У сеціве з’явілася відэа моманту выбуху, у выніку якога загінулі начальнік войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны Узброеных сіл РФ генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў і яго памочнік. Крыніцы Бі-бі-сі ва ўкраінскай Службе бяспекі заявілі, што падрыў быў яе спецаперацыяй.
На кадрах, знятых з прыпаркаванай непадалёк машыны, відаць, як з пад’езда жылога дома выходзяць двое, і ў гэты момант гучыць выбух.
Крыніцы ўкраінскай службы Бі-бі-сі ў СБУ паведамілі, што падрыў быў іх спецаперацыяй. У сілавым ведамстве заявілі, што Кірылаў быў «ваенным злачынцам і абсалютна законнай мэтай» пасля загаду пра выкарыстанне «забароненай хімічнай зброі супраць украінскіх вайскоўцаў».
Нагадаем, выбух у Маскве прагрымеў сёння, 17 снежня, а 6-й раніцы. Выбухоўка была закладзеная ў самакат, што стаяў ля пад’езда. У выніку спрацоўвання самаробнай выбуховай прылады загінулі генерал-лейтэнант Ігар Кірылаў і яго памочнік Ілля Палікарпаў.
У Следчым камітэце Расіі заявілі пра завядзенне крымінальнай справы адразу па некалькіх артыкулах КК РФ, у тым ліку па артыкуле «Тэрарыстычны акт».
Следчыя працуюць на месцы гібелі генерала Кірылава. Відэа: СК РФХто такі Кірылаў
Ігару Кірылаву было 54 гады — ён нарадзіўся 13 ліпеня 1970 г. у Кастраме. Скончыў Кастрамское вышэйшае вайсковае каманднае вучылішча хімічнай абароны, Вайсковую акадэмію радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай (РХБ) абароны.
На пасаду начальніка войскаў радыяцыйнай, хімічнай і біялагічнай абароны УС РФ Кірылаў быў прызначаны ў красавіку 2017 года. З пачаткам поўнамаштабнай вайны ва Украіне генерал выступаў на брыфінгах Мінабароны, абвінавачваючы Украіну ў распрацоўцы біялагічнай зброі.
Кірылаў, у прыватнасці, заяўляў, што ва ўкраінскіх біялабараторыях вывучаліся магчымасці пераносу асабліва небяспечных інфекцый праз птушак і кажаноў.
У чэрвені 2024 г. Кірылаў паведаміў, што ва Украіну ўвозяць адпрацаванае ядзернае паліва і адходы небяспечных хімічных вытворчасцяў для магчымага стварэння «бруднай бомбы».
Напярэдадні гібелі генерала Служба бяспекі Украіны паведаміла, што Кірылаву выстаўленае падазрэнне ў выкарыстанні супраць УСУ хімічнай зброі «на ўсходнім і паўднёвым франтах Украіны».
«На загад Кірылава з пачатку поўнамаштабнай вайны зафіксавалі больш за 4,8 тысячы выпадкаў выкарыстання ворагам хімічных боепрыпасаў. У прыватнасці, гаворка ідзе пра баявыя гранаты „К-1“, аснашчаныя атрутнымі рэчывамі раздражняльнага дзеяння — CS і CN. Іх выкарыстанне забароненае Канвенцыяй пра забарону распрацоўкі, вытворчасці, выкарыстання хімічнай зброі і яе знішчэнне ад 13.01.1993. СБУ ідэнтыфікавала на полі бою і перадала працэсуальным спосабам у Міжнародную арганізацыю па забароне хімічнай зброі расійскія гранаты з атрутнымі рэчывамі і адпаведныя ўзоры глебы. Дзве лабараторыі гэтай установы, якія дзейнічаюць асобна адна ад адной, пацвердзілі адпаведныя ваенныя злачынствы Расіі. На падставе сабраных доказаў следчыя Службы бяспекі паведамілі Кірылаву пра падазрэнне па ч. 2 арт. 28, ч.1 арт. 438 Крымінальнага кодэкса Украіны (Ваеннае злачынства, здзейсненае па папярэдняй змове групай асобаў)», — гаворыцца ў паведамленні СБУ.
Падчас выбуху ў Маскве разам з генералам Ігарам Кірылавым загінуў яго памочнік Ілля Палікарпаў. Як піша расійскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва ТАСС, Палікарпаў «займаўся гуманітарнай дзейнасцю» — перадаваў расійскім часткам, якія ваююць ва Украіне, «сродкі і абсталяванне для бяспечнай дзейнасці ва ўмовах баявой абстаноўкі».