецца любімы беларусамі фармат „усё ўключана“, але перад турыстамі адкрываецца іншы Егіпет: з сучаснай арабскай архітэктурай, з сезоннасцю з чэрвеня да кастрычніка, з прыемнымі летнімі тэмпературамі і шырокімі пясчанымі пляжамі выдатнай якасці», — расказалі ў «Белавіі».
Палётная праграма запланаваная да 4 кастрычніка, але яе могуць падоўжыць да лістапада на перыяд восеньскіх канікул. Туры сфармаваныя на 10/11 начэй з вылетамі тры разы на месяц на Boeing 737−800. Віза афармляецца ў аэрапорце па прылёце, кошт — 25 даляраў за чалавека.
Як паведамляе сайт «Інтэрсіці», кошт тураў у Эль-Аламейн пачынаецца ад 3085 рублёў з чалавека. Гэта даражэй, чым у традыцыйныя Шарм-эш-Шэйх і Хургаду (ад 2223 рублёў з чалавека).
Распечатано с портала ZERKALO.IO