У апошнія тыдні адзін са старажылаў беларускай палітыкі Зянон Пазняк ездзіць па гарадах Украіны, шмат выступае ва ўкраінскіх медыя. У той жа час ён актыўна выказваецца пра ролю палка Каліноўскага, у тым ліку ставячы яго ў процівагу лідарцы дэмсіл Святлане Ціханоўскай, і днямі нават наведаў пазіцыі ПКК у Бахмуце. Ці можна лічыць Пазняка важкай фігурай у сучаснай Беларусі і ці ёсць у яго перспектывы нарасціць палітычны капітал? Спыталі пра гэта ў экспертаў.
«Няма адчування, што людзі гатовыя падтрымліваць за мінулыя заслугі»
Палітычны аналітык Арцём Шрайбман адзначае, што важкай або бязважкай фігурай таго ці іншага палітыка вызначае для сябе кожны чалавек. Зразумець жа, колькі беларусаў лічыць Зянона Пазняка прадстаўніком сваіх інтарэсаў, немагчыма праз адсутнасць рэйтынгаў даверу або падтрымкі палітыкаў.
— Думаю, што ягоная актыўнасць апошніх месяцаў бачная вельмі невялікаму працэнту беларусаў, якія не проста палітызаваныя, але яшчэ і занураюцца ўсярэдзіну расколаў, спрэчак, плыняў унутры пратэснага руху. Не думаю, што гэта вялікі працэнт, таму што мы бачым, як дэпалітызуюцца беларусы апошнія два гады. У гэтым сэнсе на гэтым полі паводле азначэння не так шмат важкіх фігур.
На момант публікацыі гэтага тэксту на тэлеграм-канал Зянона Пазняка падпісаныя 3143 чалавекі, а на рух «Вольная Беларусь», які ён узначальвае — 1284.
Адказваючы на пытанне, ці можа Пазняк стаць важкай фігурай у сучаснай беларускай палітыцы, аналітык адзначае, што тэарэтычна магчымае ўсё.
— Ідзе вайна. Яна сама і яе пераадоленне могуць вынесці наверх абсалютна непрадказальных фігур. Але думаю, што канкрэтна ў Зянона Станіслававіча больш перашкодаў на гэтым шляху, чым магчымасцяў, — разважае Арцём Шрайбман. — Цяпер ён, відавочна, перажывае нейкую другую хвалю ўвагі, цікавасці да сябе з боку людзей, якія не памятаюць яго і не ведаюць, чым ён займаўся з 1996 года. То-бок не бачылі ўсю традыцыю раскольніцтва і паклёпу ў адрас іншых палітыкаў, абразаў і называння агентамі ўсіх, хто не падабаецца Зянону Станіслававічу. Альбо гэта людзі, якія бачаць у ім нейкую ікону, то-бок успрымаюць яго, хутчэй, як культавую гістарычную фігуру. Але ці можна гэта трансфармаваць у рэальнае палітычнае лідарства — пытанне адкрытае. У мяне няма адчування, што гэта адбываецца аўтаматычна, што толькі за мінулыя заслугі нават людзі, якія імі захапляюцца, будуць гатовыя ў выпадку вяртання ў краіну палітыкі падтрымаць цябе на свабодных выбарах ці ў рэвалюцыйным руху.
Наўрад ці ў Зянона Пазняка вялікая электаральная база, працягвае аналітык. Гэта звязана з тым, што погляды, якія вызнае палітык, не былі і сёння не з’яўляюцца папулярнымі не толькі ў беларускім грамадстве ў цэлым, але нават сярод пратэсна настроеных беларусаў.
— Правыя, можна сказаць, ультраправыя погляды, фіксацыя на пытаннях ідэнтычнасці і мовы, непрыманне іншых апазіцыйных сіл, якія хаця б на міліметр адрозніваюцца ад яго павесткі, — апісвае Арцём Шрайбман асноўныя слупы палітыкі, якую праводзіць Пазняк. — Пакуль існуе шмат фрустрацыі што да Ціханоўскай, то-бок нейкі палітычны кісларод, які такія дзеячы могуць атрымаць. Але калі ты будуеш свой палітычны падмурак на актыўнейшай барацьбе з кіраўніцтвам дэмакратычных сіл, чым з Лукашэнкам, то вялікае пытанне: наколькі такі падыход да палітыкі маштабавальны за межамі нашага апазіцыйнага поля? Калі, умоўна кажучы, у будучай Беларусі і Ціханоўская перастане быць нейкай фігурай, і Лукашэнка, то дзе знайсці базу для такога кшталту палітыкі, калі ты фактычна займаешся тым, што стаіш у апазіцыі да апазіцыі?
«Пазняк будзе аб’ядноўваць вакол сябе тых, хто не знайшоў месца ў дэмсілах»
Палітолаг і даследчыца «Цэнтра новых ідэй» Леся Руднік адзначае, што Зянон Пазняк — значная гістарычная і палітычная фігура, чалавек, які зрабіў сур’ёзны ўнёсак у станаўленне незалежнасці Беларусі.
— Аднак апошнія гады паказалі, што часам гістарычныя героі застаюцца ў гісторыі. Адкрыта канспіралагічныя тэорыі пра Ціханоўскую і іншыя яркія персоны палітычнай кампаніі ў 2020 годзе, агучаныя Зянонам Пазняком, прывялі да таго, што ён паставіў сябе ў варожую пазіцыю да многіх лідараў беларускай апазіцыйнай палітыкі, — адзначае палітолаг.
Эксперт таксама звярнула ўвагу, што нечакана для многіх у апошнія месяцы палітык стаў больш актыўным.
— Думаю, гэта прэтэнзія на публічнасць і лідарства. Аднак сумняваюся, што вобраз і заявы Зянона Пазняка супадаюць з запытамі аўдыторыі дэмакратычных сіл або тых, хто «прачнуўся» ў 2020-м. Зрабіўшы стаўку на ваенны кірунак, Зянон Пазняк будзе аб’ядноўваць вакол сябе тых, хто не знайшоў месца ў сённяшніх дэмсілах альбо разглядае сілавы сцэнар трансфармацыі рэжыму. Падобна, найбліжэйшым часам мы ўбачым фармаванне ваенна-сілавога блока з палітычнымі амбіцыямі, дзе Зянон Пазняк будзе граць не апошнюю ролю, — адзначае Леся Руднік.
Як адзначыў аналітык Арцём Шрайбман, у Беларусі няма паўнавартасных палітычных рэйтынгаў, на аснове якіх можна было б скласці меркаванне наконт палітычнай вагі той ці іншай фігуры. Убачыць працэнт і ступень пазнавальнасці сімпатый можна толькі па асобных апытаннях.
Адно з такіх даследаванняў правёў Chatham House летам 2021 года. Тады аўтары пыталі гарадскіх жыхароў Беларусі, каго з беларускіх палітыкаў і чыноўнікаў яны ведаюць. Пазнавальнасць Зянона Пазняка сярод рэспандэнтаў была на ўзроўні 55% — паміж Наталляй Качанавай і Мікалаем Статкевічам. У Святланы Ціханоўскай было 95%, у Віктара Бабарыкі — 89%.
У тым жа даследаванні ўдзельнікам задалі пытанне: «З гэтага спісу людзей, хто, на вашую думку, быў бы варты стаць прэзідэнтам Беларусі?» Зянона Пазняка выбралі 2% апытаных — столькі ж, колькі назвалі Статкевіча і Уладзіміра Макея. Узначалілі апытанне Віктар Бабарыка, Аляксандр Лукашэнка і Святлана Ціханоўская — яны набралі 33%, 28% і 13% адпаведна.
На прапанову адзначыць з прыведзенага спісу ўсіх людзей, за каго рэспандэнты не прагаласавалі на прэзідэнцкіх выбарах ні ў якім выпадку, Пазняка абралі 48% рэспандэнтаў. Аляксандр Лукашэнка набраў 49%, Ціханоўская — 40%, Бабарыка — 23%.