Закрыццём межаў з Беларуссю Літва, Латвія і Польшча зробяць горш толькі сабе і сваім грамадзянам. Пра гэта Аляксандр Лукашэнка заявіў падчас размовы з журналістамі, піша яго прэс-служба.
«Літву, Латвію я не зусім разумею. Хутчэй за ўсё, яны ў гэтым трэндзе бягуць наперадзе паравоза (каб толькі не трапілі пад яго), хочуць выпендрыцца. Але гэта ж бокам вылезе. Хочуць закрыць — хай закрываюцца. Мы ўсё роўна ў Літву, Латвію не ездзім і праз іх таксама не працуем. Каму яны горш зробяць? Яны зробяць горш толькі сабе і сваім людзям», — сказаў Лукашэнка.
Палітык падкрэсліў, што Беларусь — мірная краіна і ніякіх прэтэнзій да сваіх заходніх суседзяў не мае. «Мы хочам жыць на сваёй зямлі. Нам не трэба ні польскія землі, ні літоўскія, ні латышскія. Але ў іх сёння палітычны псіхоз напярэдадні выбараў, асабліва ў Польшчы, вось яны і будуць нагнятаць гэтую сітуацыю. Закрыюць — хай закрываюць, зробяць горш толькі для сябе. І так ужо народ збяднеў: зімой дровы ад нас вывозілі, бо тапіць няма чым. І калі ласка. Мы будзем ім дапамагаць, трэба будзе — бясплатна будзем дапамагаць, каб людзі вытрымалі гэта», — заявіў Лукашэнка.
«Там не дурні, там людзі моцныя, загартаваныя. Такія, як мы. Яны хутка знясуць гэтых кіраўнікоў», — перакананы палітык.
Нагадаем, краіны Балтыі і Польшча абмяркуюць механізм поўнага закрыцця мяжы з Беларуссю 28 жніўня на міністэрскай сустрэчы ў Варшаве.
Пры гэтым намеснік міністра ўнутраных справаў Літвы Арнольдас Абрамавічус заявіў, што адначасовае закрыццё ўсіх памежных пунктаў з Беларуссю «выкліча вялікія арганізацыйныя праблемы».
Прэм’ер-міністарка Літвы Інгрыда Шыманітэ адзначыла, што механізм поўнага закрыцця Літвой, Латвіяй і Польшчай межаў з Беларуссю ўжо выпрацаваны. Кіраўнік Службы аховы дзяржмяжы Літвы Рустам Любаеў расказваў, што «тэхнічна гэта проста зрабіць», спаслаўшыся на досвед закрыцця межаў у перыяд каранавіруса.
Раней урад Літвы ўжо прыняў рашэнне закрыць два з шасці пунктаў пропуску на мяжы з Беларуссю з 18 жніўня.
Чытайце таксама