Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
Читать по-русски


/

Станам на сёння, 19 лістапада 2024 года, поўнамаштабнае расійскае ўварванне ва Украіну доўжыцца ўжо роўна тысячу дзён. Замест хуткай «спецаперацыі», якую планавалі ў Крамлі, напад ператварыўся ў зацяжную, страшную і кровапралітную вайну. Усё гэта прывяло да найбуйнейшай гуманітарнай катастрофы ў Еўропе з часоў Другой сусветнай вайны, больш за 10 мільёнаў украінцаў былі вымушаныя пакінуць свае дамы. Пры гэтым і агрэсар нават не наблізіўся да выканання сваіх першапачатковых планаў па «дэмілітарызацыі» Украіны і замене дэмакратычна абраных уладаў гэтай краіны на падкантрольны марыянеткавы рэжым. А што адбывалася на тысячны дзень іншых буйных зацяжных войнаў? Мы праверылі.

Першая сусветная: паражэнчыя настроі ў Расіі і ўступленне ў вайну ЗША

Ператварэнне вайны ў зацяжную — гэта кашмар для ўсіх яе бакоў. Агрэсары, якія пачынаюць уварванне, звычайна ўсур'ёз разлічваюць перамагчы хутка і з мінімальнымі ахвярамі.

Германскія чаканні вакол Першай сусветнай вайны грунтаваліся на рэалізацыі так званага плана Шліфена, паводле якога нямецкія войскі мусілі вокамгненным ударам праз тэрыторыю Бельгіі і Люксембурга разграміць самага моцнага «сухапутнага» ворага — Францыю. Зрабіць гэта трэба было настолькі хутка, каб яе саюзніца Расія не паспела адмабілізаваць на ўсходзе сваё войска. І ўжо пасля ўзяцця Парыжа разам з войскамі Аўстра-Венгрыі планавалася гэтак жа хутка разграміць ужо расіян.

Немецкая штурмовая группа в траншее изготовилась к атаке. Фландрия, между 1916 и 198 годами. Фото: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Нямецкая штурмавая група ў траншэі падрыхтавалася да атакі. Фландрыя, паміж 1916 і 1918 гадамі. Фота: Bundesarchiv, CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Зрэшты, дакладна такія ж шапказакідальніцкія настроі бытавалі і сярод праціўнікаў Германіі. Прапаганда дзейнічала так эфектыўна, што насельніцтва краін абодвух вайсковых блокаў — і Антанты, і Цэнтральных дзяржаваў — было ўпэўненае, што вайна, якая пачалася 28 ліпеня 1914 года нападам Аўстра-Венгрыі на Сербію, скончыцца яшчэ да Калядаў. Ды і без прапаганды людзі былі проста не ў стане ўявіць сабе агульнаеўрапейскую вайну такога маштабу, якая цягнулася б больш за паўгода. Здавалася, што сацыяльны і тэхнічны прагрэс зрабілі немагчымымі зацяжныя войны на манер напалеонаўскіх, якія скончыліся каля стагоддзя таму.

Калі б ініцыятары Першай сусветнай ведалі, колькі яна будзе доўжыцца і да якіх наступстваў прывядзе, яны б наўрад ці яе задумалі. Першы сусветны ўзброены канфлікт у гісторыі цягнуўся да 11 лістапада 1918 года, то-бок вайна ішла больш за чатыры гады (1568 дзён). Яна забрала мільёны жыццяў і пахавала чатыры імперыі, у тым ліку абедзве Цэнтральныя дзяржавы, што развязалі вайну (Аўстра-Венгрыю і Германскую імперыю), саюзную ім Асманскую імперыю і Расійскую імперыю, што не дачакалася перамогі.

Российская пехота в Варшаве в декабре 1914 года. Фото: commons.wikimedia.org
Расійская пяхота ў Варшаве ў снежні 1914 года. Фота: commons.wikimedia.org

Тысячны ж дзень Першай сусветнай вайны прыпаў на нядзелю, 22 красавіка 1917 года. Гэта быў акурат 47-ы дзень нараджэння рэвалюцыянера Уладзіміра Леніна, які ўсяго за тыдзень да гэтага, 16 красавіка, скарыстаўся падзеннем царскай улады і вярнуўся з іншымі расійскімі палітычнымі эмігрантамі са Швейцарыі ў Пецярбург. Паплечнікі палітыка, які атрымліваў фінансавую падтрымку ад праціўніка Расіі Германіі, у гэтым жа месяцы купілі друкарню на Сувораўскім праспекце ў Петраградзе і пачалі выпускаць вялізнымі накладамі газеты і ўлёткі, якія паскорылі распад арміі імперыі і павялічылі пратэсныя настроі ў грамадстве.

Яшчэ праз паўгода Ленін арганізуе ўзброены пераварот і захопіць уладу ў Расіі, якая пад яго кіраўніцтвам заключыць сепаратны Брэсцкі мір з Германіяй і Аўстра-Венгрыяй, выйдзе з Першай сусветнай вайны, распадзецца — і потым занурыцца ў не менш страшную грамадзянскую вайну.

Зрэшты, пакуль у Петраградзе дастаткова спакойна ставяцца да прыбыцця Леніна і актывізацыі бальшавікоў. Адлучаны ад улады імператар Мікалай II у сваім дзённіку лаканічна называе 22 красавіка «цудоўным вясновым днём». А дыпламат Леў Урусаў 22 красавіка 1917 года піша, што «бальшавікі, ленінцы, паражэнцы пацярпелі поўнае фіяска», бо «натоўп ставіцца [да мэтаў дзяржавы] свядома, і працяг вайны гарантаваны». Аднак ацэнку Урусава наўрад ці можна перанесці на ўсё грамадства. У гэты ж дзень паэт Сяргей Ясенін напісаў абсалютна пацыфісцкі, калі не сказаць паражэнчы, верш:

Люди, братья мои люди,

Где вы? Отзовитесь!

Ты не нужен мне, бесстрашный,

Кровожадный витязь.

Не хочу твоей победы,

Дани мне не надо!

Все мы — яблони и вишни

Голубого сада.

Все мы — гроздья винограда

Золотого лета,

До кончины всем нам хватит

И тепла и света!

Кто-то мудрый, несказанный,

Все себе подобя,

Всех живущих греет песней,

Мертвых — сном во гробе.

Кто-то учит нас и просит

Постигать и мерить.

Не губить пришли мы в мире,

А любить и верить!

А пісьменнік Канстанцін Паўстоўскі 22 красавіка запісаў, як «с каждым днем речи ораторов на митингах делались определеннее, и вскоре из сумятицы лозунгов и требований начали вырисовываться два лагеря, на какие уже разделялась страна: лагерь большевиков и рабочих и другой лагерь — на первый взгляд прекраснодушных, но бескостных и растерянных людей, лагерь интеллигенции — сторонников Временного правительства».

Канфрантацыя паміж Часовым урадам і Саветамі рабочых і салдацкіх дэпутатаў, на якую звярнуў увагу Паўстоўскі, у гэты час была добра відаць і ў Беларусі. 22 красавіка Мінскі Савет апублікаваў рэзалюцыю пра ноту Часовага ўрада саюзным дзяржавам, у якой той абавязаўся ўдзельнічаць у вайне да пераможнага канца. Беларускія рабочыя і салдацкія дэпутаты, у сваю чаргу, прапаноўвалі спыніць вайну ўтапічным неадкладным мірам «без анексій і кантрыбуцый на аснове самавызначэння народаў».

Сербские военнопленные, захваченные армией Австро-Венгрии в ходе Первой мировой войны. Белград, 1915 год. Фото: National Museum of the U.S. Navy, Public Domain, commons.wikimedia.org
Сербскія ваеннапалонныя, захопленыя арміяй Аўстра-Венгрыі падчас Першай сусветнай вайны, Бялград, 1915 год. Фота: National Museum of the U.S. Navy, Public Domain, commons.wikimedia.org

У ваенным плане галоўнай падзеяй усяго красавіка 1917 года (ды і ўвогуле важным фактарам для ўсёй вайны) стала ўступленне ЗША ў Першую сусветную вайну на баку Антанты (Вялікабрытаніі, Расіі, Францыі і іх саюзнікаў). Перакідванне добра ўзброеных і экіпіраваных амерыканскіх дывізій на Заходні фронт дапамагла альянсу выйсці з пазіцыйнага тупіка — і перамагчы. Але гэта будзе пазней, а 22 красавіка міністр замежных справаў Вялікабрытаніі Артур Бальфур сустрэўся з урадам ЗША, каб абмеркаваць ролю новага саюзніка ў вайне.

Таксама 22 красавіка 1917 года брытанцы пачалі наступ на балгарскія пазіцыі ля Дайранскага возера на мяжы тагачаснай Сербіі і Грэцыі. Бітва скончылася 9 траўня перамогай балгараў, якія ў Першай сусветнай вайне ўдзельнічалі на баку Германіі. Балгарскія страты ў гэтай бітве склалі каля 2000 забітых, параненых і палонных, брытанскія — каля 12 000 чалавек. Адна з нізін перад балгарскімі пазіцыямі, у якой брытанцы спрабавалі наступаць, атрымала ў салдат назву «даліна смерці». Пасля правалу брытанскага наступу фронт ля Дайранскага возера стабілізаваўся на 16 месяцаў.

У цэлым вайна блізілася да развязкі. Апошняе сваё наступленне на Заходнім фронце немцы пачнуць праз год, спрабуючы прарваць лінію абароны Антанты да прыбыцця ў Еўропу сілаў ЗША. Зваротны наступ праціўнікаў у выніку змусіў Берлін да перамоваў, якія скончылі вайну.

Другая сусветная: СССР адступае, заходнія саюзнікі яму дапамагаюць, у Чэхаславакіі забіваюць нацысцкага намесніка

Другая сусветная вайна пачалася 1 верасня 1939 года нападам Германіі на Польшчу і доўжылася да капітуляцыі Японіі 3 верасня 1945 года. Такім чынам, яна ішла больш за шэсць гадоў — або 2222 дні.

Немецкие солдаты рассматривают подбитый советский тяжелый танк КВ-1. Россия, Новгородская область, сентябрь 1941 года. Фото: warspot.ru
Нямецкія салдаты разглядаюць падбіты савецкі цяжкі танк КВ-1. Расія, Наўгародская вобласць, верасень 1941 года. Фота: warspot.ru

Тысячны дзень Другой сусветнай вайны прыпаў на сераду, 27 траўня 1942 года. На савецка-германскім фронце ў гэты час заканчвалася цяжкая бітва за Харкаў. З пачатку месяца Чырвоная армія спрабавала выбіць немцаў з другога па значнасці горада Украіны і спачатку нават дасягнула пэўных поспехаў. За першыя тры дні яны прасунуліся на 25 км у раёне Ваўчанска і на 50 км на паўднёвы ўсход ад Харкава. Але вермахт таксама рыхтаваўся да наступу пад Харкавам, сканцэнтраваўшы буйныя сілы ў раёне Славянска і Краматорска. 16 траўня пачалося магутнае нямецкае контрнаступленне, якое да 19 траўня адкінула савецкія часткі на іх першапачатковыя пазіцыі на ўсходнім беразе ракі Северскі Данец. Пры гэтым тры савецкія арміі — 6-я, 57-я і 9-я — трапілі ў акружэнне.

Нямецкі наступ працягнуўся 29 траўня, баі на гэтым участку абярнуліся для Паўднёва-Заходняга і Паўднёвага франтоў Чырвонай Арміі стратай (паводле савецкіх ацэнак) больш чым 170 тысяч чалавек забітымі і палоннымі і 106 тысяч — параненымі. Стратэгічныя вынікі былі яшчэ больш жудаснымі для савецкага боку: перамога пад Харкавам адкрыла вермахту дарогу на Сталінград і Паўночны Каўказ з яго нафтавымі радовішчамі.

Колонна советских военнопленных идет по Харькову без сопровождения. 1942 год. Фото: Bundesarchiv / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org
Калона савецкіх ваеннапалонных ідзе праз Харкаў без суправаджэння. 1942 год. Фота: Bundesarchiv / CC-BY-SA 3.0, CC BY-SA 3.0 de, commons.wikimedia.org

Афіцыйныя паведамленні савецкага Інфармбюро, якія грамадзяне краіны маглі пачуць па радыё, расказвалі 27 траўня ў асноўным акурат пра падзеі пад Харкавам. Праўда, у іх сцвярджалася, што Чырвоная армія не адступае, а «адбівае жорсткія атакі праціўніка» і «замацоўваецца на займаных рубяжах». Таксама Інфармбюро паведамляла пра вялікія нямецкія страты. Яшчэ ў зводках за гэты дзень згадваюцца подзвігі некаторых воінаў. Напрыклад, батальённы камісар Дзягін на брытанскім самалёце «Харыкейн» тараніў нямецкі бамбавік, збіў яго і пасля гэтага здолеў вярнуцца на свой аэрадром.

Таксама ў гэты дзень пад атакамі нямецкіх самалётаў працягваў рухацца ў бок СССР канвой PQ-16 з 35 грузавых караблёў з ваеннай дапамогай ад заходніх саюзнікаў. З 26 да 30 траўня па канвоі адбамбіліся 210 бамбавікоў і тарпеданосцаў, якія адправілі на дно Паўночнага Ледавітага акіяна шэсць суднаў.

У акупаванай немцамі з 1938 года Празе 27 траўня 1942 года байцы чэхаславацкага супраціву Ёзэф Габчык і Ян Кубіш здзейснілі ўдалы замах на імперскага пратэктара (намесніка) Багеміі і Маравіі Рэйнхарда Гейдрыха.

Покушение на Рейнхарда Гейдриха 27 мая 1942 года.  Картина: Terence Cuneo, commons.wikimedia.org
Замах на Рэйнхарда Гейдрыха 27 траўня 1942 года. Карціна: Terence Cuneo, commons.wikimedia.org

Нацысцкі чыноўнік ад выбуху бомбы атрымаў цяжкія раны і 4 чэрвеня памёр. Габчык і Кубіш здзейснілі суіцыд, калі іх знайшлі ў схованцы ў суседняй царкве. За забойства Гейдрыха нацысты адпомсцілі, знішчыўшы некалькі тысяч чэхаў.

У акупаванай Бельгіі нацысцкія ўлады 27 траўня 1942 года выдалі ўказ, які абавязваў усіх габрэяў насіць жоўтую зорку.

Прэм’ер-міністр Японіі Хідэкі Тодзё 27 траўня 1942 года на адкрыцці паседжання імперскага парламента далажыў пра перамогі японскай зброі ў Ціхім і Індыйскім акіянах, праз якія Аўстралія нібыта засталася безабароннай перад японскім уварваннем. І заклікаў насельніцтва Індыі да паўстання супраць брытанскага валадарства. Таксама ён раскрытыкаваў улады ЗША і Вялікабрытаніі і выказаў спачуванне грамадзянам гэтых краін, «якія сталі ахвярамі сваіх лідараў». Паводле Тодзё, Японская імперыя на той момант была цвёрда ўпэўненая ў канчатковай перамозе ў «святой вайне».

У цэлым вайна на той момант толькі набліжалася да экватара, і яе пераможца быў яшчэ зусім не відавочны. Толькі праз некалькі месяцаў на савецка-германскім фронце пачнецца Сталінградская бітва, якая будзе доўжыцца да пачатку наступнага года і вынік якой стане адным з ключавых для выніку ўсёй вайны. Зрэшты, нават параза ў ёй яшчэ не паставіць на надзеях нацыстаў крыж.

Вайна ў Карэі: зацяжны канфлікт, смерць Сталіна — і амаль імгненная развязка

Вайна ў Карэі доўжылася з 25 чэрвеня 1950 года да 27 ліпеня 1953 года. Яна ішла крыху больш за тры гады, або 1129 дзён. За гэты час лінія фронту некалькі разоў прайшлася амаль па ўсім Карэйскім паўвостраве з поўначы на поўдзень і назад — і стабілізавалася амаль на тых самых пазіцыях, з якіх пачалося ўварванне паўночнакарэйскіх войскаў. Безвыніковая спроба паўночнакарэйскіх камуністаў распаўсюдзіць сваю ўладу на ўсю краіну ваенным шляхам прывяла да 2 мільёнаў ахвяраў, разбурэння гарадоў, прамысловасці і цывільнай інфраструктуры.

Разгарнуўшыся на адносна невялікай тэрыторыі (абедзве Карэі разам крыху большыя за Беларусь), Карэйская вайна зацягнула на сваю арбіту найбуйнейшыя дзяржавы таго часу. На баку паўднёўцаў выступілі войскі ААН, ядро якіх складалі вайскоўцы ЗША. На баку паўночнікаў — Кітай, які адправіў у Карэю пад выглядам «добраахвотнікаў» сотні тысяч сваіх салдат, і СССР, які забяспечваў у асноўным пастаўкі зброі і ваеннай тэхнікі. Зрэшты, невялікая колькасць савецкіх «ваенных спецыялістаў» таксама непасрэдна ўдзельнічала ў Карэйскай вайне — напрыклад, лётчыкі-знішчальнікі.

Самыя драматычныя падзеі Карэйскай вайны прыпалі на першы яе год. Пасля чэрвеня 1951 года лінія фронту практычна перастала рухацца, застыўшы на месцы цяперашняй дэмілітарызаванай зоны паміж КНДР і Рэспублікай Карэя, праз якую праходзіць фактычная мяжа паміж гэтымі дзяржавамі. Увайшоўшы ў стан пазіцыйнага тупіка, бакі вялі цяжкія перамовы наконт перамір'я і адначасова абменьваліся артылерыйскімі і авіяцыйнымі ўдарамі.

Празднование Дня Победы в КНДР 27 июля 2024 года. Фото: ЦТАК
Святкаванне Дня Перамогі ў КНДР 27 ліпеня 2024 года. Хоць вайна з вялізнымі ахвярамі скончылася фактычна ўнічыю, у КНДР афіцыйна лічыцца, што Поўнач у ёй перамагла. Фота: ЦТАК

Тысячны дзень Карэйскай вайны прыпаў на чацвер, 19 сакавіка 1953 года. У СССР за два тыдні да гэтага памёр Іосіф Сталін. Краіна ўступіла ў перыяд няпэўнасці і паддывановай барацьбы за ўладу. Смерць дыктатара прывяла да некаторай лібералізацыі. Ужо зусім хутка, 27 сакавіка 1953 года, пачнецца самая буйная ў гісторыі СССР і Расіі «берыеўская» амністыя, падчас якой на волю выйдзе 1,2 млн чалавек. Зрэшты, палітвязняў гэтая амністыя амаль не закранула — для разгрузкі лагераў вызвалялі ў асноўным крымінальнікаў.

Акурат у сувязі са смерцю Сталіна 19 сакавіка 1953 года Савет Міністраў СССР выступіў з заявай пра хутчэйшае спыненне Карэйскай вайны, адзначыўшы, што няправільна «аўтаматычна» прытрымлівацца папярэдняй лініі на перамовах пра перамір'е без саступак. Новую савецкую пазіцыю падтрымала КНДР. Для поўнай згоды не хапала толькі Кітая, які пагадзіўся на перамір'е толькі пасля некалькіх няўдалых спробаў наступу ў сярэдзіне ліпеня 1953 года.

Такім чынам, гэтая вайна да свайго тысячнага дня ўжо фактычна завяршылася: смерць шматгадовага крамлёўскага дыктатара незадоўга да гэтага прывяла да хуткай развязкі і заканчэння зацяжнога крывавага канфлікту.

Чытайце таксама