Ахвярамі нападаў баевікоў у Дагестане сталі больш чым 15 супрацоўнікаў праваахоўных органаў і некалькі цывільных, паведаміў кіраўнік расійскага рэгіёна Сяргей Мелікаў. Паводле яго, ліквідаваныя шэсць баевікоў.
«Больш чым 15 супрацоўнікаў паліцыі сталі ахвярамі сённяшняга тэракту, са зброяй у руках абараняючы мір і спакой Дагестана. Яшчэ некалькі чалавек з ліку цывільных людзей таксама загінулі падчас баявых сутыкненняў… Сярод іх — айцец Мікалай, святар, які больш за 40 гадоў служыў у праваслаўным храме ў Дэрбенце», — паведаміў Мелікаў.
Хоць актыўная фаза аператыўна-баявых мерапрыемстваў завершаная, будуць праводзіцца аператыўна-вышуковыя і следчыя мерапрыемствы «да выяўлення ўсіх удзельнікаў гэтых прыхаваных ячэек, якія, безумоўна, падрыхтоўваліся ў тым ліку з-за мяжы».
У Дагестане з 24 да 26 чэрвеня ў сувязі з нападамі баевікоў у Дэрбенце і Махачкале абвешчаная жалоба.
Нагадаем, увечары 23 чэрвеня адбыўся напад на сінагогу і царкву ў Дэрбенце, на царкву, сінагогу і пост ДПС у Махачкале, а таксама на аўтамабіль у цэнтры вёскі Сергакалы. Трое з забітых баевікоў — сыны і пляменнік кіраўніка Сергакалінскага раёна Дагестана. Чыноўнік затрыманы, яго таксама аператыўна выключылі з «Адзінай Расіі» за «дзеянні, якія дыскрэдытуць партыю». Распачатая крымінальная справа пра тэракт.