Нядаўна даследчыкі абнавілі інфармацыю пра сярэднюю даўжыню пенісаў у розных краінах свету. Таблоід The Sun звярнуў увагу, што таксама з’явілася больш свежая база звестак пра памеры грудзей жанчын з усяго свету. То-бок амаль усяго: Беларусі ў спісе няма (аднак ёсць краіны-суседкі).
Даследчыкі арыентаваліся выключна на памер місачкі бюстгальтара, то-бок розніцу паміж абхопам грудзей і абхопам пад грудзьмі. Як правіла, яна абазначаецца літарамі, пачынаючы ад АА — гэта самы маленькі памер. Потым ідуць А, В, С — і гэтак далей.
Таксама адзначаецца, што па ўсім свеце выкарыстоўваюцца розныя абазначэнні памераў грудзей. Паводле інфармацыі, што суправаджае базу, місачка, якая ў ЗША лічылася б С, у Вялікабрытаніі «ператвараецца» ў D. Таму для зручнасці параўнання даследчыкі выбралі амерыканскую сістэму і «пераклалі» на яе ўсе атрыманыя звесткі.
Выніковая табліца з сярэднімі памерамі грудзей у розных краінах апублікаваная на сайце World Data.
Акрамя саміх грудзей, даследчыкі прывялі інфармацыю і пра сярэдні індэкс масы цела жанчын у кожнай краіне. Гэта аказалася вельмі важным нюансам: паводле каманды, якая займалася статыстыкай, павелічэнне сярэдняга памеру грудзей часта адбываецца ў краінах, дзе атлусценне таксама становіцца праблемай. Грудзі складаюцца не толькі з малочных залоз як такіх, але і з тлушчавай тканкі.
Самыя вялікія памеры бюста — у адрозненне ад пенісаў — аказаліся ў Еўропе, а вось невялікія грудзі — больш часты феномен у краінах Афрыкі і Азіі. Сярэдні памер АА выйшаў у жанчын з Ізраіля, Зімбабвэ, Емена, Нігерыі, Сенегала, Шры-Ланкі, Інданезіі, Тайланда, Тайваня, Філіпін, Непала, Бангладэш і В’етнама. У жыхарак апошняга да таго ж яшчэ і адзін з самых нізкіх індэксаў масы цела.
Самыя вялікія бюстгальтары — С-D — носяць у Нарвегіі. Ёй у спіну дыхаюць ЗША, Вялікабрытанія, Люксембург і Ісландыя з сярэднімі памерамі С.
Пасля абнаўлення звестак выявілася, што ў некаторых краінах сярэдні памер грудзей зменшыўся. Напрыклад, так адбылося ва Украіне: калі паводле звестак 2016 года жанчыны там часцей насілі місачку С, то цяпер гэта А-В. Што да іншых суседзяў, то ў Польшчы, як і ў Расіі, сярэдні памер склаў В-С.
Па Літве і Латвіі (як, нагадаем, і па Беларусі) сайт World Data памераў не прыводзіць. Аднак яны ёсць на карце ад World Population Review — магчыма, гэта старыя звесткі мінулых гадоў. Згодна з імі, у Літве сярэдні памер — А-В, а ў Латвіі — АА-А. Пры гэтым на месцы Беларусі таксама «шэрая пляма» без усялякай інфармацыі.
Як так атрымліваецца, што ў нейкіх краін у сярэднім выходзяць адны з самых маленькіх памераў? У складальнікаў базы ёсць версія. Яны адзначаюць, што звесткі збіраліся па розных сусветных даследаваннях — у большасці з іх жанчыны самі паведамлялі пра тое, якога памеру бюстгальтары носяць.
Пры гэтым у сітуацыях, калі ў даследчыкаў ёсць магчымасць праверыць адпаведнасць памеру бюстгальтара грудзям, аказваецца, што часта ён не мае нічога агульнага з рэальнасцю. Самая распаўсюджаная прычына гэтага ў тым, што жанчыны часта выбіраюць занадта маленькія місачкі, але большы, чым трэба, абхоп спіны.
Відаць, таму ў топ трапілі не самыя бедныя краіны: на думку складальнікаў, у жанчын там больш магчымасцяў атрымаць кваліфікаваную кансультацыю і падабраць бюстгальтар па памеры.
Чытайце таксама