Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Это недопустимо». Лукашенко в очередной раз потребовал разобраться с вечной проблемой Минска
  2. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  3. В Дроздах третий год продают дом, который принадлежал экс-охраннику Лукашенко (не исключено, что и сейчас). Как выглядит жилье
  4. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  5. «Они совершили ошибку». Трампа спросили об ударе России по Сумам
  6. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  7. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  8. Раскалоў урад у выгнанні, даносіў, завабліваў эмігрантаў у Мінск. Расказваем пра знакамітага беларускага агента пад прыкрыццём
  9. В Беларуси начинают отключать отопление — когда и в каких городах
  10. «Только сволочь так может поступать». Россия ударила по центру Сум, местные власти заявили о более 30 погибших
  11. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  12. «Говорят, что мы собираем деньги на бомбы, на ракеты». Одиозный минский священник посетовал на прессинг монастыря, помогающего военным РФ
  13. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
  14. «Просто фамилия — повод». Витебская сторонница «русского мира» рассказала, как силовики допрашивали ее дочь в поезде
  15. В России рассказали, где в Беларуси может появиться вторая АЭС. Рассказываем, какие регионы рассматривают
  16. Такого дешевого доллара не видели давно: куда курс двинется дальше? Прогноз по валютам
  17. ISW: Тактика российского командования приводит к большим потерям, наступление России замедлится
Читать по-русски


У Беларусі рыхтуецца заканадаўства аб грамадзянскай супольнасці. Як вынікае з законапраекта, лічыцца прадстаўнікамі такой супольнасці змогуць хіба што праўладныя недзяржаўныя структуры і аб’яднанні. Нагадаем, у красавіку Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў заканадаўча замацаваць паняцце «грамадзянская супольнасць». Ён таксама заяўляў пра «блізкую вялікую працу ў партыйным будаўніцтве і навядзенне парадку ў грамадскіх аб’яднаннях».

Здымак выкарыстоўваецца ў якасці ілюстрацыі

Як заканадаўцы бачаць грамадзянскую супольнасць

Давайце спачатку разбяромся, што такое грамадзянская супольнасць (ГС). Гэта даволі шырокае паняцце. Але калі каротка, то гэта розныя арганізацыі, аб’яднанні, ініцыятывы і асобы, якія спрабуюць уплываць на жыццё асобнай групы або цэлага грамадства, палепшыць жыццё нейкай групы, краіны або рэгіёна, якія працуюць над рашэннем розных праблем.

Часцей за ўсё пад прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці разумеюць грамадскія арганізацыі. Яны «не ставяць для сябе мэты атрымання прыбытку, у адрозненне ад бізнесу, пры гэтым ствараюцца людзьмі праз гарызантальныя сувязі, а не дзяржавай. Менавіта таму грамадскія арганізацыі складаюць асаблівую галіну — «трэці сектар««, — так апісваюць іх беларускія праваабаронцы. Але грамадзянская супольнасць не абмяжоўваецца толькі імі, у яе таксама ўваходзяць культурныя, рэлігійныя структуры, медыя, прафсаюзы і іншыя аб’яднанні, звязаныя паводле нейкага прынцыпу. Напрыклад, бацькі дзяцей з рэдкім захворваннем, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі атрымання паслуг і сэрвісаў для іх, аб’ядноўваюцца, каб сумесна вырашаць надзённыя пытанні. Так яны становяцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці.

У законапраекце аб асновах грамадзянскай супольнасці, які падрыхтавалі ў Беларусі, прапануюць вызначэнне грамадзянскай супольнасці як людзей, што пастаянна пражываюць у Беларусі і выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю праз удзел у грамадскіх адносінах і інстытутах, не забароненых законам. А яе суб’ектамі (прадстаўнікамі) лічацца структуры, дзейнасць якіх «накіраваная на вырашэнне асноўных задач узаемадзеяння дзяржаўных органаў і грамадзянскай супольнасці», прапісаных у законе (пра іх мы пагаворым у наступным раздзеле). Але калі для ГС дзейнічаюць абмежаванні ў выглядзе знаходжання на тэрыторыі Беларусі, яе прадстаўнікі не абмяжоўваюцца тэрытарыяльнымі або іншымі рамкамі.

З акрэслення гэтых двух паняццяў вынікае, што арганізацыі, якія не ўзаемадзейнічаюць з дзяржорганамі, аўтаматычна не разглядаюцца як такія і не падпадаюць пад дзеянне закона. Напрыклад, калі вы маленькая арганізацыя, якая ратуе бяздомных жывёл, але не кантактуеце з дзяржорганамі, то вас аўтаматычна выкрэсліваюць са спісу арганізацый прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці. Тое ж ддатычыць аб’яднанняў і людзей, якія знаходзяцца за мяжой. Як вядома, у 2021 годзе ў Беларусі прайшла масавая зачыстка грамадзянскай супольнасці (амаль 700 арганізацый знаходзяцца ў працэсе прымусовай ліквідацыі). Частка арганізацый перавяла сваю дзейнасць за мяжу, тамсама працуюць многія незалежныя медыя. Усіх іх аўтары законапраекта вывелі за рамкі прызнаванай на заканадаўчым узроўні грамадзянскай супольнасці.

Па сутнасці гэта азначае, што лічыцца прадстаўнікамі грамадзянскай супольнасці змогуць хіба што праўладныя недзяржаўныя структуры і аб’яднанні. Характэрна, што кіраўнік адміністрацыі Лукашэнкі Ігар Сяргеенка гаварыў, спасылаючыся на палітыка, што, рыхтуючы заканадаўчую аснову пад грамадзянскую супольнасць, хацелі «не адсякаць людзей» і «не ўключаць выключна кагосьці».

Чым можа займацца грамадзянская супольнасць

Як гаварылася вышэй, у законапраекце прапісана, што прадстаўнікамі ГС лічацца структуры, якія мусяць займацца вырашэннем задач узаемадзеяння з дзяржорганамі па цэлым спісе напрамкаў:

  • канструктыўнае ўзаемадзеянне з дзяржорганамі, скіраванае на ўмацаванне даверу да інстытутаў дзяржаўнай улады;
  • забяспечанне незалежнасці, тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі;
  • праца над улікам грамадскай думкі і законных інтарэсаў грамадзян пры ажыццяўленні дзяржпалітыкі для дасягнення грамадскага кансенсусу па ключавых пытаннях развіцця Беларусі;
  • забяспечанне грамадзянскага (народнага) адзінства;
  • павышэнне ўцягнутасці грамадзянскай супольнасці ў кіраванне справамі дзяржавы, рэалізацыю дзяржпалітыкі з улікам прыярытэту нацыянальных інтарэсаў;
  • умацаванне адзінай супольнасці «беларускі народ», выхаванне павагі да ўсіх нацыянальнасцяў, рэлігій і культур;
  • спрыянне далейшаму развіццю дэмакратычнай сацыяльнай прававой дзяржавы і іншае.

Калі абагульніць, то задачы грамадзянскай супольнасці ў асноўным зводзяцца да прасоўвання дзяржпалітыкі, умацавання даверу да дзяржінстытуцый, духоўна-маральнага і патрыятычнага выхавання людзей. Гэта значна вузейшае поле дзейнасці ў параўнанні з агульнасусветнай практыкай. «Іх асноўная задача — дзейнічаць для грамадскага дабра, сістэмных і пазітыўных зменаў грамадства», — адзначае Арганізацыя еўрапейскага эканамічнага супрацоўніцтва (АEЭC).

Вяртаючыся да акрэслення суб’ектаў грамадзянскай супольнасці, можна ўспомніць акцэнт на іх узаемадзеянне з дзяржавай. У законе прапісаныя формы такога ўзаемадзеяння. Гэта ўнясенне прапановаў, удзел у падрыхтоўцы і абмеркаванне нарматыўных прававых актаў. Ёсць у спісе таксама грамадскі кантроль. Яго сутнасць не тлумачыцца, але, як правіла, пад гэтым разумеецца ўплыў арганізацый і структур грамадства на тое, каб праца ўлады была празрыстай.

У праекце закона адзначаецца, што дзейнасць суб’ектаў грамадзянскай супольнасці не можа быць накіраваная на ажыццяўленне экстрэмісцкай дзейнасці або прапаганды вайны. Калі з першай часткай усё зразумела — так заканадаўцы выключаюць усе непажаданыя ўладам грамадскія арганізацыі і медыя, то ў другім выпадку тэарэтычна могуць узнікнуць пытанні да шэрагу нават праўладных грамадскіх арганізацый. Напрыклад, дэпутат і кіраўнік Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі Алег Гайдукевіч ездзіў на Данбас, тым самым фактычна падтрымаўшы ваенную агрэсію Расіі.

Іншыя змены для грамадзянскай супольнасці

У дакуменце прапісаны абавязак дзяржавы ў спрыянні развіццю грамадзянскай супольнасці. Здавалася б, гэта супярэчыць таму, што ўлады рабілі апошнія два гады. Але калі ўлічыць, што новы законапраект бачыць суб’ектамі грамадзянскай супольнасці толькі праўладныя арганізацыі, то якраз гэта і адбываецца ў нашай краіне. Напрыклад, з бюджэту кожны год вылучаюцца вялікія сумы на такія грамадскія арганізацыі. Так, выдаткі на БРСМ з бюджэту ў наступным годзе складуць больш за 11,7 млн рублёў.

Адно з новаўвядзенняў — гэта абранне ва УНС сябраў грамадскіх арганізацый і палітычных партый. Імаверна, менавіта ў сувязі з працай гэтага новага органа ўлады і звязанае ўкараненне заканадаўства аб грамадзянскай супольнасці. Таму што, не маючы выразных рамак, складана будзе растлумачыць грамадскасці, хто і па якім прынцыпе будзе мець права прэтэндаваць на ўключэнне ў 1200 «абраных» дэлегатаў.

У дакуменце выразна пазначана, што стаць дэлегатамі змогуць толькі прадстаўнікі зарэгістраваных грамадскіх арганізацый, у якіх ёсць абласныя і мінская гарадская структуры. То-бок толькі са структурамі рэспубліканскага значэння.

Другое абмежаванне — гэта колькасць сябраў такой арганізацыі або аб’яднання, а менавіта не менш за 100 тысяч чалавек або тыя, што аб’ядноўваюць не менш за палову зарэгістраваных у краіне прафсаюзаў. Гэта абмяжоўвае магчымасці ўдзелу ў дзейнасці УНС для ўсіх непраўладных арганізацый, бо яны нашмат меншыя памерам. Затое адкрывае дарогу Федэрацыі прафсаюзаў з 4 млн чальцоў, «Белай Русі», куды ўваходзяць 200 тысяч чалавек, БРСМ з 400 тысячамі ўдзельнікаў, «Беларускаму грамадскаму аб’яднанню ветэранаў», дзе налічваецца каля 2,5 млн удзельнікаў, «Беларускаму саюзу жанчын» са 150 тысячамі ўдзельніц.

Вызначаць, якія суб’екты грамадзянскай супольнасці будуць мець права на ўзаемадзеянне з дзяржорганамі ў асаблівых формах (то-бок узаемадзейнічаць з УНС або абірацца яго чальцамі), будзе Міністэрства юстыцыі.

Як павінныя ўзаемадзейнічаць чыноўнікі і грамадзянская супольнасць

Сумесная праца чыноўнікаў і дзяржарганізацый з аднаго боку, а таксама грамадзянскай супольнасці з другога мусіць будавацца на некалькіх прынцыпах. Сярод іх — законнасць, галоснасць, добраахвотнасць. А яшчэ захаванне балансу інтарэсаў асобы, грамадства і дзяржавы, а таксама роўнасці правоў грамадзян і забароны дыскрымінацыі.