Журналіста Ігара Карнея асудзілі на тры гады калоніі, яго абвінавачвалі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні», паведамляе Беларуская асацыяцыя журналістаў (БАЖ).
Ігара Карнея абвінавачвалі ва «ўдзеле ў экстрэмісцкім фармаванні» па ч. 3 арт. 361−1 КК Беларусі. Яго судзілі за супрацоўніцтва з Беларускай асацыяцыяй журналістаў.
Паводле версіі абвінавачання, «па матывах ідэалагічнай і палітычнай варожасці» Карней пісаў «негатыўныя матэрыялы з абразамі кіраўніка дзяржавы, прадстаўнікоў улады, журналістаў і грамадзян, якія не падтрымліваюць неканстытуцыйную змену ўлады». Акрамя таго, у сваіх артыкулах ён даваў «ілжывую карціну наконт эканамічнага, сацыяльнага, вайсковага і міжнароднага становішча Рэспублікі Беларусь. Рабілася гэта свядома, каб павысіць узровень напружанасці ў грамадстве, стварыць непрыязнасць да дзяржаўных органаў».
У Мінскім гарадскім судзе журналіста асудзілі на тры гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму і прызначылі штраф — 20 тысяч рублёў.
Ігара Карнея затрымалі 17 ліпеня 2023 года. Яму далі 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але на волю ён так і не выйшаў.
Яго прызналі палітвязнем.