Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. «Перад вачыма стаіць скурчаная Марыя Калеснікава, якую цягнуць з ШІЗА». Экс-палітзняволеная — пра жахі турэмнай медыцыны
  2. Стали известны зарплаты старших сыновей Лукашенко
  3. Зачем Беларуси пакистанские рабочие и готово ли общество их принять? Мнение Льва Львовского
  4. «Впервые за пять лет попросили показать второй паспорт». Как проходят проверки на границе Беларуси с ЕС
  5. «То, что Лукашенко не признал Крым, страшно раздражало Путина». Большое интервью «Зеркала» с последним послом Украины в России
  6. Российские войска безуспешно пытаются вытеснить ВСУ из Белгородской и Курской областей — ISW
  7. Азаренок заявил, что пророссийская активистка из Витебска — агентка Запада, живущая на деньги «пятой колонны»
  8. США отменили гранты на демократию для стран бывшего СССР, в том числе Беларуси
  9. «Я снимаю, он выбивает телефон». Беларусский блогер Андрей Паук рассказал, что на него напали у посольства РФ в Вильнюсе
  10. Кухарев заявил, что минчане получают по тысяче долларов в среднем. Но чиновник не учел важный момент
  11. «Мальчики не хотели причинить вреда девочкам. Они просто хотели их изнасиловать». История трагедии, в которую сложно поверить
  12. Пропагандистку Ольгу Бондареву отчислили из университета
  13. Лявончык пра Мельнікаву: «Ёсць інфармацыя адносна яе магчымага маршруту»
  14. Что умеет программа, которой беларусские силовики «вскрывают» смартфоны? Рассказываем
  15. В Польше подписан закон, который касается и беларусов. Что меняется для мигрантов
  16. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  17. К делу о пропаже Анжелики Мельниковой подключились польские спецслужбы. Вот что узнало «Зеркало»
  18. Основатель NEXTA попал в список Forbes «30 до 30»
  19. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
Читать по-русски


Хутка будзе тыдзень з моманту, як «Кіберпартызаны» злілі базу КДБ з даносамі і зваротамі. Да чацвярга ні ўлады, ні прапагандысты, ні само ведамства не каментавалі тое, што адбылося. Як так выйшла, хто будзе адказваць за ўцечку далікатных звестак, не сталі тлумачыць нават занепакоенай беларусцы, пад выглядам якой у прыёмны пакой КДБ тэлефанавала нашая журналістка. Чаму сістэма не рэагуе на такі маштабны пракол, які абмяркоўваюць усе навокал? Пра гэта «Люстэрка» спытала ў палітычнага аглядальніка Аляксандра Фрыдмана.

Изображение носит иллюстративный характер. Фото: pexels.com
Выява мае ілюстрацыйны характар. Фота: pexels.com

«Прызнаваць правалы не хочацца. Думаю, нават на самым версе піраміды КДБ дрыжаць»

— Чаму ўлады і прапаганда не адрэагавалі на зліў «базы даносаў» КДБ?

— Пачну з таго, што гэтая гісторыя яшчэ раз прадэманстравала маналітны характар дзяржаўнай прапаганды. Сапраўды, фактычна ні адзін прапагандысцкі канал, ні адзін праўладны аўтар не адрэагаваў на гэта хоць нейкім чынам. Пры гэтым у іх перыядычна ўзнікаюць дыскусіі паміж сабой. Аднак проста ўзяць тэму і пачаць гаварыць пра яе — мабыць, у гэтай сістэме ўсё ж немагчыма. Ці ж (гэтага таксама нельга выключаць) былі нейкія ўказанні зверху не чапаць.

У асобных аўтараў, якія не так ужо моцна звяртаюць увагу на тое, што кажуць зверху, а проста ідэалагічна развіваюцца ў адпаведным кірунку (напрыклад, Вольга Бондарава), магчыма, працуе нешта накшталт самацэнзуры. Маўляў, я бачу, што ёсць такая тэма, яна складаная, вострая, вельмі праблематычная. Усе мае калегі па прапагандысцкім цэху маўчаць — я таксама яе не буду [чапаць].

Тэма для беларускіх уладаў і перш за ўсё для КДБ — вельмі адчувальная. Камітэт дзяржаўнай бяспекі, [яго кіраўнік] Іван Церцель на Усебеларускім народным сходзе рапартаваў, якая яны насамрэч паспяховая спецслужба. Рэгулярна выпускаюцца рознага кшталту фільмы, дзе паказваецца, што тут выкрылі, тут спынілі гэта і тое. А што мы маем на практыцы? Нават свае ўласныя звесткі — даносы, звароты грамадзян, што, можна сказаць, асабліва важнае для такой спецслужбы, як КДБ, — і тое не здолелі засцерагчы. І гэтая інфармацыя была выкрадзеная, цяпер знаходзіцца ў вольным доступе. Вядома, гэта правал з боку КДБ. Прызнаваць правалы не хочацца.

Я думаю, што там унутры ў сябе яны цяпер актыўна думаюць, што з гэтым рабіць, каго пакараць і хто, так бы мовіць, вінаваты. Але гэта, вядома, будзе мець наступствы, бо любы чалавек, які звяртаецца ў Камітэт дзяржаўнай бяспекі, цяпер разумее: там не ўсё так проста. Звернешся, кагосьці там здасі, паскардзішся — а потым твае звесткі трапяць у адкрыты доступ. Не толькі прозвішча, але і тэлефонны нумар, іншае. А ў беларускім грамадстве, нягледзячы і на савецкую традыцыю, і ўсё больш таталітарны характар сістэмы, мяркуючы з усяго, даносчыкам быць не вельмі хочацца. Нават тое, што мы бачым цяпер: людзі, якія пісалі гэтыя даносы і атрымліваюць званкі ад прэсы з просьбай выказацца з гэтай нагоды, нават калі яны актыўна падтрымліваюць рэжым, і тое спрабуюць адбіцца. То-бок выглядаць даносчыкам — напэўна, перабор нават для многіх з тых, хто падтрымлівае дзейную ўладу.

— Зліў базы — гэта ўдар для ўлады?

— Безумоўна. Удар для ўлады, па прэстыжу. Для тых, хто захоча стаць крыніцай інфармацыі для гэтай улады, узнікла пытанне, ці можна туды звяртацца. Ці можна перадаваць нейкую інфармацыю, калі яна так лёгка можа трапіць у трэція рукі. Гэта ўдар па рэпутацыі беларускага КДБ у прыватнасці.

Ну і гэта дае нам, вядома ж, магчымасць прасачыць і механізмы даносаў, і пэўныя тэндэнцыі ў беларускім грамадстве, і ў тым ліку практыку працы КДБ. Тут жа вядомы цэлы шэраг гучных справаў, якія пачыналіся менавіта з даносаў. Можна глядзець, як спецслужба рэагуе, як раскручвае гэтыя гісторыі. Гэта ўсё тая інфармацыя, якую яны не хацелі б пускаць у грамадскую прастору. Таму яны, напэўна, і маўчаць.

Яны выбралі для сябе найлепшую з найгоршых тактык. Бо ў прынцыпе няма добрых варыянтаў, калі такая інфармацыя з тваёй структуры трапляе ў грамадскую прастору. Прызнаць — кепскі варыянт. Пачаць гаварыць — прыцягнуць дадатковую ўвагу да гэтых даносаў. Перш за ўсё сярод нават тых людзей, якія жывуць у Беларусі і, можа, нават лаяльна ставяцца да гэтага рэжыму. Пачытаць такое, убачыць, як гэта выглядае, многім вельмі цікава. Ну, і агульны недавер да КДБ, часта нават кпіны што да вынікаў іх працы — гэта ж усё толькі павялічылася. Бо як можна сур’ёзна ўспрымаць заяву Церцеля пра тое, што яны спынілі тое і гэтае, калі яны нават не змаглі засцерагчы звароты, якія да іх паступалі.

— Вінаватыя будуць пакараныя?

— Думаю, што ў іх там унутры ідзе расследаванне. Яны спрабуюць знайсці адказных, хто недагледзеў, хто неналежна выканаў уласную працу, дзе былі слабыя месцы. Так што, думаю, яны гэтым актыўна зоймуцца. І, думаю, нават на самым версе піраміды КДБ дрыжаць з нагоды таго, а што будзе, калі Аляксандру Лукашэнку гэта раптам вельмі моцна не спадабаецца. А ён даведаецца нейкім чынам і дасць указанне адрэагаваць. Так што, думаю, цяпер у КДБ пануе далёка не найлепшая атмасфера.

Іншае пытанне, што структура гэтая ўсё ж закрытая, і інфармацыя, інсайды з яе, як правіла, у публічную сферу не трапляюць. Так што, калі мы даведаемся пра адстаўкі-перастаноўкі, гэта будзе праз нейкі час. Нам, грамадскасці, ужо дакладна пра гэта не паведамяць. Ну, а калі нейкія людзі раптам знікнуць з публічнай прасторы, стане зразумела, што яны там больш не працуюць, — цалкам магчыма, гэта і будзе звязана з сённяшнімі падзеямі.

«Матэрыялы пацвярджаюць знаёмую з даносаў сталінскага часу, нацысцкай Германіі тэндэнцыю — людзі зводзяць рахункі»

— Як высветлілася пасля зліву, беларусы за дзевяць гадоў напісалі ў КДБ 40 000 гэтых зваротаў-даносаў. Пра што гэта сведчыць?

— Гэтыя звароты абсалютна розныя. Там жа шмат замежных грамадзян — звярталіся не толькі беларусы. Прычым шмат зваротаў, якія ніяк не звязаныя з палітыкай. Ёсць людзі, якія хочуць атрымаць, напрыклад, інфармацыю пра сваіх сваякоў. Ёсць цэлы шэраг зваротаў ад людзей, у якіх сур’ёзныя праблемы з псіхікай (гэта можна дапусціць зыходзячы з таго, як яны напісаныя). І гэта таксама вядомы феномен, калі ў такія структуры, як разведка, КДБ, спецслужбы, міліцыя, звяртаюцца грамадзяне, чые паведамленні сведчаць, хутчэй, пра праблемы са здароўем.

Калі ўжо весці гаворку пра даносы (іх там таксама хапае), то напісаныя яны і людзьмі, якія жывуць на тэрыторыі Беларусі, і тымі, хто жыве за яе межамі. Але тут жа пытанне не ў колькасці — гэта пытанне якасці. Адзін умелы актыўны даносчык можа нашкодзіць значна больш, чым 100 або 200 чалавек, якія час ад часу пішуць.

Аднак маштабы яшчэ трэба будзе ацаніць, бо гэта ж усё ж немалая колькасць. Трэба глядзець гэтыя гісторыі, глядзець на наступствы. Калі будзе бачная агульная карціна, калі стане больш зразумела, што КДБ рабіў з гэтымі даносамі. Пацярпелі людзі ад іх ці КДБ гэта ўсё спусціў на тармазах.

І зноў жа, мы не ведаем, наколькі поўная гэтая база, — гэта ўсе даносы, якія прыходзілі? Ёсць жа яшчэ і іншыя метады звароту: людзі, якія тэлефанавалі ў КДБ, якія, цалкам магчыма, пісалі звычайныя лісты, асабліва ў 2010-я гады. Гэтыя ўсе фактары таксама ўплываюць на ацэнку.

Яшчэ сярод даносаў, якія мне трапляліся, гаворка ідзе не толькі пра ідэалогію — людзі матэрыяльных дабротаў для сябе шукалі, зводзілі рахункі. У гэтым сэнсе такія матэрыялы банальныя. Але яны пацвярджаюць агульную тэндэнцыю, знаёмую з даносаў сталінскага часу, нацысцкай Германіі, ГДР. Многія людзі звярталіся ў такую структуру не таму, што хацелі выслужыцца ці нешта зрабіць. Яны проста шукалі магчымасці звесці з кімсьці рахункі або атрымаць доступ да нейкіх матэрыяльных дабротаў. У злітай базе КДБ такога таксама хапае. Гэта відаць, калі мужу здраджвае жонка, таму ён даносіць на яе. Вядома, трэба ацаніць, як гэта выглядае на агульным фоне. Але пакуль у мяне не склалася ўражання, што там шмат людзей менавіта таму, што вось яны такія ідэалагічныя.

І яшчэ адзін важны момант (і ён, вядома, фатальны для дэмакратычных сіл) — гэта колькасць людзей з дэмакратычнага асяроддзя. Калі асоба, якая цяпер балатуецца ў Каардынацыйную раду, у свой час у 2018 годзе даносіла на Эдуарда Пальчыса, калі я не памыляюся (гаворка пра магіляўчанку Вольгу Цішкевіч, сама яна адмаўляе, што дасылала данос у КДБ. Аднак у шэрагах кандыдатаў у КР быў сябра партыі «Народная грамада», які даносіў на Мікалая Аўтуховіча ў 2017 годзе. — Заўв. рэд.). Гэта сведчыць пра вельмі кепскі стан дэмакратычных сілаў, пра тое, што ў іх хапала і, напэўна, дагэтуль хапае людзей, якія супрацоўнічаюць са спэцслужбамі і пастаўляюць інфармацыю.

Але цяпер, вядома, калі гэта ўсё выйшла ў публічную прастору і быць даносчыкам, мякка кажучы, не вельмі добра, многія, магчыма, задумаюцца. А некаторыя, магчыма, дрыжаць і думаюць: «Не ўсё выйшла на паверхню і дзякуй богу, а я ж таксама калісьці нешта такое рабіў».

Чытайце таксама