У сацсетках з’явілася інфармацыя, што закрываюцца некаторыя крамы «Санта». Як высветліў Office Life, гаворка ідзе пра былыя крамы «Віталюр», якія ў пачатку года перайшлі ў арэнду «Санце». Найбліжэйшым часам частка з іх сапраўды зменіць шыльды на іншыя гандлёвыя сеткі.
Як патлумачылі OL прадстаўнікі «Санты», у пачатку года кампанія «падставіла плячо „Віталюру“ ў складаны для яго перыяд і ўзяла пад сваё аперацыйнае кіраванне 81 краму гэтай сеткі».
— Мы выкупілі гандлёвае абсталяванне, тавар і падтрымалі «Віталюр» фінансава. Гэта дазволіла не толькі захаваць самае важнае — персанал і пакупнікоў, але і дапамагчы «Віталюру» разлічвацца з дзяржавай, супрацоўнікамі і пастаўшчыкамі, захаваць сваю плацежаздольнасць. Цяпер прыйшоў час рухацца далей. Па шэрагу гандлёвых аб’ектаў паводле пагаднення бакоў дамовы арэнды спыняюцца, і ўласнік заключае новыя дамовы з іншымі аператарамі, — паведаміў прадстаўнік «Санты».
Гендырэктар «Віталюра» Віталь Яцук пацвердзіў Office Life, што шэраг крамаў, якія былі ў арэндзе ў «Санты», цяпер перадаюць іншым гандлёвым сеткам. Паводле яго словаў, у пачатку года, калі трэба было перадаць у арэнду і захаваць 81 краму, гэта была складаная ўгода, ажыццявіць якую вырашылі з адным гульцом — сеткай «Санта».
— На той момант у нас была дамоўленасць з «Сантай», што мы вернемся да размовы пра тое, каб перадаць частку аб’ектаў іншым гандлёвым сеткам. Напрыклад, гэта датычыць буйных гандлёвых аб’ектаў, бо для «Санты» не характэрны такі фармат. У выніку ў сярэдзіне лета мы правялі перамовы, і цяпер гаворка ідзе пра перадачу прыкладна 20 гандлёвых аб’ектаў. Але іх колькасць можа вырасці, — адзначыў Віталь Яцук.
Ён удакладніў, што частку крамаў перадаюць гандлёвай сетцы Green — такіх аб’ектаў запланавана восем. Яшчэ чатыры крамы будуць арандаваць «Суседзі» і дзве — «Гіпа». Акрамя таго, «Віталюр» вядзе перамовы яшчэ з дзвюма гандлёвымі сеткамі.
Крамы пераходзяць іншым сеткам як у Мінску, дзе размяшчаецца 80% плошчаў «Віталюра», так і ў рэгіёнах.
Гандлёвае абсталяванне, якое было ў крамах «Віталюр», цяпер належыць «Санце». Звычайна яго купляе тая сетка, якая арандуе гандлёвы аб’ект.
Паводле Віталя Яцука, доўг «Віталюра» перад беларускімі пастаўшчыкамі ў памеры 100 млн рублёў ужо фактычна пагашаны.
Чытайце таксама