Для Беларусі важнейшы курс расійскага рубля і юаня, чым даляра і еўра. Пра гэта ў эфіры дзяржтэлеканала «Беларусь 1» расказаў прэм’ер-міністр Раман Галоўчанка.
Беларусы ўважліва сочаць за зменлівымі курсамі валют, дзе рубель у апошнія тыдні паскорыў падзенне да даляра, аднак гэтая сітуацыя, з пункту гледжання Рамана Галоўчанкі, не выклікае асаблівага хвалявання.
«Я не бачу нейкай напружанасці ў гэтым пытанні. Па-мойму, мы за гэтыя гады сваёй палітыкай эканамічнай, якую мы праводзім, усялілі, па-першае, у людзей упэўненасць у першую чаргу ў беларускім рублі. Пра гэта кажа і ўстойлівы рост нашых дэпазітаў у банкаўскай сістэме — як фізічных асобаў, так і юрыдычных асобаў, чаго не было вельмі доўгі час», — сказаў Галоўчанка.
Прыкметай стабільнасці беларускага рубля ён таксама назваў скарачэнне дэпазітаў у замежнай валюце.
Галоўчанка ўпэўнены, што сітуацыя са скокамі курсу — «часовая з’ява». Адной з прычын ён лічыць пераабранне Дональда Трампа на пасаду прэзідэнта ЗША: ён паабяцаў зрабіць Амерыку вялікай (зноў), і гэта ўплывае на міжнародны фінансавы рынак.
«Усе чакаюць, што даляр будзе мацнейшым. Адпаведна, ф’ючарсы валютныя ўжо ўлічваюць гэтую папраўку. Яны цалкам потым могуць адыграць назад. Гэта, я б сказаў, такое больш эмацыйнае рашэнне, якое таксама ўплывае на інвестараў. З улікам таго, што наш валютны курс плавае, у нас рынкавае цэнаўтварэнне, таму беларускі рубель аўтаматычна здэвальваваўся трохі да даляра ЗША. Але я падкрэслю, што ўвесь час да гэтага беларускі рубель умацоўваўся да амерыканскай валюты», — растлумачыў прэм’ер.
Галоўчанка таксама заявіў, што для Беларусі важныя іншыя замежныя валюты — расійскі рубель і кітайскі юань, бо гэта валюты «асноўных гандлёвых партнёраў і тых дружалюбных краін, якія з намі разлічваюцца ў гэтых валютах».
Чытайце таксама


