Беларуская прапаганда пасля 2020 года актыўна расказвае, як дрэнна жыць на Захадзе, — у прыватнасці, у краінах Еўрасаюза. Адзін з рупараў такой агітацыі — адыёзная газета «Мінская праўда». На яе сайце нават ёсць асобная рубрыка пад назвай «Страны не для жизни», якая прысвечаная праблемам, выяўленым супрацоўнікамі «МП» за мяжой. Расказваем, як менавіта выданне спрабуе пераканаць беларусаў, што славутая стабільнасць заканчваецца на заходніх межах Беларусі.
Пра што газета піша ў сваёй рубрыцы
У рубрыцы «Страны не для жизни» з моманту яе з’яўлення ў лютым 2022 года выйшла каля 140 тэкстаў. Значная частка публікацый датычыць рээмігрантаў — тых, хто вярнуўся ў Беларусь з-за мяжы. Супрацоўнікі газеты даведваюцца ад такіх суразмоўцаў пра складанасці жыцця за мяжой і праблемы, якія тыя паспелі заўважыць.
Краіны, у якіх дрэнна жыць, як лічаць суразмоўцы і супрацоўнікі газеты, — гэта Чэхія, Германія, Іспанія, Вялікабрытанія, Канада, Латвія, ЗША, Аўстрыя, Украіна, Узбекістан, Тайланд, Польшча, Італія, Швейцарыя, Літва, Туркменістан, Эстонія, Азербайджан, Грузія і Кыргызстан.
Асаблівы акцэнт у публікацыях зроблены на Германію і Іспанію — ніжэй мы растлумачым чаму.
У Чэхіі «кожны шосты жыхар — цыган»
Рубрыка пачалася з інтэрв'ю анархіста Юрыя Пузікава, які з’ехаў каля 20 гадоў таму ў Чэхію і вярнуўся ў Беларусь у 2014 годзе.
Сярод іншага ён заявіў наступнае: «Насельніцтва ў Чэхіі жыве бедненька і ў асноўным за кошт турызму. У краіне кожны шосты жыхар — цыган, а гэта людзі без адукацыі. У Паўночнай Чэхіі ёсць цэлыя цыганскія паселішчы. Мясцовыя чыноўнікі нават спрабавалі адгароджвацца ад іх платамі, аднак цэнтральная ўлада забараніла гэта рабіць. Там рэальна будаваліся гета. Прага — гэта як бы вітрына, але астатняя Чэхія жыве сціпла, Там няма такога дабрабыту».
Паводле афіцыйных звестак перапісу насельніцтва, у 2021 годзе ў Чэхіі жыло крыху больш за 4,4 тысячы ромаў (цыган). Паводле ацэнак актывіста Карала Халомека з супольнасці ромаў Маравіі (рэгіён Чэхіі), іх рэальная колькасць можа даходзіць да 250 тысяч. Пры колькасці насельніцтва краіны больш чым 10,8 мільёна ні першая лічба (0,04%), ні другая (2,3%) ніяк не могуць быць адной шостай часткай.
Таксама, са словаў Пузікава, калі ў Чэхіі прызнацца, што ты з Усходняй Еўропы, то «гэта ўсё» — «гэта значыць, што ты дурань і ты бедны». Аднак гэта ацэначнае меркаванне, якое грунтуецца на асабістым досведзе мужчыны. Яно можа быць няслушным нават з геаграфічнага пункту гледжання — Статыстычны аддзел ААН адносіць саму Чэхію да Усходняй Еўропы, як і Беларусь. А вось у амерыканскім ЦРУ гэтую краіну лічаць ужо часткай Цэнтральнай Еўропы.
Любыя ж стэрэатыпы пра любыя народы (і іх стаўленне да суседзяў і іншых нацый) — неаб’ектыўныя. Яны проста дапамагаюць чалавеку спрошчана асэнсоўваць велізарны свет — і чэхам, і беларусам, і ромам.
У Германіі людзі згараюць на працы і трымаюцца на какаіне
«Германія. Людзі згараюць на працы за пару месяцаў, некаторыя трымаюцца на какаіне», — так называецца інтэрв'ю мінчанкі Анастасіі, якая жыла ў ФРГ. З такога загалоўка можна зрабіць выснову, што працаголікі-немцы ўжываюць какаін, каб быць у тонусе пры вялікіх перапрацоўках. Але калі прачытаць увесь тэкст, то адзіная згадка какаіну ёсць у апісанні расчаравання дзяўчыны ў «хваленай нямецкай сістэме».
«Прыходзіш раніцай у офіс, а твой начальнік усю ноч тусіў, і пасля какаіну ён абсалютна ніякі. І гэта норма для IT-сферы, бо там круцяцца велізарныя грошы. Людзі жывуць працай, яны выгараюць маментальна. За 6 гадоў у кампаніі змянілася 8 начальнікаў, гэта пра нешта ды кажа», — апавяла Анастасія.
Кыргызстан і загадкавая гісторыя Курманбека Бакіева
У дзяржмедыя бывае так, што былыя станоўчыя героі становяцца часткай інструментаў прапаганды. Так нядаўна атрымалася, напрыклад, з партыяй «Альтэрнатыва для Германіі», чальцы якой спачатку раздавалі інтэрв'ю ў Беларусі, а пасля высветлілася, што яны правыя экстрэмісты і распаўсюджваюць нацызм.
Вось і неадзначаны аўтар тэксту пра Кыргызстан апісаў, як Курманбек Бакіеў (аўтар чамусьці называе яго Урманбекам) на пасадзе прэзідэнта гэтай краіны «пачаў жорсткімі метадамі прыбіраць непажаданых», а яго сын «хутка прысабечыў усё, што магло прыносіць даход, і пераразмеркаваў уласнасць». Аўтар адзначыў, што ў выніку выступленняў супраць уладаў загінула каля 100 чалавек, больш за 1500 пацярпела, а вінаваты збег з краіны: «Апетыт Бакіевых быў такі неўтаймаваны, што за 4 гады яны здолелі назапасіць большы капітал, чым папярэдняя ўлада за 14 гадоў».
Але загваздка ў тым, што Бакіеў збег з Кыргызстана ў Беларусь, дзе разам з сям’ёй атрымаў новыя дакументы. І афіцыйныя беларускія ўлады адмаўляюцца выдаваць яго на радзіму, заяўляючы, што там таго «пераследуюць». Дарэчы, цяпер у Беларусі, відаць, узніклі праблемы з бізнесам сям'і экс-Бакіева (цяпер ён яшчэ і Саліеў) — Беларускай нацыянальнай біятэхналагічнай карпарацыяй.
Азербайджан і фокус са знікненнем партвейну
У цыкле пра постсавецкія рэспублікі ад «Мінскай праўды» ёсць і Азербайджан — краіна, з якой у Аляксандра Лукашэнкі склаліся адносна нядрэнныя адносіны. Але ў публікацыі адзначаецца, што там не захавалі савецкую спадчыну, а цяпер у краіне высокі ўзровень карупцыі. Таксама напісана, што ў Азербайджане «ў продажы не знайсці» вядомага ў часы СССР партвейну «Агдам».
Насамрэч гэты белы партвейн нікуды не знік. А ўсё гэтак жа вырабляецца ў дружалюбным Лукашэнку Азербайджане. Мы без праблем знайшлі напой у адной са службаў дастаўкі прадуктаў у Баку — за бутэльку просяць 10 манатаў (каля 20 беларускіх рублёў). Летась напой нават атрымаў узнагароду ў Карэі. Сцвярджаецца, што ён мае глыбокі і гарманічны смак, а таксама шматгранны водар з нотамі арэхаў і цукатаў.
Іспанскі камуніст і аповеды пра нацыстаў ва Украіне
Адзін з гасцей рубрыкі — каталонскі камуніст Альберт Сантын. Праўда, ён разважаў не пра Іспанію. Мужчына расказаў газеце, што лозунг «Слава Украіне!» — нацысцкі. У сваім інтэрв'ю ён заявіў, што іспанцы не ў курсе, што Украінай кіруюць практычна фашысты.
«Яны не ведаюць ні пра прафашысцкі ўкраінскі ўрад, ні пра вайну, якая там ідзе 8 гадоў. Не разумеюць, што лозунг „Слава Украіне!“ — нацысцкі. Для іх гэта лозунг патрыётаў. І фашыстаў яны называюць патрыётамі», — расказаў Сантын.
Насамрэч лозунг «Слава Украіне» з’явіўся раней за нацызм і нават фашызм. А менавіта — дзесьці ў самым пачатку ХХ стагоддзя. Само словазлучэнне сустракаецца і ў паэта Тараса Шаўчэнкі ў вершы «До Основ’яненка», які быў напісаны ў 1840 годзе і рэдагаваўся яшчэ праз 20 гадоў.
А фашысцкай украінскую ўладу часта называе толькі Крэмль, а таксама набліжаныя да яго арганізацыі. Фашысцкая ідэалогія ва Украіне наўпрост забароненая законам, а крайне правыя партыі, часта называныя «фашысцкімі» расійскай прапагандай, не маюць сур’ёзнай папулярнасці.
Як Чан Кайшы Чэхаславакіяй кіраваў
Адной з тэмаў тэкстаў газеты пра былую веліч СССР была Чэхаславакія. Там «годным палітыкам» называецца Густаў Гусак, што кіраваў краінай пасля здушэння паўстання ў 1968 годзе і да аксамітнай рэвалюцыі 1989 года. Праўда, на фота з подпісам «Густаў Гусак» выяўлены кіраўнік Кітая 1928−1949 гадоў і прэзідэнт Кітайскай Рэспублікі на Тайвані (1950−1975) Чан Кайшы.
«Тым не менш „аксамітны развод“ усё ж адбыўся ў 1993 годзе, калі савецкія войскі былі цалкам выведзеныя з Чэхаславакіі. Рэспубліку разрэзалі на часткі — на дзве краіны», — піша аўтарка матэрыялу Дзіяна Шыбкоўская.
Адзначым, што аксамітная рэвалюцыя ў краіне прайшла бяскроўна. Таксама без ахвяраў і «разразання» краіна распалася ці, хутчэй, «разышлася» на дзве дзяржавы: Чэхію і Славакію.
Вельмі густанаселеная Швейцарыя і свабодная Беларусь
Яшчэ адзін камуніст — гэтым разам швейцарскі — Давід Расо, расказаў газеце, што зайздросціць беларусам, бо ў нашай краіне «няма сацыяльнага раздзялення» і пераважаюць сярэднія слаі насельніцтва.
«Шпацыруючы вуліцамі Мінска, адчуваю сябе свабодна. Сітуацыя ў вашай краіне спакойная. Тут кожны можа адчуваць сябе свабодным, шчаслівым і ўпэўненым у заўтрашнім дні», — сказаў Давід Расо.
На справе адчуваць сябе свабодным у Беларусі можа не кожны. Напрыклад, гэта недаступна прыкладна 1,5 тысячы вядомых праваабаронцам палітвязняў (у рэальнасці колькасць тых, хто знаходзіцца за кратамі за грамадзянскую пазіцыю, можа быць у разы большай) і іх сваякам, да якіх нядаўна прыходзілі сілавікі.
Яшчэ ці то аўтар, ці то сам швейцарац невядома навошта дадалі ў публікацыю лішні нуль. «У краіне жыве 70 мільёнаў чалавек, у большасці выпадкаў гэта багатыя швейцарцы», — такая цытата Расо там прыводзіцца. Паводле афіцыйных звестак, на канец 2022 года насельніцтва Швейцарыі складала больш за 8,8 мільёна чалавек. На 2023 год 40% насельніцтва, старэйшыя за 15 гадоў, былі мігрантамі і іх нашчадкамі.
Зноў Германія з «нянавісцю да рускіх» і «няправільная» раёнка
Пра Германію для «Мінскай праўды» рэгулярна піша літаратуразнаўца з Санкт-Пецярбурга Марына Румянцава, якая з’ехала ў 2021 годзе пасля шасці гадоў жыцця там. Першы яе тэкст у рубрыцы з’явіўся ў сакавіку 2022-га.
Там, у прыватнасці, сцвярджаецца, што ў краіне «дасягнула апагею нянавісць да рускіх, якая падагравалася доўгія гады». Тэкст прысвечаны роліку з нямецкім палітыкам Олафам Шольцам (на момант здымкі ён яшчэ не быў канцлерам ФРГ), дзе той адказвае на пытанні дваіх дзяцей.
У рунэце напярэдадні ўварвання Расіі ва Украіну разышоўся паўтарахвілінны фрагмент, дзе хлопчык пытае ў Шольца, ці забойца Пуцін, а дзяўчынка — ці мусіць ён сядзець у турме. Гэты ролік Румянцава называе «жахлівым па прапагандысцкім напале», акцэнтуючы ўвагу на колеры скуры хлопчыка.
Што сказаў Шольц
— Што значыць слова «забойца»? — спыталі ў палітыка дзеці.
— Гэта значыць, што хтосьці з нізкіх матываў можа забіць іншага чалавека.
— Пуцін — забойца?
— Пуцін нясе адказнасць за жыццё тых людзей, якім пагражае небяспека. Было б, вядома, лепш, калі б у Расіі дзейнічалі законы і правілы, як у нас у краіне. Але гэта дзяржава, у якой нельга адчуваць сябе ў бяспецы, асабліва калі ты не згодны з уладай.
Пасля Шольц расказаў пра сітуацыю з расійскім палітыкам Аляксеем Навальным, які трапіў у турму пасля вяртання ў Расію з Германіі.
— Пуцін таксама мусіць сесці ў турму?
— Гэта пытанне, якое павінныя вырашаць грамадзяне Расіі. Грамадзяне Расіі павінныя мець больш дэмакратыі для таго, каб выконваліся іх правы. Тады не баішся за сваё жыццё і не баішся ўлады.
Гэтае шоу нельга назваць прапагандысцкім, як сцвярджае Румянцава, — у гэтай яго частцы дзеці задаюць простыя пытанні запрошанаму госцю. Адным з першых, напрыклад, было: «Хто разумнейшы — Ангела Меркель ці Олаф Шольц?» І згаданых «страшылак пра Расію» там няма.
Аднак сама пладавітая аўтарка стварае такія «страшылкі» пра Германію. Калі меркаваць пра гэтую краіну, чытаючы яе тэксты, то можа падацца, што ў ФРГ кепска наогул усё. Тым часам краіна мае найбуйнейшую ў ЕС эканоміку, а яе ВУП на душу насельніцтва амаль у тры разы перавышае аналагічны беларускі паказчык.
На абвяржэнне ўсіх агучаных Румянцавай словаў пра Германію пойдзе шмат часу — яна асноўная аўтарка рубрыкі «Страны не для жизни» і піша тэксты на тэмы кшталту «Нямецкі народ прывялі да фінальнай стадыі духоўнай кастрацыі». Раней ураджэнка Расіі казала, што з’ехала з ФРГ у беларускія Мёры на Віцебшчыне з прычыны «заходняй істэрыі» з нагоды каранавіруснай пандэміі. Жанчына працуе метадысткай у раённай бібліятэцы.
Аднойчы ўсё праз той жа COVID-19 ад Румянцавай дасталася мёрскай раёнцы — нагодай стала фота вымярэння тэмпературы ў дзіцяці ў школе. Аўтарка «Мінскай праўды» прыйшла ў каментары на старонцы газеты «Мірныя навіны» і атакавала супрацоўніка выдання, які апублікаваў пост.
Прыехалі пад Барселону ў вайсковай форме падтрымаць «Несмяротны полк»
А вось публікацыі пра «кепскую Іспанію» з’явіліся на сайце «Мінскай праўды» пасля згаданага вышэй інтэрв'ю з камуністам Альбертам Сантынам — ён у выніку стаў аўтарам выдання. Яго жонка-беларуска, Анастасія Кубарава, расказвала газеце, як іспанцаў хаваюць у сценах.
«У Іспаніі не сустрэнеш такіх могілак, дзе ўсіх хаваюць у зямлю. Ёсць сцяна, у якой нешта накшталт шуфлядак, і ў іх ляжаць труны. Хаваюць у сценах паверхамі, адзін над адным. І сваякі нябожчыка павінныя ўсё жыццё плаціць, каб труна працягвала там знаходзіцца. Калі не плаціш, яго выкідваюць за могілкі як біясмецце», — заяўляла жанчына.
Гэта, вядома, няпраўда — фатаграфіі адных з мадрыдскіх могілак можна ўбачыць, напрыклад, тут: там ёсць цалкам звычайныя для каталіцкай краіны магілы і помнікі. Відаць, Анастасія проста пераблытала магілы з калумбарыямі — сховішчамі урнаў, у якія змяшчаюць прах памерлых пасля крэмацыі іх целаў. Такія сцены з нішамі ёсць і на многіх беларускіх могілках. Як і ў іншых краінах, у Беларусі месцы ў калумбарыях не перадаюцца ва ўласнасць, а здаюцца ў арэнду.
Яшчэ Кубарава расказвала, як яны з мужам «прыехалі ў вайсковай форме часоў Вялікай Айчыннай вайны падтрымаць „таварышаў“ у марскім дэсанце „Несмяротнага палка“» — у горад Льярэт-дэ-Мар недалёка ад Барселоны.
«Назірала, як большасць збеглых (так улады Беларусі і прыхільныя ім грамадзяне называюць беларусаў, што з’ехалі з краіны. — Заўв. рэд.), аб’яднаўшыся цяпер, псуюць імідж нашай дзяржавы за мяжой. Атрымаўшы на радзіме адукацыю, працу, а некаторыя праз узрост — пенсію, з’язджаюць на волю лёсу ў цёплыя краіны, адначасова дыскрэдытуючы Радзіму і землякоў, якія шчыра падтрымліваюць сваю краіну», — падзялілася меркаваннем Кубарава.
Насамрэч імідж беларускай дзяржавы за мяжой у апошнія гады дыскрэдытуюць не людзі, якія з’ехалі з краіны і ўдзельнічаюць у жыцці дыяспар, а самі беларускія ўлады. Важнымі момантамі гэтай дыскрэдытацыі і падставамі для санкцый сталі непразрыстыя і прызнаныя сфальсіфікаванымі прэзідэнцкія выбары 2020 года, наступнае жорсткае здушэнне пратэстаў, пасадка самалёта Ryanair у 2021 годзе, суўдзел у расійскай агрэсіі супраць Украіны ў 2022-м і рэпрэсіі, што цягнуцца дагэтуль.
У канадскім Таронта ўсюды бамжы і наркаманы, а ў Лукашэнкі «моцная ўлада»
А вось Сяргей і Яна пераехалі у Канаду ў лістападзе 2018-га без усялякага плану. І выявілі, што ў паўночнаамерыканскай краіне поўна праблем. Мужчына ў Беларусі працаваў у чайнай, а да гэтага быў фатографам «Белгазеты» і шэрагу іншых незалежных выданняў, Яна — спецыялісткай па знешнеэканамічнай дзейнасці ў прыватнай кампаніі. Чым пара займалася ў Канадзе, выданне не паведаміла. Сяргей толькі сказаў, што ў яго была «не самая класная праца».
У паўночнаамерыканскай краіне пары не спадабаліся бяздомныя на вуліцах, медыцына, магчымасці што да адукацыі дзяцей, іпатэка і іншае. Аднак Сяргей расказаў, што вучыўся ў мясцовых патрыятызму — тыя згаджаліся, што цяпер у краіне кепска, але казалі, што «мы канадцы, і мы будзем біцца за нашую Канаду».
«І гэта мяне вельмі зачапіла! Няўжо я не маю такой мужнасці, каб пабудаваць сваю краіну? Вядома, я адзін пабудаваць не змагу, але зрабіць свой унёсак змагу дакладна. Мы вярнуліся на радзіму. Лукашэнка — выдатны прэзідэнт з моцнай уладай. Але сапраўдная любоў да Беларусі ў нас прачнулася менавіта ў Канадзе», — сказаў Сяргей.
«Мы з велізарнай радасцю вярталіся ў Беларусь, — дадавала Яна. — Прыйшло дакладнае ўсведамленне таго, што ў кожным грамадстве ёсць нейкія абмежаванні, табу і доля дыктатуры і таталітарызму. І сапраўдная любоў да Беларусі насамрэч прыйшла да нас пасля наведвання Канады».
Дарэчы, у відэаверсіі інтэрв'ю няма гэтых словаў пра беларускую ўладу, дыктатуру і таталітарызм.
У рэальнасці «дыктатуры і таталітарызму» ў Беларусі нашмат больш, чым у Канадзе. Напэўна гэта ведае сам Сяргей, які здымаў маўклівыя акцыі 2011 года і апублікаваў навіну пра арышт у 2012 годзе яго калегі, фатографа Антона Сурапіна ў сувязі публікацыяй здымка шведскіх плюшавых мішак, якія ўпалі ў Мінску і пад Івянцом. Ён жа быў упэўнены, што ў КДБ Сурапін «не зламаецца».

Навошта патрэбныя такія публікацыі?
Асноўны пасыл такіх публікацый «Мінскай праўды» — пераканаць чытача, што за мяжой выключна кепска, а ў Беларусі толькі добра. Для гэтага выкарыстоўваюцца аповеды пра негатыўны досвед ад рээмігрантаў, якім не ўдалося наладзіць сваё жыццё за мяжой. У ход ідуць як выдумкі, так і нагнятанне залішняга напружання вакол рэальных праблем. Такая праца выдання ўкладваецца ў рэчышча дзяржпалітыкі апошніх гадоў — улады хочуць спыніць адток людзей з краіны. Але ён не спыняецца.
Завяршыць жа гэты агляд можна фразай ужо згаданай Марыны Румянцавай — былой жыхаркі нямецкага Нотульна, а цяпер супрацоўніцы бібліятэкі ў Мёрах: «Пакуль чалавек чытае кнігі, умее працаваць з інфармацыяй і здольны самастойна яе шукаць, ім складаней маніпуляваць і прымусіць верыць у прыдуманы медыявобраз рэчаіснасці».
Чытайце таксама


