У банку затрымалі пінчанку, якая прыйшла мяняць сто даляраў. Купюра аказалася падробленай, а жанчына патлумачыла, што грошы ёй падарыў адзін з гасцей на пахаванні мужа, паведамілі ў міліцыі.
Беспрацоўная 41-гадовая жыхарка Пінска прынесла ў банк на абмен сто даляраў і была затрыманая проста ў аддзяленні: касір засумняваўся ў сапраўднасці купюры, а эксперты пацвердзілі, што яна падробленая.
Падчас разбіральніцтва высветлілася, што ў жанчыны ў ДТЗ загінуў муж. Падчас пахавання хтосьці з гасцей уручыў ёй сто даляраў у якасці матэрыяльнай дапамогі.
«Хто канкрэтна ўручыў ёй гэтую купюру, яна не памятае, бо была ў стане моцнага стрэсу», — расказалі ва УУС.
Як запэўніла жанчына, яна не падазравала, што валюта падробленая: банкнота практычна нічым не адрознівалася ад сапраўднай. Пінчанка патлумачыла супрацоўнікам міліцыі, што яна была ўпэўненая, што грошы сапраўдныя.