Міністэрства ўнутраных справаў прапануе заканадаўча замацаваць шырокую ваенную падрыхтоўку жыхароў Беларусі. Пра гэта заявіў намеснік міністра ўнутраных справаў — камандуючы ўнутранымі войскамі МУС Мікалай Карпянкоў у эфіры праграмы «Контуры» на АНТ.
«Мы хочам узаконіць і шырокую падрыхтоўку нашага насельніцтва, калі будзе такое жаданне і будзе пастаўленая задача на навучанне і агнявую падрыхтоўку, і тактычную падрыхтоўку. То-бок усе тыя прадметы, якія ў нас некалі выкладаліся ў пачатковай ваеннай падрыхтоўцы», — сказаў ён.
Паводле яго словаў, цяпер «прапрацоўваюцца заканадаўчыя ініцыятывы», якія б дазволілі прыраўняць да вайскоўцаў тых, «хто добраахвотна прыйдзе ў падраздзяленні спецыяльнага прызначэння», каб у іх былі адпаведныя «сацыяльныя льготы і прававыя гарантыі». Ён таксама расказаў, што дэмабілізаваныя за апошнія тры гады сілавікі з унутраных войскаў прыбылі на зборы, «бо вонкавыя абставіны абавязваюць».
На АНТ заявілі, што іх больш за 300 чалавек.
«У нас не будзе праводзіцца мабілізацыя. Гэта ўжо неаднаразова гаварылася кіраўніком дзяржавы. І я як намеснік міністра, камандуючы ўнутранымі войскамі ўсё гэта пацвярджаю. Байцы, якія прайшлі 2020, 2021, 2022 гады, якія былі ў гэтых баявых парадках, якія з’яўляюцца нашымі людзьмі, — цяпер яны прыбылі сюды без мабілізацыі па ўласным жаданні. Людзі прыбылі сюды, і мы не маглі тут усіх прыняць. Мы сфармавалі атрад, які па колькасці — два батальёны. Гэтыя два батальёны займаюцца тут, высокаматываваныя маладыя людзі, якія прайшлі школу спецназа. Гэта менавіта наш адказ на ўсе планы „Перамога“, на ўсе батальёны Каліноўскага і іншыя брыгады», — сказаў Карпянкоў.
Ён заявіў, што колькасць беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне меншая за 100 чалавек.
«Мы не мусім рабіць нейкія гучныя заявы. Мы проста да гэтага гатовыя. Калі хтосьці думае, што нас чымсьці здзівіць — ён проста трапіць у пастку. Прыводжу прыклад: усе добра памятаюць 1961 год, красавік, Куба, заліў Свінняў — добра, што ён так называецца. Дэсант, які падрыхтаваны з контррэвалюцыянераў, 750 чалавек, за імі цэлая амерыканская армія знаходзіцца, урад ужо падрыхтаваны. Яны ўрываюцца, іх проста знішчаюць, яны трапілі ў пастку. Артылерыя кагосьці знесла, камусьці пашанцавала — у палон здаўся. Тут я скажу ім: чытайце гісторыю, тое самае чакае і вас», — дадаў ён.
Нагадаем, раней Мікалай Карпянкоў заявіў, што ўсе дэмбелі з унутраных войскаў за апошнія тры гады запісаліся добраахвотнікамі, а з ветэранаў сфармавалі часткі.