Чарга легкавікоў на выезд з Беларусі ў Польшчу дасягае 500−600 аўтамабіляў. Але многія з тых, хто ў ёй стаіць, не збіраюцца выязджаць з Беларусі. Яны проста трымаюць месцы і прадаюць іх. У выніку некаторыя праходзяць мяжу хутка, а іншыя стаяць суткі. У чарзе такіх прадаўцоў грэбліва называюць «толікамі». Пра таксы на хуткае праходжанне мяжы ў TikTok расказала карыстальніца пад нікам Gridya. Яна дальнабойшчыца, але апісала схему продажу чаргі для легкавых машын, піша MOST.
— Іх [прадаўцоў] там вельмі шмат — працэнтаў 50 ад усёй чаргі. Калі мы прыехалі, у чарзе да зоны чакання было 500 машын, машын 250−300 — гэта гэтыя «толікі», якія стаяць нібыта ў чарзе, — кажа блогерка.
«Цана пытання — 100−400 еўра»
Прадаўцы працуюць групамі. Яны прыязджаюць адразу на некалькіх машынах, становячыся адзін за адным. Калі іх машыны набліжаюцца да зоны чакання, некаторыя з іх застаюцца трымаць чаргу, а іншыя выпраўляюцца ў канец — на пошукі кліентаў.
— Падыходзяць да замежных нумароў — [да тых], хто на нямецкіх, на французскіх, на польскіх або [рэгіёна] сямёрка (Мінск. — Заўв. MOST). І прапануюць купіць месцы за 50 метраў да зоны чакання. Цана пытання — 100−400 еўра. Я вам скажу, цэннік проста ашаламляе, — расказала жанчына. Яна вырашыла зняць аднаго з «толікаў» на відэа, але той пачаў ёй пагражаць.
Калі прадаўцы чэргі знаходзяць кліентаў, тыя пад’язджаюць да месца «разрыву» — і машыны прадаўцоў рассоўваюцца, ствараючы месца для пакупніка, каб «тыя, хто стаіць ззаду ці наперадзе, не абураліся — не проста ж перад іх носам сталі».
Як змагацца з прадаўцамі месцаў
У чарзе да зоны чакання аўтамабіль жанчыны ў выніку прастаяў суткі, некалькі гадзін пайшло на зону чакання і яшчэ тры-чатыры гадзіны заняло праходжанне мяжы.
З прадаўцамі чаргі на мяжы ідзе актыўная барацьба. Жанчына раіць запісваць нумары 10 машын спераду і ззаду свайго аўтамабіля і кантраляваць тых, хто спрабуе ўклініцца без чаргі, а таксама здымаць прадаўцоў на камеру. Стыхійны бізнес па продажы месцаў працуе нелегальна, таму яго ўдзельнікі спрабуюць пазбегнуць агалоскі.
@gridya_2804 Прохождение границы стало для нас квестом, так как до этого мы отстояли полторы суток на границе РБ-Литва. Понимая, что не успеваем пройти её до запрета, который ввела Литва до 16 числа 00.00, мы рванули на Польскую границу. #парныйэкипаж #track #truckdriver #дальнобойщица #дальнобой #работанафуре #девушканафуре #семейныйэкипаж #CapCut ♬ оригинальный звук — Gridya
У каментарах з жанчынай згаджаюцца:
— Мы ехалі на бельгійскіх нумарах. Спачатку цэннік быў 170 еўра, раніцай ужо 250! І нумары перапісвалі, і ДАІ выклікалі… нічога!!! Працавалі чатыры машыны.
«Група з выразнай іерархіяй»
У памежных чатах таксама часта абмяркоўваюць праблемы продажу чаргі.
— Працэс гандлю месцамі забяспечваецца ўстойлівай арганізаванай групай асобаў з загадзя размеркаванымі абавязкамі, якая функцыянуе працяглы час, і выразнай іерархіяй. Адны ўдзельнікі, як дропы, стаяць, грэюць чаргу, іншыя суўдзельнікі шукаюць асобаў, схільных заплаціць за скарачэнне часу стаяння ў чарзе, асобна яны, відаць, прапануюць свае паслугі праз інтэрнэт, — напісаў адзін з карыстальнікаў тэлеграм-чата «ГраницаBY Беларусь-ЕС».
У асноўным турысты спрабуюць супрацьстаяць прадаўцам самастойна:
— Метады рашэння — кожныя 30−50 метраў мусіць стаяць 2−3 чалавекі і кантраляваць тое, што адбываецца — рабіць відэа, актыўна падключаць ДАІ, — тлумачыць іншы ўдзельнік чата.
Чытайце таксама