Набліжаны да ГУБАЗіК тэлеграм-канал паведаміў 7 снежня, што плануе публікаваць менш «пакаяльных» відэа.
Змену падыходу да абыходжання з затрыманымі па пратэсных артыкулах патлумачылі тым, што фармат «вычарпаў сябе сваёй неактуальнасцю». Пры гэтым тэлеграм-канал сілавікоў паабяцаў і далей дэманстраваць затрыманых беларусаў, але перамясціць акцэнт «з асобы на канкрэтныя дзеянні і іх трактоўку».
Нагадаем, на практыку здымак і публікацый «пакаяльных» відэа беларускімі сілавікамі не раз звярталі ўвагу праваабаронцы.
— Сам працэс здымкі і выкарыстанне відэазапісаў такога кшталту парушаюць адразу некалькі нормаў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь і Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах (МПГПП), — каментаваў юрыст праваабарончага цэнтра «Вясна» Павел Сапелка. — У першую чаргу — комплекс правоў чалавека, затрыманага па падазрэнні ў здзяйсненні злачынства, бо менавіта такія людзі, як правіла, робяцца ахвярамі прымусовай здымкі. Іх правы замацаваныя артыкулам 14 МПГПП і ўключаюць у сябе правы быць прадстаўленым абаронцам, не сведчыць супраць сябе, ведаць, у чым чалавек абвінавачваецца, паўстаць перад судом цягам максімальна кароткага прамежку часу.
Акрамя таго, прымус да ўдзелу ў такіх роліках — прамое парушэнне прэзумпцыі невінаватасці, калі чалавек вымушаны ў непрацэсуальнай форме прызнацца ў здзяйсненні забароненых дзеянняў або агаварыць сябе ў здзяйсненні злачынства. Магчыма, з крымінальна-працэсуальнага пункту гледжання гэта было б не так важна, калі б у нас быў справядлівы і незалежны суд. Але, на жаль, гэтыя відэа прызнаюцца доказамі і выкарыстоўваюцца для абгрунтавання вынесеных прысудаў, хоць былі здабытыя непрацэсуальным шляхам.
Прымус да ўдзелу ў такіх роліках парушае свабоду выказвання меркаванняў, бо гэтае права ўключае ў сябе не толькі права выказваць сваё меркаванне, але і не выказваць яго, адмовіцца ад выказванняў адносна тых ці іншых пытанняў грамадска-палітычнага характару. А тут людзей вельмі часта прымушаюць выказацца не толькі адносна іх учынкаў, учынкаў блізкіх і сяброў, але і ў цэлым — з нагоды учынкаў асобных сацыяльна-палітычных груп. Акрамя таго, такія запісы — прамое ўмяшанне ў таямніцу асабістага жыцця, бо людзей вымушаюць раскрываць непублічныя бакі свайго жыцця: прафесійныя пытанні, матэрыяльнае становішча, сэксуальную арыентацыю і гэтак далей.
Таксама відэа парушаюць права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму абыходжанню або катаванням. Бо нават калі на чалавеку няма бачных слядоў або да яго не ўжывалі жорсткія меры або катаванні, мы і людзі, якіх прымушаюць здымацца, выдатна разумеем, што адмова ад здымак можа пацягнуць гэта за сабой.
Павел Сапелка ўпэўнены, што тых, хто прымушае людзей здымацца ў такіх відэа, можна прыцягнуць да адказнасці. Як мінімум — за службовае злачынства, кваліфікацыя ў гэтым выпадку будзе залежаць ад таго, якім чынам атрымлівалася згода на правядзенне запісаў, а таксама тое, хто здымаў. Гэта трапляе пад кваліфікацыю арт. 426 Крымінальнага кодэкса. Таксама юрыст бачыць у гэтым злачынства супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца прадстаўніком дзяржавы. У такім выпадку тэрмінаў даўнасці няма.
Артыкул 12 Крымінальна-працэсуальнага кодэкса Беларусі
1. Падчас вытворчасці па матэрыялах і крымінальнай справе забараняюцца дзеянні і рашэнні, якія прыніжаюць гонар і годнасць альбо ствараюць небяспеку для жыцця і здароўя ўдзельнікаў крымінальнага працэсу.
2. Наступствы і матэрыяльнае пакрыццё маральнай шкоды, нанесенай падчас здзяйснення злачынства альбо дзеяннямі службовых асоб органа, які вядзе крымінальны працэс, ліквідуюцца і ажыццяўляюцца ў парадку, вызначаным гэтым Кодэксам.