Аляксандр Лукашэнка на саміце краін ЕАЭС паабяцаў чарговае выкрыццё Захаду, а менавіта — як «яны пасля 2020 года збіраліся пачаць вайну супраць Расіі з Данбаса».
Падчас размовы з расійскімі журналістамі ён успомніў пра інтэрв'ю былога канцлера Германіі Ангелы Меркель газеце Die Zeit, апублікаванае ў сераду, 7 снежня. У ім яна расказала, што Мінскія пагадненні 2014 года «былі спробай даць час Украіне», і яна «выкарыстала гэты час, каб стаць мацнейшай, як вы можаце бачыць сёння».
Лукашэнка назваў гэта «дробным і агідным».
«Яны, нібыта, правялі таемную аперацыю, падманулі Расію і Пуціна, далі паўзу і магчымасць падрыхтаваць украінскае войска да гэтай вайны. Калі б гэта было так, гэта было б занадта проста. Падрыхтаваліся і выюць. Але гэта не так. Але калі гэта так, то чаго выць і стагнаць, што ідзе вайна? Вы да яе рыхтаваліся, а мы дакладна ведаем, я Пуціну сказаў, мы найбліжэйшым часам абнародуем гэтыя факты, як яны пасля 2020 года — мяцяжу ў Беларусі, калі складзецца сітуацыя і яны выйдуць да мяжы Смаленскай вобласці з войскамі NATO, пачаць вайну супраць Расіі з Данбаса», — заявіў Лукашэнка.
«Адтуль мусіла пачацца вайна, Расія спрацавала на апярэджанне. Таму не трэба Расію папракаць. Яны, Меркель і Парашэнка, хочуць паказаць сваю значнасць: „Вось глядзіце, украінская армія супраціўляецца адной з наймацнейшых армій свету, таму што мы тады ў Мінску падманулі ўсіх — і свет, і Расію, і гэтак далей“. Дробна і агідна!» — заявіў ён.
Нагадаем, раней Аляксандр Лукашэнка абяцаў:
- Паказаць, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. «А я вам зараз пакажу, адкуль на Беларусь рыхтавалася нападзенне. І калі б за шэсць гадзін да аперацыі не быў нанесены прэвентыўны ўдар па пазіцыях (чатыры пазіцыі, я зараз пакажу — карту прывёз), яны б атакавалі нашы войскі — Беларусі і Расіі, якія былі на вучэннях», — заявіў Лукашэнка 11 сакавіка на сустрэчы з Пуціным.
- Доказы, што трупы на вуліцах Бучы — «брытанская спецаперацыя». «Мы сёння падрабязна абмяркоўвалі псіхалагічную спецаперацыю ў Бучы, якую правялі англічане. Калі вам трэба адрасы, паролі, яўкі, на чым прыехалі, то ФСБ РФ можа даць гэтую інфармацыю», — сказаў Лукашэнка 12 красавіка.