У Баранавіцкім раёне затрымалі 22-гадовага механізатара з вёскі Карчава. Ён падпаліў дзве сцірты саломы на палях, паведамілі ва УУС Брэсцкага аблвыканкама. Хлопец сказаў, што зрабіў гэта з асабістай непрыязнасці.
Паводле звестак міліцыі, механізатар «здзейсніў два падпалы сціртаў саломы на палях, размешчаных недалёка ад вёсак Залессе і Карчава». Агульная шкода дзвюм арганізацыям склала амаль 4000 рублёў. Мяркуючы са зводак МНС, салома гарэла 11 жніўня.
Хлопец прызнаўся, што прычынай падпалаў былі «асабістыя непрыязныя адносіны з работнікамі суседніх арганізацый».
Распачатая крымінальная справа за наўмыснае знішчэнне маёмасці. Механізатару пагражае да двух гадоў «хіміі».