Спявачка Мерыем Герасіменка была паспяхова эвакуяваная з Беларусі і знаходзіцца ў бяспецы. Пра гэта паведаміў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак.
«Гэта была вельмі працяглая па часе, цікавая і няпростая аперацыя, і я рады, што паспяховая», — адзначыў ён.
Калі менавіта і ў якую краіну з’ехала спявачка — не паведамляецца.
Сама спявачка напісала ў Instagram, што пакінула Беларусь і шчаслівая: «Самае галоўнае, я хачу каб вы ведалі, мае дарагія, цяпер я абсалютна шчаслівая, а шчаслівая таму, што цалкам вольная і працягваю свой яркі шлях».
Беларусь таксама пакінулі ўладальнікі бара «Банкі-бутэлькі «- Андрэй і Марыя Жук.
Нагадаем, Мерыем Герасіменка затрымалі ў пачатку жніўня 2022 года пасля таго, як яна сыграла канцэрт на тэрасе бара «Банкі-бутэлькі» ў цэнтры Мінска, на вуліцы Зыбіцкай. Сярод іншых яна выканала песні ўкраінскага гурта «Акіян Эльзы». Дзяўчыну асудзілі спачатку на 15 сутак, потым яшчэ раз на той самы тэрмін, але на волю яна так і не выйшла. Акрамя спявачкі сілавікі таксама затрымлівалі ўладальніка бара Андрэя Жука і некалькіх супрацоўнікаў (а пазней і жонку ўладальніка). З таго часу бар закрыты.
Пазней у дачыненні да Герасіменка завялі крымінальную справу. Раней сілавікі сцвярджалі, што ў 2020 годзе дзяўчына ўдзельнічала ў акцыях пратэсту. Праваабаронцы прызналі яе палітзняволенай.
20 студзеня 2023 года суд асудзіў Мерыем Герасіменка на тры гады «хатняй хіміі».