Падтрымаць каманду Люстэрка
Беларусы на вайне
  1. Власти анонсировали новое возможное ограничение для нанимателей
  2. «Это недопустимо». Лукашенко в очередной раз потребовал разобраться с вечной проблемой Минска
  3. Легко ли беларусу устроиться на фабрику, куда Лукашенко пригласил мигрантов из Пакистана
  4. «Они совершили ошибку». Трампа спросили об ударе России по Сумам
  5. Десятки случаев. Узнали, как проходят проверки КГБ на железной дороге
  6. Раскалоў урад у выгнанні, даносіў, завабліваў эмігрантаў у Мінск. Расказваем пра знакамітага беларускага агента пад прыкрыццём
  7. Клиентам некоторых банков нужно приготовиться к новшествам, которые появятся в мае
  8. В России рассказали, где в Беларуси может появиться вторая АЭС. Рассказываем, какие регионы рассматривают
  9. В Беларуси начинают отключать отопление — когда и в каких городах
  10. В Дроздах третий год продают дом, который принадлежал экс-охраннику Лукашенко (не исключено, что и сейчас). Как выглядит жилье
  11. «Только сволочь так может поступать». Россия ударила по центру Сум, местные власти заявили о более 30 погибших
  12. ISW: Тактика российского командования приводит к большим потерям, наступление России замедлится
  13. «Просто фамилия — повод». Витебская сторонница «русского мира» рассказала, как силовики допрашивали ее дочь в поезде
  14. Такого дешевого доллара не видели давно: куда курс двинется дальше? Прогноз по валютам
  15. «Говорят, что мы собираем деньги на бомбы, на ракеты». Одиозный минский священник посетовал на прессинг монастыря, помогающего военным РФ
Читать по-русски


Да 29 гадоў Ганна жыла ў Беларусі, працавала ў аддзеле кадраў, захаплялася фатаграфіяй, пакінула за спінай першы шлюб, самастойна гадавала дачку Кіру і ўвогуле была задаволеная жыццём. З ног на галаву ўсё перавярнуў выпадак: паведамленне ў Instagram ад 33-гадовага чылійца на імя Андрэс у чэрвені 2019 года стала пачаткам практычна кіношнай гісторыі кахання. Кароткія спатканні, прапанова ў замку, месяцы на адлегласці і жыццё ў Лацінскай Амерыцы — так выглядалі для Ганны апошнія тры гады. Расказваем яе гісторыю.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна і Андрэс. Фота ад суразмоўніцы

«Было вельмі прыкольна: чалавек з Чылі тут, у Мінску!»

З Андрэсам беларуска пазнаёмілася выпадкова. Тым летам у 2019 годзе ён падарожнічаў па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, і Беларусь была чарговым прыпынкам, пасля Польшчы, Казахстана і Украіны.

— Я тады актыўна вяла Instagram, апісвала Мінск, розныя месцы. А ён, відаць, шукаў, што паглядзець у нашым горадзе. І ў адзін цудоўны дзень я ўбачыла паведамленне: «Прывітанне, я Андрэс, з Чылі». І падумала: о, Чылі, нічога сабе! — успамінае Ганна. — Адразу скажу: у мяне ніколі не было мэты выйсці замуж за замежніка. Але тут аказалася вельмі прыкольна: чалавек з Чылі, тут, падарожнічае! Мы пачалі камунікаваць. Андрэс расказваў, што знаходзіцца ва Украіне і плануе наведаць Мінск. І ў нейкі момант я прапанавала, калі яму патрэбны экскурсавод па горадзе, прагуляцца і паказаць цікавыя месцы.

Сустрэча адбылася ў першы ж вечар Андрэса ў Мінску. Ганна ўспамінае: быў будні дзень, мужчына прыляцеў вечаровым рэйсам і не вельмі хацеў адцягваць новую знаёмую ад справаў. Але беларуска настаяла і выцягнула чылійца на шпацыр.

— Калі мы з ім убачыліся першы раз, мяне ўразіла, што ён быў акуратна апрануты, надушаны, у пінжаку і джынсах. А я маю вялікую слабасць да мужчын у пінжаках і касцюмах. Ён мне адразу падарыў магніцік, які прывёз з сабой, гэта было вельмі міла. А яшчэ чылійцы заўсёды, нават калі знаёмяцца з новым чалавекам, цалуюць яго ў шчочку — і ён таксама пацалаваў мяне пры сустрэчы. Усё гэта адразу ж выклікала вялікую сімпатыю. Да таго ж мы гулялі па вечаровым Мінску — гэта дадало рамантыкі, — расказвае суразмоўніца. — Размаўлялі, расказвалі пра сябе. У нейкі момант ён пачаў дзяліцца ўражаннямі пра мясцовую кухню, захапляцца ўкраінскім баршчом. І я запрасіла яго да сябе на абед на наступны дзень — вырашыла здзівіць мачанкай з блінамі, якой ён да гэтага дакладна не каштаваў. Назаўтра ў нас адбыўся абед у мяне дома — і ўжо дзесьці ў гэты момант мы зразумелі: нешта такое праслізнула (смяецца).

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна і Андрэс ў Мінску, чэрвень 2019 года. Фота ад суразмоўніцы

Сімпатыя, мабыць, узнікла і ў Андрэса: ён планаваў прабавіць у Мінску ўсяго два дні, але пасля сустрэчы з Ганнай змяніў планы. Чыліец не паехаў у Маскву і Піцер, як хацеў, і застаўся ў беларускай сталіцы. Але часу ўсё роўна было няшмат. Яшчэ некалькі дзён яны прабавілі разам, а потым мужчына паехаў у Кіеў, затым у Варшаву, адкуль быў яго рэйс назад у Чылі.

— Але мы працягвалі камунікаваць, ён кожны дзень дасылаў мне фатаграфіі, расказваў, як ён, што ўбачыў. Я ўсё больш разумела, наколькі ён адукаваны і эрудыяваны, наколькі з ім цікава. І ў нейкі момант у мяне ўзнікла пытанне: а што далей? Было незразумела, нават трохі страшна ад гэтай нявызначанасці, — апісвае свой стан Ганна. — І я вырашыла паехаць у Варшаву. Мабыць, іскра аказалася настолькі моцнай, што я паехала ў іншую краіну, каб пабачыцца яшчэ раз. Прычым я ведала, што ў нас там будзе менш за суткі. Калі я прыехала, ён быў вельмі ўражаны, не мог паверыць. Мы размаўлялі, думалі, што рабіць далей, да чаго ўсё гэта можа прывесці. І вырашылі: будзем камунікаваць далей. А потым ён паляцеў дадому, а я вярнулася ў Мінск.

«Мы былі на сувязі 24/7, гэта проста тоны паведамленняў»

Адносіны развіваліся вельмі хутка: праз тыдзень размоваў і перапісак Андрэс прапанаваў Ганне прыехаць да яго ў госці. Пасля невялікага рэсёрча аказалася, што для паездкі ў Чылі беларусам патрэбная віза. У адказ на гэта ўжо бойфрэнд Ганны выслаў аплачаны білет на самалёт, каб яна магла падаць дакументы ў консульства.

— Калі я сказала маме, што ён запрасіў мяне паляцець у Чылі, першае яе пытанне: «А ты не баішся?» Вядома, было трохі стрэсава: гэта мой першы трансатлантычны пералёт. Да таго ж гэта Лацінская Амерыка! Іншыя людзі, іншы менталітэт. Але я па натуры чалавек-прыгода, таму, маючы ўяўленне пра Андрэса як пра чалавека, я не сумнявалася ў сваім рашэнні. Ну і не варта забываць, што ў гэтай лодцы нас двое, і яму таксама трэба было наважыцца запрасіць мяне да сябе, — разважае суразмоўніца. — Дзесьці два-тры тыдні заняло афармленне візы, а саму паездку запланавалі на верасень, на два тыдні. Калі я прыехала, ён мяне сустрэў, і на наступны дзень мы паехалі на поўдзень Чылі, дзе жыве яго сям’я. Але спачатку паглядзелі нацыянальныя паркі, узбярэжжа — усё было вельмі прыгожым. А потым Андрэс прадставіў мяне бацькам як сваю дзяўчыну, — расказвае беларуска. — Тут трэба адзначыць: з ім мы размаўлялі на англійскай, але ў Чылі гавораць на іспанскай, таму мы з яго роднымі не разумелі адно аднаго. Але цэлы тыдзень гасцявалі ў іх, размаўлялі, калі з майго боку гэта можна назваць размовамі (смяецца). Але нягледзячы на ўсе складанасці ў камунікацыі, яны прынялі мяне вельмі цёпла.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна і Андрэс ў Чылі, 2019 год. Фота ад суразмоўніцы

Потым пара вярнулася ў сталіцу Чылі Сант’яга, дзе жыве і працуе Андрэс, і яшчэ тыдзень прабавіла разам. Шпацыравалі па горадзе, а беларуска прыглядалася, як і што там уладкавана. А ўсё таму, што ўжо ў працэсе паездкі зайшла гаворка пра пераезд, і Ганна з Андрэсам перабіралі варыянты, як ёй прасцей легалізавацца ў Чылі. Мужчына нават змудрыўся арганізаваць ёй сумоўе ў кампаніі свайго сябра.

— Мы нават не разглядалі магчымасць таго, што ён пераедзе ў Беларусь. Яму там няма чаго рабіць у плане працы: па адукацыі ён інжынер, працуе ва ўрадзе, у яго тут кар’ера. А мне асабліва няма чаго было страчваць, акрамя людзей: ні бізнесу, ні нерухомасці. Плюс на той момант ён атрымліваў другую магістарскую ступень. Таму мы вырашылі, што прасцей пераехаць нам з дачкой, — кажа яна. — А чаму ўсё так хутка?.. Калі ты разумееш, што чалавек сапраўды твой, усё адбываецца даволі інтуітыўна. Я адчувала, што ён цалкам мне блізкі, пачынаючы ад бачання свету да нейкіх жыццёвых арыентыраў. Здаецца, што можна даведацца пра чалавека за пару дзён? Але ты разумееш, чым ён займаецца, наколькі адэкватны, якія ў яго погляды, захапленні. Да таго ж у нас супала вельмі шмат рэчаў: адно з захапленняў майго мужа — музыка, ён грае на гітары і піша песні, а ў мяне музычная адукацыя. Да таго ж у яго аналітычны склад розуму, інжынерная адукацыя. І гэта той чалавек, які ніколі не робіць нешта спантанна, не абдумаўшы гэта сто тысяч разоў.

Паездка ў Чылі доўжылася два тыдні, а потым Ганна паляцела дадому. І зноў пачаліся паведамленні 24/7 і пастаянныя званкі. Але хутка з’явілася чарговая магчымасць убачыцца: у лістападзе суразмоўніца запланавала для сябе, мамы і дачкі паездку ў Італію, а Андрэс з сябрам якраз па справах прыляцеў у Еўропу. І абое падумалі: гэта зручны момант для сустрэчы. У выніку ўбачыліся ў Літве. У сям'і Ганны быў рэйс з Вільні ў Венецыю, і яна проста паехала туды на некалькі дзён раней.

— Мы сустрэліся з Андрэсам, амаль чатыры дні правялі ўдваіх. Шпацыравалі па горадзе, бавілі разам час. Абышлі ўсю Вільню і вырашылі паехаць у Тракай. І там, у замку, ён зрабіў мне прапанову. Я была ў шоку! Нават не падазравала, што ён такое планаваў. Але пагадзілася, вядома, — усміхаецца беларуска. — Потым спытала ў Андрэса, калі ён вырашыў гэта зрабіць, і ён адказаў: «Ды нядаўна». Прыляцеў у Еўропу, і пакуль яны былі з сябрам у Аўстрыі, вырашыў, што хоча зрабіць мне прапанову.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Андрэс зрабіў прапанову Ганне праз шэсць месяцаў пасля знаёмства. Фота ад суразмоўніцы

А потым у Вільню прыехалі мама і дачка Ганны, і адбылося знаёмства з яе будучым мужам. Суразмоўніца адзначае: для яе родных гэта было не зусім «раптам», бо яны ведалі пра Андрэса, сачылі за развіццём стасункаў, а яе дачка нават часам удзельнічала ў сазвонах. Пасля Андрэс паляцеў у Мадрыд, а Ганна з сям’ёй — у Італію. Але наша суразмоўніца — ужо ў новым статусе заручанай. Потым былі зімовыя святы, і пасля Новага года пара пачала абдумваць будучыню: дзе браць шлюб, калі і як пераязджаць. Вырашылі, што вяселле будзе ў Чылі — так прасцей падацца на мясцовы ВНЖ. А потым Ганна вернецца ў Беларусь і забярэ Кіру.

— Але распісацца як планавалі не выйшла: літаральна за тыдзень да адлёту з Мінска паўсталі праблемы з маімі дакументамі. І альбо я нікуды не лячу і ўсё выпраўляю, але білеты згараюць, альбо лячу, а ўжо потым вяртаюся і займаюся дакументамі. Мы выбралі другі варыянт, — кажа беларуска. — І вось у лютым 2020 года я прыехала да яго. Амаль адразу ж пачалі з’яўляцца навіны, што ў розных краінах фіксуюць выпадкі каранавіруса, быў першы выпадак у Чылі. А я якраз памяняла зваротны білет з Чылі да Вільні на пяць дзён раней. Прыехала ў Мінск, і літаральна праз дзень-два закрыліся ўсе межы, у тым ліку Чылі. І свет сышоў на лакдаўн.

Тады ніхто не думаў, што ўсё зацягнецца надоўга. Прынамсі Ганна з Андрэсам разлічвалі, што пройдзе месяц-другі — і ўсё наладзіцца. Але выйшла інакш: у сакавіку 2020 года Чылі цалкам закрыла межы. Будучыя муж і жонка зразумелі: гісторыя зацягваецца, але наколькі — невядома.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна і Андрэс ў Тракаі, Літва, 2019 год. Фота ад суразмоўніцы

— Мы шукалі варыянты, як нам убачыцца, звярталіся ў консульства, муж прабіваў па сваіх каналах — нічога. Усё, што нам заставалася — чакаць. Гэта цягнулася амаль увесь 2020 год. Было вельмі цяжка: ён у Сант’яга, я ў Мінску, мы не разумелі, калі ўсё гэта скончыцца, што будзе далей. Але не было жадання здацца. Дзякуй Андрэсу — ён вельмі цярплівы і спакойны, заўсёды казаў, што «вось-вось усё зменіцца», трэба толькі пачакаць, — дзеліцца беларуска. — Увесь гэты час мы былі на сувязі 24/7, стэлефаноўваліся пры любой магчымасці. Гэта былі тоны паведамленняў. Я засынала, жадала мужу спакойнай ночы — а раніцай прачыналася, ён жадаў мне добрага дня і сам клаўся спаць. І гэтыя маленькія дзеянні дапамагалі ўсё гэта вывозіць. Але было неймаверна цяжка — мы амаль год пражылі без магчымасці абняць адно аднаго, не ведаючы, калі гэта скончыцца.

«Кожны раз, калі я вяртаюся думкамі на нейкую колькасць гадоў таму, думаю: ого, нічога сабе!»

У лістападзе 2020 года ўлады Чылі паслабілі лакдаўн і нават пачалі пускаць турыстаў. Ганна ўдакладняе: поры года там адваротныя нашым, і лістапад у Чылі — канец вясны і пачатак лета і турыстычнага сезону. Узрадаваўшыся, беларуска зноў пачала шукаць варыянты атрымаць візу. Але беспаспяхова: межы адкрылі, але консульства ў Маскве на яе запыты аб выдачы візы адказвала адмовай.

— У пачатку 2021 года на мяне накаціла туга: мы з Андрэсам стэлефанаваліся, я плакала. У нейкі момант сказала, што адзіны варыянт, які ў нас застаўся, — распісацца ў Беларусі. Сказала мімаходзь, у слязах і ў роспачы, нават не надала значэння гэтай фразе. Мы развіталіся, я пайшла спаць. А раніцай узяла тэлефон — паведамленне ад яго: «Убачымся праз 19 дзён», — і скрын білета, — успамінае той момант субяседніца. — Ён узяў адпачынак і прыляцеў у Беларусь, каб мы распісаліся. Мы забраніравалі месца ў ЗАГСе на 13 лютага, напярэдадні Дня ўсіх закаханых. Абышліся без вяселля як такога, я не хацела ўсюды бегаць, нешта арганізоўваць. Мы распісаліся, прыгожа пафатаграфаваліся, а потым павячэралі ў рэстаране з маёй сям’ёй. З мужам у нас быў кароткі мядовы месяц: пакаталіся па Беларусі, з’ездзілі ў Гродна, Брэст. І Андрэс паляцеў.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Пара распісалася ў Беларусі 13 лютага 2021 года. Фота ад суразмоўніцы

А потым сям’я зноў занурылася ў тонкасці бюракратыі і легалізацыі. Ганна з мужам пачалі высвятляць, як падаць яе і дачку на візу па ўз'яднанні сям'і. Працэс зацягнуўся: ніхто нічога не ведаў, выпадак быў даволі ўнікальны з прычыны кавідных абмежаванняў. У выніку дакументы адправілі ў консульства ў Маскве ў траўні 2021-га.

— І вось 31 траўня я адзначала дзень нараджэння, вырашыла сабраць сваіх сябровак, скарыстацца выпадкам, убачыцца з усімі. А на наступны дзень атрымала ліст пра тое, што нам з Кірай даюць візы. Такі падарунак на дзень нараджэння (смяецца). І ўжо ў канцы чэрвеня мы паехалі ў Маскву па ўсе дакументы, а адтуль паляцелі ў Чылі. Са мной дачка, дзве валізкі — і мы прызямляемся ў Сант’яга, — расказвае Ганна пра пачатак новага этапу свайго жыцця.

У Чылі Ганна, як і хацела, працуе фатографам. Але колькі б ні было досведу за плячыма, усё давялося пачынаць з нуля: у новай краіне цябе ніхто не ведае і кліентаў няма. Суразмоўніца прызнаецца: першы час вельмі хвалявалася. Але ў нейкі момант узяла сябе ў рукі, прадумала план прасоўвання і цяпер задаволеная працай. Прыкладна па такой жа схеме выстройваліся і іншыя бакі жыцця ў Чылі.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна, Андрэс і Кіра ў Чылі, 2022 год. Фота ад суразмоўніцы

— Адаптацыя да жыцця ў новай краіне ва ўсіх праходзіць па-рознаму. Але калі ты едзеш да кагосьці, вельмі дапамагае поўная падтрымка гэтага чалавека. Муж не пакідаў мяне ні на хвіліну, займаўся разам са мной усімі бюракратычнымі пытаннямі: зрабіць страхоўку, атрымаць картку і гэтак далей. Але пры гэтым ён трохі падштурхоўваў мяне нешта рабіць самой, — успамінае беларуска. — Вядома, няпроста праз тое, што гэта іншая культура і іншы менталітэт. Чылійцы многае робяць інакш. Напрыклад, тоўпяцца каля дзвярэй метро ці ўсё робяць павольна і адкладаюць на заўтра. І трэба пастаянна сябе абрываць, вучыцца падладжвацца пад новыя рэаліі. Першы час было складана, але ў мяне працэс адаптацыі прайшоў не так жорстка, як у многіх. Магчыма, таму, што падтрымка маёй чылійскай сям'і была велізарнай.

Дапамагала і тое, што рыхтавацца да пераезду Ганна пачала загадзя. Яшчэ ў сакавіку 2020 года, калі яна вярнулася ў Беларусь, каб выправіць дакументы, то выразна разумела, што пераязджае. Знайшла рэпетытара па іспанскай і за год вывучыла мову прыкладна да ўзроўню В1. Таму, прыехаўшы, ужо магла разумець мясцовых. Праўда, нейкі час Ганна з Андрэсам працягвалі гаварыць на англійскай, пакуль не прайшоў унутраны страх камунікацыі на іспанскай. Пераадолець яго дапамагла сястра Андрэса, якая запрасіла Ганну і Кіру да сябе на месяц. Там жа пачала гаварыць на іспанскай і дзяўчынка, а пайшоўшы ў школу, загаварыла зусім свабодна. Цяпер усе трое размаўляюць на адной мове. Апошняе, дарэчы, дапамагло дзяўчынцы яшчэ больш зблізіцца з новым мужам мамы.

— У мяне былі асцярогі наконт таго, як Кіра з Андрэсам будуць будаваць камунікацыю. Ён разумеў, што мая дачка, па сутнасці, становіцца яго прыёмным дзіцем, але для мужа гэта новы досвед, сваіх дзяцей у яго няма. І першы час я выступала маяком для абаіх, — тлумачыць Ганна. — Але яны выдатна заканэкціліся. І нягледзячы на тое, што яна даволі доўга не магла з ім камунікаваць, яны цудоўна знаходзілі агульную мову без словаў. Я нават магла пакінуць Кіру з мужам, пакуль у мяне былі здымкі, і яны разам гулялі ў настолкі, абедалі, вячэралі, добра бавілі час. Я адразу дала ёй зразумець, што Андрэс заўсёды будзе ёй сябрам, што яму можна давяраць. А калі знік моўны бар’ер, усё стала яшчэ лепш: яны жартуюць, гуляюць разам, забаўляюцца. Вядома, падлеткавы ўзрост накладвае пэўны адбітак, але ў цэлым усё выдатна.

Гэтак жа Ганна апісвае цяперашнія адносіны з мужам. Нарэшце, жывучы разам, пасля доўгага часу на адлегласці і кароткіх сустрэч, муж і жонка па-новаму ўспрымаюць адно аднаго.

Анна и Андрес. Фото предоставлено собеседницей
Ганна і Андрэс у Чылі, 2022 год. Фота ад суразмоўніцы

— Я ўсведамляла, што будзе прыцірка. Што гэта я прыходжу на яго тэрыторыю, што ў мужа ўжо ёсць пэўны лад жыцця, свае інтарэсы. Ён з 18 гадоў жыў адзін, і для яго ўсё гэта таксама стрэс. Да таго ж пасля 30 мы абое — сфармаваныя асобы, і значна складаней зжывацца. Але паколькі я вельмі доўга прапрацоўвала свае мінулыя адносіны і разрыў, да другога шлюбу я стала іншым чалавекам. Я была гатовая да моманту прыціркі, да ўсіх складанасцяў для нас траіх. Але калі вы дарослыя людзі і не чакаеце, што хтосьці зменіцца, нашмат прасцей. І такія складанасці толькі ўмацоўваюць адносіны, — упэўненая суразмоўніца. — Жывучы разам, мы працягваем пазнаваць адно аднаго. І высвятляецца, што ў нас яшчэ больш пунктаў судакранання. Таму цяпер усё стала яшчэ лепш, і мы ўжо можам быць у нармальных і паўнавартасных адносінах.

— Кожны раз, калі я вяртаюся думкамі на нейкую колькасць гадоў таму, думаю: ого, нічога сабе! Вось такое са мной адбылося! Я падумаць не магла, што сёння буду сядзець у Чылі і расказваць сваю гісторыю «Люстэрку». Але ўва мне ёсць нотка авантурызму, і яна падштурхнула мяне на самае вялікае падарожжа ў маім жыцці. І я радая, што цяпер мы тут. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, якія ўзнікалі, у мяне ніколі не было жадання сабраць валізкі і вярнуцца ў Беларусь. Хоць вельмі хочацца, каб мае мама і брат прыляцелі да нас у госці ў Чылі. Таму што тут цяпер таксама мой дом і мая сям’я.