Паводле ацэнак украінскай разведкі, у Беларусі сёння знаходзіцца каля шасці тысяч расійскіх вайскоўцаў. Пра гэта заявіў прадстаўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны Вадзім Скібіцкі.
— Сёння на тэрыторыі Беларусі сухапутны кампанент складае 5800 вайскоўцаў. Другая механізаваная дывізія цяпер перамясцілася на тэрыторыю Расіі, у тым ліку зайшла ўжо на тэрыторыю Украіны. Гэта Луганская вобласць. Цяпер туды (у Беларусь. — Заўв. заходзяць падраздзяленні шостай дывізіі, падраздзяленні тэрытарыяльных войскаў для падрыхтоўкі. Гэта зусім іншы кантынгент у параўнанні з тым, што быў у пачатку агрэсіі. Там няма магутнага авіяцыйнага кампанента, нягледзячы на навучанне, там няма магутнага ракетнага кампанента, там няма паветрана-дэсантных войскаў, — адзначыў Вадзім Скібіцкі.
Паводле прадстаўніка ваеннай разведкі, сёння на тэрыторыі Беларусі ёсць адзін дывізіён «Іскандэр», зенітна-ракетныя сістэмы С-300, С-400 і тры самалёты МіГ-31.
Нагадаем, у снежні Памежная служба Украіны ацэньвала расійскую групоўку ў Беларусі ў «крыху больш за 10 тысяч чалавек», адзначаючы, што гэтай колькасці недастаткова для паўторнага ўварвання ва Украіну з Беларусі.
У Мінабароны Беларусі ў кастрычніку паведамлялі, што ў межах разгортвання сумеснай групоўкі войскаў у краіну прыбудзе каля 9 тысяч расійскіх вайскоўцаў. Паводле звестак Генштаба УСУ, гэта падраздзяленні 1-й танкавай арміі, перш за ўсё 2-й мотастралковай дывізіі, разам з тэхнікай і толькі што мабілізаванымі.