Опубликовано 12 сакавiка 2024 у 11.32
Адрес в интернете: https://by-zerkalo-page.online/news/world/63166.html    

Легіён «Свабода Расіі» і Сібірскі батальён заявілі пра перасячэнне расійскай мяжы: «Ідуць жорсткія баі на тэрыторыі РФ»

Адразу некалькі расійскіх добраахвотніцкіх злучэнняў, якія ваююць за Украіну, заявілі пра заход сваіх груп на тэрыторыю Расіі. Адпаведныя відэа публікуюць легіён «Свабода Расіі» і Сібірскі батальён. У Галоўным упраўленні разведкі Украіны паведамілі, што ў аперацыі таксама ўдзельнічае Рускі добраахвотніцкі корпус (РДК).

«Ну што ж, нарэшце мы дома. Як і абяцалі, на нашую рускую зямлю мы нясём свабоду і справядлівасць. Раней мы казалі, што зрынуць злачынны дыктатарскі рэжым у РФ мірна не атрымаецца. Яго можна ліквідаваць толькі са зброяй у руках. Гэтай ноччу мы пачалі выкананне абяцання. Ідуць жорсткія баі на тэрыторыі РФ. Далучайцеся да Сібірскага батальёна і ўсіх вызваленчых сіл!» — такі заклік змешчаны пад відэа Сібірскага батальёна.

У яшчэ адным відэа баец са схаваным пад балаклавай тварам заклікае не ісці на выбары, а далучацца да іх.

Відэа, як сцвярджаецца, перасячэння ўкраінска-расійскай мяжы публікуе легіён «Свабода Расіі». З яго вынікае, што ў аперацыі задзейнічаныя як мінімум два танкі.

Крыху раней у тэлеграм-канале Легіёна быў размешчаны відэаролік, у якім баец Легіёна з пазыўным Цэзар кажа, што яны ідуць у Расію не для таго, каб забіваць простых людзей, а каб «вызваліць ад дыктатуры».

«Легіён ідзе на выбары. Чакайце нас», — заканчвае ён свой зварот.

Пры гэтым расійскія Z-каналы сцвярджаюць, што дыверсійныя групы спрабавалі прарвацца ў Белгародскую і Курскую вобласць, прарыву праз дзяржаўную мяжу Расіі не дапушчана, а «варожая тэхніка спаленая».

Губернатар Белгародскай вобласці Гладкоў паведамляе пра абстрэл горада Шабекіна.

«Паводле папярэдняй інфармацыі, ёсць адна пацярпелая — у жанчыны аскепкавае раненне твару, рану апрацавалі на месцы, шпіталізацыя не спатрэбілася», — піша Гладкоў і дадае, што ў горадзе пашкоджаныя прыватныя дамы, бальніца, дзіцячы садок і крама.

Тэлеграм-канал BAZA публікуе відэа, на якім чуваць гукі стралковага бою. Сцвярджаецца, што яно знятае ў пасёлку Цёткіна Курскай вобласці. Ёсць параненыя сярод мясцовых жыхароў.

«Легіён „Свабода Расіі“, РДК і Сібірскі батальён на тэрыторыі РФ дзейнічаюць як самастойныя падраздзяленні, бо складаюцца з грамадзян РФ. Нарэшце яны знаходзяцца ў сябе дома. Імаверна, цяпер адбываецца сумесная аперацыя гэтых падраздзяленняў на тэрыторыі так званай РФ», — заявіў прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў у каментары 24 Каналу.

Нагадаем, выбары прэзідэнта Расіі пройдуць з 15 да 17 сакавіка 2024 года. На акупаваных тэрыторыях Украіны з 11 сакавіка пачалося так званае датэрміновае галасаванне.

Чытайце таксама

«Зеркало»


Распечатано с портала ZERKALO.IO